Маскоўскія пратэстоўцы на Чыстых прудах абмеркавалі Беларусь

120514 BalahovichMoskow_1.mp3

У паветры разносіцца пах духмяных індыйскіх палачак, а ў своеасаблівы транс уводзіць гук дыджэрыду – некалькіметровай дудкі аўстралійксіх абарыгенаў. Такім чынам бавіць час лагер апазіцыі на Чыстапрудным бульвары. З боку падаецца, што гэта, хутчэй, нейкі фэст пад адкрытым небам, пікнік ці паход з начлегам у намёце. Хіпстары гуляюць у бадмінтон, над галовамі лётае фрысбі, а маладыя бацькі з дзецьмі забаўляюцца ля фантана. Шматдзетная маці Аксана, нягледзячы на цяжарнасць, прыходзіць сюды рэгулярна, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Аксана: У мяне агенцтва па продажы білетаў. Чыста сярэдні клас. Нас шмат – тыя хто з дзецьмі. Мы таксама частка грамадства, ды дзеля дзяцей перш-наперш мы сюды і ідзём. Каб дзеці жылі ў нармальнай краіне.

Знешне пра палітыку ў лагеры нагадваюць хіба што белыя стужкі на вопратцы ды сумках прысутных. Пасярод усяго гэтага культурнага адпачынку праходзяць і палітычныя дыскусіі. Групкі людзей у адлегласці некалькі метраў адна ад адной, абмяркоўваюць самыя розныя тэмы. У адной з такіх групак расійскія пратэстоўцы маглі даведацца, як змагаюцца з уладай беларусы ды казахі. Нашу краіну прадстаўляў Дзяніс Разумоўскі, які цяпер дзейнічае ў расійскай секцыі Камітэта за інтэрнацыянал працоўных. Дзяніс распавядаў пра намётавае мястэчка 2006 года, у якім сам знаходзіўся, ды пра пратэстныя акцыі апошніх 2 гадоў. Склалася ўражанне, што большасць прысутных пра нашу краіну ведае няшмат.

Разумоўскі: Людзі пачалі арганізоўвацца самі. Нарэшце. Людзі спрабавалі замест беларускай апазіцыі, якая нічога не можа, прапанаваць спосаб дзеяння самі. Яны выходзілі на цэнтральныя плашчы, пляскалі ў ладкі, а іх затрымлівалі. Яны спрабавалі свістаць, спяваць песні, рабіць хоць нешта. Была спроба праводзіць флэш-моб – разам есці марозіва.

Прысутных цікавіла, напрыклад, чаму апазіцыя ў нашай краіне выходзіць пад бел-чырвона-белым сцягам. Не абышлося і без гарачых перапалак паміж прысутнымі. Аднаго са слухачоў абурыла само параўнанне пратэстаў у Беларусі з тымі, якія былі ў Казахстане.

 

-          Там людзі бастуюць супраць уласнікаў. Разумееце? Супраць прыватнай уласнасці, супраць буржуазіі. А вы за што змагаецеся, у Беларусі?

-           Рэжымы – і ў Казахстане, і ў Беларусі – яны не абапіраюцца на той ці іншы клас, яны спрабуюць выкручвацца…

-          Не згодны! Якія эканамічныя падставы вашага…

-           Лукашэнка вядзе палітыку, выгадную толькі вялікім уласнікам, капіталу, расійскаму капіталу. Таму,   паралелі тут відавочныя.


Прысутныя спрачаліся таксама наконт таго, кім з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка – капіталістам ці прагным улады дыктатарам, ды як звязаныя рэжымы ў Расіі і Беларусі.

Каля “беларуска-казахстанскай” групкі сабралася некалькі дзесяткаў чалавек. Праўда, стоячы пад дрэвам, слухаць прамоўцаў, якія выступалі ды дыскутавалі больш за гадзіну, было даволі цяжка – млелі ногі ды рабілася холадна. Людзі перасоўваліся ад адной групкі да другой – паралельна з Беларуссю абмяркоўвалі будучыню левага руху ў Расіі, а таксама царкву, як месца публічнага выказвання сваіх пачуццяў.

Студэнты Лёша ды Іра на гэты раз вырашылі адпачыць ад дыскусій, бо на Чыстых і так з’яўляюцца кожны дзень. У тое, што гэты лагер у стане зрынуць Уладзіміра Пуціна, яны не вераць, але досвед “сядзення” усё роўна лічаць карысным.

-          Калі нават наша сядзенне тут нічога не зменіць – гэта вялізны досвед самаарганізацыі, які – я ўпэўненая – прыдасца ў будучыні.

-          Можна змяніць рэжым у галовах, а потым – справа тэхнікі.


У прынцыпе, Чыстыя пруды можна назваць гэткім маскоўскім Бангалорам – месца ад Крамля далёкае, а сам лагер, здаецца, нікому акрамя навакольных жыхароў не перашкаджае. Аднак для Лёшы ды Іры месца збору абсалютна не важнае.

-          Мы ажыццяўляем ідэю перманентнага стаяння…

-          Я не бачу розніцы ў лагічным пункце ў эпоху інтэрнэту. Пра нас гэта ведаюць не таму, што паўз нас праходзяць. Большасць людзей ведае пра ўсё, што тут робіцца з інтэрнэту.


Цікава, што ніхто з маіх суразмоўцаў не наракаў на тое, што Чыстыя пруды далёка ад цэнтра прыняцця палітычных рашэнняў у краіне. Але ўсе казалі шмат пра самаарганізацыю. Гэтае слова мне падалося мясцовай мантрай. Увогуле ж, Чыстыя пруды пакідаюць уражанне моднай шматкультурнай тусоўкі пад адкрытым небам, дзе адны людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй знаёмяцца з іншымі людзьмі з такой жа актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Праўда, куды прывядуць гэтыя знаёмствы і дыскусіі незразумела, бо дагэтуль пратэстоўцы, акрамя арганізацыі побыту ў лагеры, не здолелі прыняць канкрэтнага плану палітычных дзеянняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі