Афрыка [8]: Касмічны ландшафт Кейптаўна і Сталовая гара

Вялізнае плато на вышыні звыш 1000 метраў у некалькіх дзесятках метраў ад берага двух акіянаў — з самага пачатку нават не верыцца, што гэта тая ж знаёмая планета!


Сталовая гара — адна з самых папулярных турыстычных кропак, яна ж выяўленая на сцягу Кейптаўна. Падняцца можна пешкі ці пры дапамозе пад'ёмніка. Мы абралі другі варыянт, бо дарога пехатой займае амаль 2 гадзіны. Пры пад'ёме практычна адразу закладае вушы, як у самалёце: кабінкі рухаюцца вельмі хутка і дасягаюць вяршыні за лічаныя хвіліны.


А далей пачынаецца космас! Сіняе-сіняе неба зліваецца з акіянам, а ў ледзь заўважнай смузе ўнізе — гарадскія хмарачосы, малыя дамкі і беласнежны пляж, там знаходзіцца адзін з самых багатых раёнаў гораду. Праўда, у акіяне ніхто не купаецца: тэмпература вады ўсяго 5 градусаў, халодная плынь. Наверсе на гары — запаведнік, там жывуць дзіўныя жывёлкі і растуць незнаёмыя расліны. Паветра — пранізліва халоднае, але зверху паліць сонца і дзьме цёплы вецер ад вады, таму атрымліваецца хвалюючы мікс тэмператур у адным і тым жа месцы. Бадай, неба і паветра — самае лепшае, па што варта ехаць у Кейптаўн і падымацца на Сталовую гару.


Побач са Сталовай знаходзяцца яшчэ дзве гары: Пік Д'ябла злева і Галава Льва справа. Парк даўжынёй у 3 кіламетры, унізе, побач з цэнтрам горада, від на Сталовую затоку. Часта гара знаходзіцца ў воблаку, тады парк зачыняецца для турыстаў, бо нічога не бачна. Абарыгены называлі гэтую гару Хоэрыквага, што значыць "Гара мора". Паводле археалагічных даследаванняў вельмі шмат гадоў таму Сталовая гара была выспай у акіяне!

Дарэчы, недалёка знаходзіцца выспа Робэн: менавіта там Нэльсан Мандэла правёў большую частку свайго зняволення — цэлых 27 гадоў! Нэльсан Мандэла назваў Сталовую гару "падарункам Зямлі".
З гары бачная паўвыспа, на якой знаходзіцца Мыс Добрай Надзеі, туды мы выправімся іншым разам.

фота: Chris von Ulmenstein

Цікава, што ў гонар менавіта гэтай Сталовай гары атрымала сваё імя сузор'е Паўднёвага Паўшар'я: яго так назваў французскі астраном Нікалас Дэ Ла Кайль падчас візіту ў Кейптаўн у сярэдзіне XVIII стагоддзя.

Працяг будзе...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі