Дзеля канцэрта Open Space фанатка гурта развіталася з кавалерам

120323 Ma6a Open.mp3

“Прывітанне, мы гурт Open Space! – вітае публіку лідар каманды Віталь Маціеўскі. - Як ваш настрой? Я канкрэтна сёння адчуў вясну, а вы? На маю думку, класнае надвор’е і наперадзе ўсё самае лепшае, я проста ўпэўнены. Будзем граць для вас спачатку пабольш новых песень, а пасля ўжо вернемся да добрага і падзабытага старога, дамовіліся?” 

Моладзь, якая прыйшла на прэзентацыю новага альбома "Pressure" гурта Open Space удзячна загула ў адказ. Распачалі свой выступ музыкі кампазіцыяй "Bookseller" – менавіта на яе гурт робіць асноўную стаўку ў новым альбоме і "прарочыць" ёй будучыню нашумелай у свой час "Beautiful". Гэты свой "козыр", дарэчы, Open Space вырашылі не адкладваць на потым і заспявалі "Beautiful" у самым пачатку. Тут жа па танцпляцы папаўзла пагалоска – “О, я бачыла кліп на гэту песню па МузТВ!” і настрой сярод дзяўчат у зале адразу палепшыўся.

 

Каця Пытлева

Паглядзець, што новага зрабіў гурт, дарэчы, прыйшло даволі шмат людзей. Па танцпляцы клуба "Re:public" было не праціснуцца. Разагрэтыя DJ-сэтам Каці Пытлевай і ў чаканні будучага “слэму”, гледачы завяліся літаральна з першых акордаў і зладзілі сапраўднае “мясілава” пад сцэнай.

“Асцярожна, хлопчыкі, вельмі вас прашу - папярэджвае Віталік Маціеўскі, абвяшчаючы кампазіцыю “Black Heart Queen”-  не задавіце кволых дзяўчат на пляцоўцы. Бо вы гэтым слэмам і моўшнам можаце каго-небудзь і прыдушыць”.

Падчас канцэрта Віталь Маціеўскі распавёў гледачам пра новую  “місію” Open Space – праект Y-peer. Не так даўно хлопцы сталі супрацоўнічаць з ААН і запісалі для праекта адмысловы гімн – песню “Do you remember”. Дарэчы, менавіта гэтую песню гурт вырашыў перакласці і на рускую, і на беларускую мовы, але на прэзентацыі музыкі ўсё ж выканалі “стандартны” ангельскі варыянт. Як патлумачыў Віталь Маціеўскі, на такі крок музыкі пайшлі дзеля сваіх прыхільнікаў, якія былі з гуртом на працягу 6 гадоў і прывыклі для "класічнага" гучання Open Space.

 

Віталь Маціеўскі: “У тэорыі, я думаю, можна было б спець тую ж “Do you remember”  на рускай мове, але ў апошні момант мы ўсё ж вырашылі застацца традыцыйнымі Open Space. А ўжо пасля, у нейкіх навінах ці на радыё даваць пра сябе ведаць, што мы можам і спяваць ужо інакш, а не толькі па-англійску. Сёння мы правялі выразную  мяжу  - Open Space, які быў усе гэтыя 6 гадоў. А тое, што будзе далей, гэта ўжо новая прыступка”.

Праграму ўласных песень Open Space  час ад часу невядома навошта разбаўлялі “каверамі” на вядомыя хіты. Пасля якіх ішоў імправізаваны акустычны блок. За тыдзень да прэзентацыі "Pressure" з’явіўся ў інтэрнэце, і гэта зрабіла сваю справу – шмат людзей у зале спявалі новыя песні разам з гуртом. Цяжкавасценькая “Pressure” зайшла на ўра, а пад "Wake Up" на сцэну ўзнялася дзяўчына-стэйдждайвінша. Бачылі б вы здзіўленыя і шчаслівыя вочы Віталіка Маціеўскага ў той момант, калі "паскакаўшы" крыху ў залу, яна кінулася абдымацца з музыкамі і танчыць на сцэне.

 

Кветкі ад самай шчырай прыхільніцы Open Space - мамы Віталіка Маціеўскага

Кампазіцыяй "Wake Up" Open Space і збіраліся скончыць імпрэзу, але разгарачаныя гледачы не думалі сыходзіць і  яшчэ двойчы выклікалі гурт на біс. Як высветлілася пасля, некаторыя з найбольш настырных "фанатаў" і не тое каб вельмі хацелі паслухаць яшчэ песень Open Space – іх проста "недакачала":

“Альбом, у прынцыпе, нармальны, але – на аматара, – кажуць хлопцы. – Але ён “некачовы”. Гэта проста музыка для таго, каб разняволіцца, а не так, каб валіць жорстка. Гэдакі лёгенькі поп-рок!”


 

Самі Open Space засталіся відавочна задаволеныя выступам:

“Так, у любым выпадку было горача. - дзеліцца ўражаннямі Віталь Маціеўскі. - Публіка вельмі добра ўспрыняла. Асабліва мяне радуюць дзяўчаты, якія стаяць блізка да сцэны са сваімі “прамяністымі” усмешкамі. Яны мне заўжды даюць зарад бадзёрасці і жадання выступаць і выступаць. Я заўжды шчаслівы!”


Адной такой “шчаслівыцы” Маргарыце Віталік нечакана прысвяціў песню "Yeah- Yeah- Yeah". Пасля канцэрту узрушаная дзяўчына распавяла Еўрарадыё, што дзеля канцэрта Open Space нават кінула свайго кавалера! Як бачым – не дарма!

“Я калісьці па МУЗ ТВ убачыла кліп на песню “Beautiful” і “Travel Song”,  і пачала фанацець, бо мне вельмі спадабалася. На канцэрце першы раз, вельмі крута, хлопцы насамрэч “запальваюць” публіку. Я нават свайму хлопцу адмовіла, каб пайсці на гэты канцэрт!”  



Прэзентацыя новага альбома "Pressure" ад Open Space ладзілася ў межах праекту “СТАрт”, які з 16 лютага штотыдзень ладзіць канцэрты маладых беларускіх гуртоў. Наступнае мерапрыемства праекта “СТАрт” адбудзецца 12 красавіка ў °Re:public°, дзе прэзентуюць свае свяжайшыя альбомы гурты Clover Club і Sang Sattawood.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі