Егіпецкі ўрад падаў у адстаўку, пратэсты працягваюцца
Толькі ў адным Каіры за 3 дні паранена больш за 1700 чалавек і 33 забітых. Пратэстоўцы баяцца, што ім зноў адключаць інтэрнэт.
Урад Егіпта на чале з прэм'ер-міністрам Эсамам Шарафам 21 лістапада падаў у адстаўку. Пра гэта паведамляе Associated Press.
Але вынік разгледжання прашэння аб адстаўцы, якая мае быць зацверджаная Вярхоўнай радай узброеных сіл Егіпта, пакуль незразумелы. Тэлеканал "Аль-Джазіра" са спасылкай на газету "Аль-Шарук" перадае інфармацыю пра тое, што ваенныя прынялі адстаўку ураду. Але Agence France-Presse прыводзіць дадзеныя дзяржаўнага тэлебачання пра тое, што адстаўка была адхіленая. Афіцыйных паведамленняў пакуль няма.
У Каіры і іншых буйных гарадах працягваюцца шматтысячныя пратэсты. Пратэстоўцы выказваюць незадаволенасць ваенным кіраўніцтвам краіны на чале з Хусэйнам Тантаві, якое, па іх меркаванні, спрабуе затармазіць перадачу ўлады грамадзянскім інстытутам з мэтай застацца ва ўладзе
Як адзначае AFP, прэм'ер-міністр часовага ўраду Эсам Шараф, які заняў сваю пасаду ў сакавіку 2011, першпачаткова карыстаўся падтрымкай большасці насельніцтва, аднак потым апынуўся пад хваляй крытыкі егіпцян з-за сваёй слабасцю перад ваенным кіраўніцтвам краіны.
Зараз людзі збіраюць грошы для дапамогі пацярпелым, дактары з розных краін прысутнічаюць на плошчы як валанцёры і дапамагаюць пацярпелым.
"Гэта не новая рэвалюцыя," - кажуць у фэйсбуку і твітэры, - "Гэта няскончаная студзеньская! І на гэты раз мы не збіраемся сыходзіць!". Падчас пратэстаў у выходныя пацярпелі і журналісты, у тым ліку - журналісты CNN. Пратэстоўцы баяцца чарговага адключэння краіны ад інтэрнэту, як гэта было ўзімку, і распаўсюджваюць паведамленне: "НАПІШЫЦЕ НА ПАПЕРЦЫ: нумар дыял-апа 00494923197844321 User: Telecomix, Password: Telecomix ||| На выпадак блакіроўкі Егіпта."
На бліжэйшы панядзелак, 28 лістапада, у Егіпце прызначаны першы этап усенародных выбараў у парламент, які мусіць запусціць працэс фармавання новых грамадзянскіх інстытутаў улады. Нягледзячы на складаную абстаноўку ў краіне, улады пераконваюць, што выбары адбудуцца.
Паводле: CNN, Al-Jazeera
Фота: AP, Reuters, AFP