Паліна Рэспубліка заспявала з Hasta la Fillsta

Пераможца апошняй “Бардаўскай восені” і “Адкрыццё 2011 года” паводле музычнага парталу “Тузін Гітоў” сямнаццацігадовая спявачка Паліна Рэспубліка заняла пустуючае месца вакалісткі альтэрнатыўнай каманды Hasta la Fillsta.

 

“Я ўбачыў яе на “Бардаўскай восені”, і Паліна мне спадабалася – падалася шчырай, - тлумачыць з’яўленне Паліны ў гурце гітарыст Сяргей Канановіч. - Нечым яна мяне зачапіла і я думаў пра гэта. А потым распавёў хлопцам, што ёсць дзяўчынка, якая і нам можа дапамагчы, і мы ёй можам дапамагчы – зрабіць нешта разам, і яно будзе глабальным, істотным, патрэбным не толькі нам, але і слухачам”.

Праўда, падкрэслівае Канановіч, сумесны матэрыял музыкі збіраюцца падаваць пад маркай выключна “Паліна Рэспубліка і Hasta la Fillsta”, каб захаваць індывідуальнасць усіх творчых адзінак.

Сяргей Канановіч: “Мы – калектыў, які сфарміраваўся. І Паліна, мяркую, дадасць нам таго, чаго нам не хапала ўсе гэтыя гады. А нам не хапала таленавітай вакалісткі, якая піша таленавітыя тэксты, якая ўмее спяваць. Спадзяюся, яшчэ і на гітары будзе граць. Ну, гэта мы навучым”.

Сама Паліна, якая ні раз распавядала ў інтэрв’ю пра сваё жаданне абзавесціся гуртом, знаходзіцца пад уражаннем ад усёй сур’ёзнасці сітуацыі.

Паліна Рэспубліка: “Яны мяне знайшлі, і я была вельмі шчаслівая. Мне вельмі падабаецца, што тут усё сур’ёзна. Таму што я разумею, што, мабыць, калі б я звязалася з людзьмі свайго ўзросту, напрыклад,  то гэта было б больш жартаў, нейкай гульні – думаю, што дысцыпліна б была іншай. А так, калі робім такую музыку, якая нараджае неверагодныя пачуцці – я, здаецца, ніколі такога не адчувала! Я спадзяюся, ўсё ж, што будзе гэтая сцэна, я выйду і гэта… гэта ўсё(смяецца)”.

Музычная канцэпцыя, якую прапануюць спявачцы музыкі Hasta la Fillsta, яе задавальняе. Праўда, прызнаецца Паліна, пакуль зроблена толькі адна песня, а якімі атрымаюцца астатнія – невядома.

Паліна Рэспубліка: З песнямі мне нават складана сказаць, у якім стылі я іх бачу. Таму што стыль, у якім мы робім гэтую песню, мне падабаецца. А іншыя – не ведаю, ці будуць яны гучаць. Дзесьці мне хацелася б і блюзу, дзесьці джазу, дзесьці, здаецца, хопіць і адной акустычнай гітары. Пакуль што адзіную канцэпцыю будучага альбома я размыта бачу”.

 

 

Тым не менш, музыкі Hasta la Fillsta ужо бачаць тую самую канцэпцыю пласцінкі, на запіс першай песні якой трапіла Еўрарадыё.

 “Мы ўжо зараз пішам альбом, - распавядае пра сумесныя планы бубнач Зміцер Харытановіч. - Гэтая песня будзе першай і мы яе прадставім як сінгл з нашага будучага альбома, які плануем зрабіць цягам вясны”.

palina.mp3 (кавалак сумеснай песні музыкаў)

Наколькі паспяховым атрымаецца сумесны альбом і ўвогуле творчасць Паліны Рэспублікі і Hasta la Fillsta, будзе залежыць і ад вартасці матэрыялу, і ад умення музыкаў слухаць адно аднаго, і ад сэрцаў, якія, паводле Паліны, мусяць біцца ў такт.

Паліна Рэспубліка: “Я толькі ўваходжу ў гэты свет. Для мяне заўсёды знайсці гурт – было найвялікшым спалучэннем і ўзаемадзейнасцю душ. Гэта ўсё нават складаней за каханне з-за таго, што трэба рабіць музыку, каб сэрца стукала ў адзін такт”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі