Банкі выстаўляюць курс долара вышэй за 8000 рублёў
Курс долара на дадатковай валютнай сесіі склаў 8600 рублёў. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Нацбанка Тарас Надольны.
Курс еўра пры гэтым склаў 12 100 рублёў, расійскага рубля — 305 рублёў. Нагадаем, што сёння на Беларускай валютна-фондавай біржы адбылася дадатковая валютная сесія. Яна мусіла наблізіць афіцыйны валютны курс да "чорнага".
13.29. Карагін: Рэальны кошт долара –— 4000 рублёў!
Еўрарадыё распытала старшыню сталічнага саюза прадпрымальнікаў пра яго ўражанні ад дадатковай сесіі валютна-фондавай біржы.
Адзін з афіцыйных лідараў беларускіх прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін вынікам сённяшніх таргоў дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы здзіўлены не быў. Нягледзячы на тое, што ўсе камерцыйныя банкі пасля яе выставілі курс долара, большы за 8000 рублёў.
Карагін: “Маё меркаванне — добра, што сёння гэтыя таргі прайшлі, што мы ўжо маем кропку для ацэнкі рынкавага кошту долара ў Беларусі. Хаця, думаю, што гэта першая такая праца. Яна дае арыенціроўку. Перакананы, што рэальны курс значна ніжэйшы. Найбольшы кошт долару, пра што гавораць глыбокія нашы даследаванні, наўрад ці перавышае чатыры тысячы рублёў”.
На думку Уладзіміра Карагіна, праз паўтара-два месяца курс у абменніках з васьмі тысяч дасягне “рэальнага” ў чатыры тысячы. Ён лічыць, што для гэтага дастаткова рэгулярных і пастаянных таргоў.
Карагін: “Калі б таргі праводзіліся пастаянна, рэгулярна, свабодна — будзе выключаная спекулятыўная цікавасць да гэтага пытання, разнастайная непрагназавальнасць. Таму я думаю, што ўрад і Нацыянальны банк знаходзяцца на правільным шляху. Спадзяюся, што наступныя таргі паступова выраўняюць гэтае пытанне. Я ўспрымаю як факт, арыенціроўку”.
***
БелСвісБанк дае па пластыкавых картках на 14 верасня курс 5350 рублёў. Хутчэй за ўсё, кажуць у банку, курс зменіцца 15 верасня. Курс у абменніках склаў 8200 (купля) — 8700 рублёў (продаж).
***
12.57 Эканаміст: Курс будзе хістацца ад 8500 да 8700 рублёў
Віталь Ругайн, Еўрарадыё
А валюта, на думку эксперта, з'явіцца на пачатку наступнага тыдня.
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб кажа, што курс на біржы апынуўся блізкім да курсу на міжбанку і таго, які апошнімі днямі давалі некаторыя прыбалтыйскія банкі.
Паводле рэкамендацыяў Нацбанку, цяпер камерцыйныя банкі могуць выстаўляць курс згодна з вынікамі другой сесіі біржы. Прычым яны не абмежаваныя ранейшымі рамкамі ў 2%. Таму ў некаторых абменніках розніца паміж купляй і продажам дасягае 2000 рублёў, але з часам яна будзе змяншацца. А вось курс, на думку эксперта, хістацца будзе нязначна.
Іосуб: "Можна меркаваць, што хістанні будуць як уверх, так ўніз. Але хутчэй за ўсё нязначныя — магчыма, у межах 100 рублёў. Я лічу, што калі не сёння-заўтра, то хутчэй за ўсё ў пачатку наступнага тыдня валюта ў абменніках будзе. А можа, калі банкі зарыентуюцца хутчэй, то валюта з'явіцца на гэтым тыдні".
Цяпер банкі павінны купіць на біржы валюту для далейшага продажу ў абменніках, кажа эканаміст.
***
На сайтах банкаў ужо з'яўляюцца новыя курсы валют. На вядомым сайце абмену валют prokopovi.ch тым часам курс долара падскочыў да 10 тысяч рублёў.
Між тым, на асноўнай сесіі курс долара склаў 5 355 рублёў. Па такім курсе будуць купляць валюту на аплату паліва і сацыяльныя мэты.