Лепшую замежную выставу трэба спаліць. Ці адправіць у Венецыю
Галерэя “Ў” прывезла з “Арт-Вільні” свой пераможны праект. Паглядзеўшы выставу, адны беларусы захацелі яе спаліць, іншыя – адправіць на Біенале.
Праект, які прывезла галерэя “Ў” – сур’ёзны. Ён прысвечаны праблемам Беларусі. Называецца “Яна не можа сказаць НЕБА”.
“Гэта пра адсутнасць свабоды. Пра тое, што ты не можаш зрабіць нейкіх рэчаў, якія ты хочаш зрабіць, калі ты ў чымсьці абмежаваны”, – патлумачыла Еўрарадыё Валянціна Кісялёва, адна з куратараў праекту.
Два тыдні таму экспазіцыя трапіла на Міжнародны кірмаш “Арт-Вільня”, дзе стала “лепшай замежнай выставай”. Сёння яна ўжо ў родных сценах галерэі.
“Вельмі прыемна вярнуцца сюды! Столькі сяброў прыйшло нас павіншаваць!” – падзялілася ўражаннямі Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар “Ў”.
Сапраўды, на адкрыццё, якое прайшло вечарам 28 ліпеня, людзей прыйшло вельмі шмат: мастакі, музыкі, крытыкі, палітыкі. Усім было цікава, за што літоўцы з 26 замежных галерэй аддалі перамогу беларускай.
Яшчэ ў Літве меркаванні па гэтым пытанні палярызаваліся. Адны, як, напрыклад, дырэктар “Арт-Вільні” Дыяна Стаміене, сказалі, што перамога заслужаная і галерэя крутая:
“Я лічу, што беларуская галерэя перамагла, таму што яна працуе ў сучасным стылі, і вельмі добра падабраны працы, мастакі. Яна працуе як добрая заходняя галерэя”, – сказала Еўрарадыё спадарыня Дыяна.
Другія, у прыватнасці, мастак-правакатар з Казахстану Канат Ібрагімаў, сказалі, што галерэя “прагнулася” перад Еўрапейскімі куратарамі.
Канат Ібрагімаў: “Беларускай галерэі “прысудзілі” першую прэмію зразумела чаму. Таму што Лукашэнка – вораг нумар адзін у Еўропе. А беларускія мастакі, якія паказалі, што ўсё ў іх так кепска, х*ёва, што яны такія жапейныя, няшчасныя і так патрабуюць пераменаў, – яны выскулілі першую прэмію”.
А вось як ацанілі сур’ёзнае “заходняе” мастацтва свае, беларусы? Таксама кардынальна па-рознаму.
“Мы не разумеем, занадта канцэптуальна”, – паскардзіліся дзве дзяўчыны.
Перабольшванне з канцэптам адзначыў яшчэ адзін хлопец – Мікалай Старажук: “Я лічу, што ў гэтай выставе закладзена вельмі глыбокая канцэпцыя, але акрамя гэтай канцэпцыі ў яе больш нічога не закладзена. Гэта мяне не ўражвае”.
Дыджэй Вірт увогуле не знайшоў у выставе мастацтва: “Тое, што я бачыў – мастацтва там на 0,2%. Ну што там за мастацтва? Павесілі маленькія макавыя галоўкі на сцяну... У мяне такога барахла дома таксама хапае. Можа, і мне галерэю зрабіць сваю?”
А вось прадпрымальнік Андрэй Кабанаў за галерэю вельмі радаваўся: “Усё геніяльнае – проста! Ім месца на Венецыянскай Біенале!”
Наведвальнік галерэі Саша Сокал таксама быў натхнёны: “Важна, што яны, атрымаўшы першае месца ў Вільнюсе, усё прывезлі сюды, а не сталі рабіць з гэтага выключна “прадукт на Захад”. Выстава прыемная, там тое, што знаходзіш часткова і ў сабе – а менавіта пошук сябе”.
Самым крытычным меркаваннем з Еўрарадыё падзяліўся прамоўтар Саша Багданаў. “Я лічу, што галерэю “Ў” трэба ноччу паліць бензінам і спаліць. Пажадана, каб там знаходзіліся ўсе мастакі, каб яны пагарэлі з усімі сваімі малюнкамі, – лаяўся Папа Бо. – Усё адно! Усё мракабессе, мрачняга і чарнуха. Спрабуюць паказаць: “паглядзіце, у якім лайне мы жывем”. А мне здаецца, што на дадзеным этапе дэградацыі нашага грамадства мастацва мусіць лячыць раны, а не тыкаць, як коцікаў мордай у гаўно”.
“Ну не ведаю, японскі трэш паглядзіце. Вось там чарнуха, – не пагадзіўся з такім меркаваннем Саша, наш папярэдні суразмоўца. – Тут дастаткова прыстойная выстава, але калі людзям патрэбныя мішкі ці каляровыя фанцікі, магчыма, іх варта пашукаць у іншых месцах. А гэта – добрая выстава, што б там ні казалі”.
Але вы кажыце, кажыце. Лепшая замежная выства адкрытая для вас да 12 жніўня і чакае вашай крытыкі. Прынамсі, гэтага парпасіла арт-дырэктар Ганна Чыстасердава: “Я заўсёды падкрэсліваю, што крытыка – рухавік нашай працы”.