Эпідэмія Beatles у Беларусі пачалася!
Падчас прэ-паці летняга фестывалю адбылося знаёмства з яго замежнымі ўдзельнікамі. На The Beatles Szabli хіты ліверпульскай чацвёркі выканаюць на баянах!
А наступны канцэрт з каверамі на песні "бітлоў" адбудзецца ўжо менш чым праз два тыдні! “Слухай, ты ж напэўна ведаеш, а што ў нас за вірус Beatles у краіне пачаўся?” — з усмешкай пытаюцца адзін у аднаго музыкі за кулісамі “Бітлз-фэста” ў Re:Public.
Я не ведаю, што адказаць. Але падобна на тое.
17 лютага “Бітлз-фэстам” распачынаецца падрыхтоўка да вялікага летняга фестывалю, які 1 чэрвеня пройдзе на хутары “Шаблі”. Пакуль збіраецца народ, Каця Пытлева aka dj Ezhaka “круціць” рок-н-ролы. Час ад часу яна хуліганіць, але The Doors аматары "бітлоў" сустракаюць цёпла.
“Калі што, трэба будзе патлумачыць, што мы граем джаз, — непакоіцца перад выхадам да маладой публікі саксафаніст Косця Валковіч. — Яны ж напэўна чакаюць танцаў, а мы будзем нудзець”.
Асабліва цёпла публіка сустракае хіты "бітлоў" у выкананні Ірыны Васкрэсавай, запрошанай вакалісткі джаз-бэнда Канстанціна Валковіча. Але, сапраўды, танчыць пад джазавыя аранжыроўкі складана…
Кульмінацыяй вечара робіцца выступ The Apples. Гурт, які ўпершыню загучаў менавіта каверам на The Beatles, зараз рыхтуе дэбютны альбом. Але ўласныя песні на публіку пакуль не выконваюць.
Паміж выступамі на экран выводзяць невялічкія сюжэты пра замежных гасцей летняга оўпэн-эйра ў Шаблях:
“Асноўным крытэрам адбора музыкаў з’яўляецца аўтарскае бачанне музыкі The Beatles, — распавядае pr-менеджар фэста Ірына Антонава. — Цяпер усё больш з’яўляецца розных кавераў на "бітлоў", розных версій, апрацовак, гучання… А мы жадаем выбраць і паказаць беларускай публіцы самае лепшае”.
1 чэрвеня ў Беларусі выступяць The Beatelles — ліверпульская дзявочая чацвёрка, удзельнікі буйнога бітлз-фэста International Beatles Week. Нарвежцы Det Betales спрабуюць нават апранацца ў вопратку часоў The Beatles, а расійскія Puttin' On The Beatles Style увогуле выконваюць песні "бітлоў"… на баянах!
Беларускія ўдзельнікі The Beatles Szabli — The Road Dogs — рыхтуюць блюзавую праграму на песні “Бітлз”. Варожаць над хітамі "бітлоў" The Toobes. Праўда, на канцэрце ў Re:Public The Road Dogs трошкі халявяць, і сусветнавядомыя песні перамяжоўваюць уласнай творчасцю. Але гэта не перашкаджае наведвальнікам адрывацца напоўніцу ды выклікаць дагэтуль незнаёмых музыкаў на біс.
З музычным начыннем летняга фэсту ўсё зразумела. Праўда, арганізатары сцвярджаюць, што спіс беларускіх гуртоў будзе пашырацца і здзіўляць. Да таго ж, па апошняй модзе оўпэн-эйраў, зараз плануюцца і немузычныя забавы для прыхільнікаў The Beatles. Напрыклад, было вырашана скарыстаць тое, што фестываль прыпадае на Міжнародны дзень дзяцей.
“Мы вырашылі зрабіць адмысловую дзіцячую пляцоўку, — распавядае яе арганізатар, настаўнік Андрэй. — Там будуць не толькі актыўныя гульні, але і гульні на папулярызацыю беларускай гісторыі, музыкі ды традыцый. Плануецца горад майстроў, дзе дзеці самі паспрабуюць зрабіць печыва, зляпіць гаршчок ці выкаваць цвік, ну і атрымаць нешта за гэта”.
Квіткі на фэст 1-га чэрвеня хутка з’явяцца ў продажы, за інфармацыяй сачыце на нашым сайце ды на сайце мерапрыемства The Beatles Szabli.