Лявон Вольскі плануе тур па Беларусі з "Белай яблыняй грому"

Лявон Вольскі плануе праехацца па Беларусі са сваёй сольнай праграмай на вершы беларускіх класікаў "Белая яблыня грому". Зараз ужо запланаваныя канцэрты на 25-га красавіка ў Гродне ды 28-га ў Брэсце, праўда іншыя гарады тура музыка пакуль дакладна назваць не можа.

Лявон Вольскі: "У нас ёсць пракатчык, які гэтым усім займаецца і безумоўна ў яго ёсць нейкі план. Зараз ён сказаў, што едзем у гэтыя два гарады, а там, я абвяшчу далей. Гэта нельга па шчырасці назваць такім ужо турам, бо тур – гэта калі сеў ды паехаў. А тут будуць такія выезды, але я думаю, што за два месяцы мы аб'едзем абласныя цэнтры і гарады тыпу Жлобіна, дзе ёсць вялікія клубы. Але будзем паступова ўсё гэта здзяйсняць".

Звычайна на канцэртах Вольскага з'яўляюцца запрошаныя музыкі, беларускія пісьменнікі ці іх сваякі. Гэтым разам, улічваючы, што праграма будзе паказвацца не ў Мінску, з гасцямі сітуацыя больш складаная, праўда Лявон абяцае, што што-небудзь прыдумае. Ну, а класічны падзел праграмы на два аддзяленні застанецца, праўда заключная частка крыху зменіць сваю форму.

Лявон Вольскі: "Першае аддзяленне, як і на дыску "Белая яблыня грому", дванаццаць песень на словы розных беларускіх класікаў паэтаў. Плюс у канцэртным варыянце дадаліся дзве песні: адна на словы Анатоля Сыса, другая на словы Уладзіміра Караткевіча. Ну, а ў другім аддзяленні будуць розныя любімыя, а таксама новыя песні розных гадоў майго аўтарства".

Нагадаем, што прэм’ера кружэлкі "Белая яблыня грому" адбылася яшчэ летась на сцэне сталічнага тэатра Янкі Купалы. Запланаваны тур стане першым выездам праекту Лявона Вольскага за межы Міснка. "Белая яблыня грому" — гэта сакральная праграма музыкі на вершы беларускіх класікаў: Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіч, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна і іншых. 

Бліжэйшыя гарады, якія чакаюць "Белую яблыню грому" пасля Гродна і Брэста – Віцебск, Гомель ды Магілёў.

Фота: generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі