Экскурсія НЕ для дзяцей да 18!

Галоўная выставачная зала галерэі "Ў" з 26 траўня па 19 чэрвеня аддадзена пад "дарослую" экспазіцыю Міхаіла Гуліна – дзецям да 18 прапануецца ўстрымацца ад наведвання, ці ісці туды толькі з дарослымі пад іх адказнасць.

Што ж там? Дарослае Еўрарадыё заходзіць і глядзіць: зала падзеленая на дзве часткі. У першай – сэксуальны мінімалізм, кружочкі быццам грудзі, трохкутнікі быццам чэлесы, у другой – дзіцячая дэманалогія, бэмбі, якіх пасылае на тры літары беласнежка, надпісы “Герміёна – шлюха!” і спужаныя вочы мульцяшнага сабачкі, у вачах якога адлюстроўваецца Брытні Спірс ў працэсе мінету.

Што ўсё гэта значыць? Еўрарадыё папрасіла самога мастака правесці для слухачоў невялічкую экскурсію. Пачынаем з “мінімалістычнай” залы.

Міхаіл Гулін: “Бяруцца працы мастакоў-мінімалістаў, супрэматыстаў, канструктывістаў – такія працы, да якіх у найменшай ступені стасуецца слова “сэксуальны”. Я мяняю назву і гляджу, якая будзе рэакцыя маіх гледачоў?"

Назвы Гулін узяў з порна-сайтаў, там імёны порна-зорак, напрыклад – Саша Грэй, Наталі Форэст, з якімі робяць “двайныя” ці “трайныя” рэчы. Назвы не падпісаныя пад карцінамі, яны асобна надрукаваныя на лісце-схеме, таму пры беглым праглядзе і не зразумееш, што да чаго. Вось, напрыклад, першыя тры працы – гэта кругі, у якія “укліньваюцца” трохкутнікі.

Міхаіл Гулін: "На порна-сайце я пабачыў як адзін белы мужчына і адзін чорны мужчына трахаюць адну белую жанчыну. Вось гэта, напэўна, пра гэта. Гэта нейкая лесбіянка нешта робіць з іншай лесбіянкай. Есць такая кампазіцыя ў Лісіцкага “Клінам чырвоным бей белых”. Гэта па ёй зроблена".

Чацвёртая праца – чорны трохкутнік вяршыняй уніз з чырвонай палоскай пасярэдзіне, называецца “Hairy Pussy” (“Валасатая Похва").

Міхаіл Гулін: "Ёсць такая кампазіцыя ў Барнэта Ньюмана, дакладна такі ж трохкутнік, толькі вяршыняй напраўлены ўверх".

Далей выстава вядзе ў залу з дзіцячай дэманалогіяй.

Бачым працу пад назвай “Пасланне”. Там прыгожая Беласнежка пасылае на тры літары маленькіх аленят “Бэмбі”.

Міхаіл Гулін: “А гэта маё пасланне ўсім аленянятам Бэмбі – пайшлі вы на... адсюль. Гэта пра тое, што ёсць у гэтым свеце нейкія быццам бы наіўныя істоты... Ай, не трэба тут расшыфроўваць нічога, “Пасланне” настолькі моцнае, што любой аленянё сваліць у 2 секунды”.

Наступная карціна называецца “І смех і грэх”. На ёй – Адам і Ева ля дрэва пазнання ў кампаніі ўсіх мульцяшных герояў.

Міхаіл Гулін: “Гэта адна з самых складаных прац на гэтай выставе, глыбокіх, філасофскіх. Тут прысутнічае яшчэ і рэлігія. Мяне заўсёды турбуе пытанне – у чым духоўны складнік мастацтва? Хлопцы, якія пішуць іконы, кажуць, што кананічныя вобразы – гэта сканцэтраванне духоўнага. Мы бярэм гэты кананічны вобраз і змяшчаем яго ў бездухоўную прастору. І што мы бачым? Вобраз робіцца такім жа бездухоўным”.


Наступная карціна – пра тую Брытні Спірс, што мы казалі ў пачатку. 

Гэта ўвогуле пра беларусаў. У нашых вачах адлюстроўваюцца сусветныя працэсы, на якія мы не маем ніякага ўплыву.

Міхаіл Гулін: “Гэта ўвогуле пра беларусаў. У нашых вачах адлюстроўваюцца сусветныя працэсы, на якія мы не маем ніякага ўплыву. Вось быў сучасны міравы крызіс, і што, нас нехта пытаў пра гэты крызіс? Ніхто не пытаў. Мы на доларах завязаныя, ну і ўсё, дапабачэння.”

Далей мы зноў вяртаемся ў мінімалістычную залу – на слупе напісаныя словы “Мастацтва” побач са словам “Анал”.

Міхаіл Гулін: “Тут тэгі з арт-сайтаў і порна-сайтаў. Гэта пра прадажнаць мастацтва. Пра піяр. Пра тое, што мастацтва стала такой жа індустрыяй забавы, і нічога святога і духоўнага ў ім не засталося”.

Ну і канец выставы – 2 карціны з называй “Слова іншамоўнага паходжання”,  на якіх, калі прыглядзецца, можна прачытаць слова з трох літар.

Міхаіл Гулін: “Гэта выканана ў тэхніцы Дэмьяна Хёрста, такія прыгожыя кружочкі... Ну гэта “Х..”, слова іншамоўнага паходжання – у беларусаў жа ніколі не было мата. Але слова прыжылося. Тое самае адбываецца і з артам, актуальным мастацтвам – гэта такое ж “слова іншамоўнага паходжання” для нашых людзей, незразумелае, якое грамадства ўспрымае насцярожана”.

Вось і канец экскурсіі, а для тых, хто расчараваўся, бо думаў пабачыць на выставе нешта больш радыкальнае, чэлесы на ўсю залю – мастак адказаў:

Яшчэ раз падкрэсліваю, што выстава гэтая не пра сэкс! А пра сэкс з нашымі мазгамі.

Міхаіл Гулін: "Калі расчараваныя  – што зрабіць! Але для “расчараваных” ёсць хаця б эстэтычны складнік – тут усё неверагодна прыгожае! Але яшчэ раз падкрэсліваю, што выстава гэтая не пра сэкс! А пра сэкс з нашымі мазгамі, які штодзённа пачынаецца з першай ранішняй тэлевезійнай перадачай і сканчваецца з апошняй. Вось пра гэта выстава!”

Фота: Таня Грыневіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі