Літоўскія памежнікі працуюць у рэжыме "італьянскага страйку"

120621 Luka6uk Pograncy.mp3

Увечары напярэдадні страйку Еўрарадыё наведала адзін з памежных пераходаў на беларуска-літоўскай мяжы. Чарга для гэтага дня тыдня надзвычай вялікая.


Паводле слоў Аляксея, ён адмыслова абраў для паездкі ў Вільню 20 чэрвеня, бо ведаў пра страйк 21 чэрвеня.


Аляксей: “Я ведаў і папярэдзіў усіх сваіх знаёмых. У майго стрыечнага брата фірма ў Літве — ён займаецца грузаперавозкамі; і я папярэдзіў яго, сказаў, каб ён пераехаў мяжу раней ці дзень адпачыў. Сёння я паехаў, таму што гэта быў акурат 8 дзень ад маёй папярэдняй паездкі, але калі б гэты дзень выпаў на дзень страйку, то я б лепш нікуды не паехаў, пачакаў. Бо невядома, чаго чакаць — можа давядзецца цэлы дзень чакаць”.


І маральна падтрымлівае літоўцаў у іх жаданні дабіцца падвышэння заробкаў. Маўляў, можа тады яны нарэшце пачнуць прапускаць чаргу хутчэй. Як вядома, літоўскія памежнікі патрабуюць падвышэння заробку на траціну.


Шмат у чарзе літоўцаў. Але, у адрозненне ад беларусаў, якія актыўна абмяркоўваюць паміж сабой страйк памежнікаў, літоўскія турысты пра гэта нічога не ведаюць!


Кіроўца VW Passat, якіх людзі называюць “бензавозамі”, інфармацыі пра страйк дзівіцца, але ставіцца да яе з разуменнем.


Кіроўца VW Passat: “Калі ўжо свабода, то хочуць — страйкуюць, хочуць — не. Калі цяжка жыць, а жыць усім цяжка, то неяк трэба прымушаць дзяржаву, каб яна нешта рабіла для людзей, а не толькі для сябе”.


Падтрымлівае суайчынніка і кіроўца “крутой” Audi з усімі наваротамі.


Кіроўца Audi: “У нас страйкаў амаль не бывае ў Літве — па пальцах можна пералічыць. Усіх усё задавальняе, а дзяржава робіць усё, што хоча! У маім становішчы гэта горш для мяне — абвешчаны страйк, але я іх, у прынцыпе, падтрымліваю”.


Еўрарадыё: “Сёння вы памежнікаў у іх імкненні адстаяць свае правы з дапамогай страйку падтрымліваеце. А якая б была ваша рэакцыя, калі б, нічога не ведаючы, прыехалі на мяжу заўтра?”


Кіроўца Audi: “Вядома, рэакцыя была б адмоўная. Але ж я разумею, што ўсім неабходна карміць сям’ю, а тут — на такой пасадзе і яшчэ хочуць, каб не было карупцыі... Тут хочаш-не хочаш, але нешта трэба рабіць”.


Абодва суразмоўцы выказваюць упэўненасць, што нечага дамагчыся ад уладаў з дапамогай страйку памежнікам наўрад ці ўдасца. Паводле звестак, сёння заробак літоўскага памежніка складае каля 400 еўра.


Дарэчы, як раней пісала Еўрарадыё, аклад “пачынаючага” беларускага памежніка складае каля 130 еўра. Гэта без розных даплат і прэміяльных. У той жа час кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка сцвярджае: яны сабе ніколі не дазволяць страйкаваць, падстаўляючы простых людзей, што выбраліся ў падарожжа.


Аляксандр Цішчанка: “Мы сабе такіх рэчаў не дазваляем. Пры чым тут грамадзяне? Як можна мардаваць грамадзян з гэтага пункту гледжання, каб дамагчыся нейкіх прэферэнцый ці падвышэнняў? Грамадзяне, якія пераязджаюць мяжу, тут ні пры чым. Пры чым тут перавозчыкі?”


Самі літоўскія памежнікі ад каментароў з нагоды страйку адмаўляюцца. Толькі кажуць, што працаваць яны будуць, але дакладна і няспешна выконваючы ўсе працоўныя інструкцыі.


Кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка тлумачыць, што літоўцы будуць працаваць паводле нарматываў, не звяртаючы ўвагі на чаргу.


Аляксандр Цішчанка: “Раім альбо ўстрымлівацца ад паездкі, альбо — аб’язжаць. Бо праца там ідзе, але павольна. У іх ёсць пэўныя нарматывы, і яны проста будуць дакладна прытрымлівацца нарматываў, якія існуюць. Незалежна ад наяўнасці чэргаў”.


Згодна са звесткамі Памежнага камітэта, а 10 гадзіне раніцы на пераходзе “Каменных лог” была чарга з 50 легкавых і 160 грузавых аўтамабіляў. Гэта сапраўды на цэлы дзень.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі