Мілінкевіч: Кіраўніцтва калоніі прызнае, што Ліхавід — моцны чалавек
Лідэр руху "За Свабоду" заклікае палітвязня перапыніць пратэст "дзеля будучыні сваёй і Беларусі”.
Старшыня руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сёння наведаў Наваполацкую калонію №10, дзе адбывае пакаранне (3,5 гады за ўдзел у Плошчы) Мікіта Ліхавід. Палітвязень заяўляе, што асуджаны несправядліва, адмаўляецца выконваць загады і ўжо правёў у карцары дзесяткі сутак. Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры з Мілінкевічам.
Еўрарадыё: Раскажыце пра сустрэчу, што вы казалі, што вам адказваў кіраўнік калоніі?
Мілінкевіч: “Нам удалося сустрэцца з начальнікам калоніі, з ягоным намеснікам, з кіраўніком аддзела па выхаваўчай працы і таксама з начальнікам медсанчасткі. Мы ўбачылі ўсіх, каго хацелі. Мы высвятлялі, у якім стане яго здароўе. Мы гаварылі пра магчымасць медычнай дапамогі, лекаў, якія ўмовы ўтрымання ў карцары. Гэтыя ўсе пытанні былі высветлены. Кіраўніцтва калоніі казала, што не мае асаблівых прэтэнзій да Ліхавіда, што ён чалавек выхаваны і чалавек безумоўна моцны. Але ён прыняў такое рашэнне байкатаваць зарадку, байкатаваць прыбіранне памяшкання, не выконвае распараджэнні і, паводле правілаў калоніі, ён мусіць быць пакараны. Яны не могуць адступіць ад гэтых правілаў, бо яны аднолькавыя для ўсіх”.
Еўрарадыё: Тлумачаць гэта пазіцыяй "закон суровы, але гэта закон"?
Мілінкевіч: “Яны кажуць, што калі б вы былі на нашым месцы, былі б на службе, насілі б пагоны, ці вы б не выковалі тое, што напісана ў інструкцыях і ў правілах утрымання ў калоніях? Мы казалі пра тое, што гэта незвычайная справа, што так лічылі і лічым не толькі мы, а дэмакратычная супольнасць лічыць, што гэта палітвязні, вязні сумлення. Што гэта набывае вялікі рэзананс у свеце, таму вельмі важна зрабіць усё, каб гэты чалавек не згубіў здароўе падчас пакарання, тым больш несправядлівага”.
Еўрарадыё: Вы казалі, што размаўлялі пра здароўе Мікіты. Што казалі лекары, які стан здароўя Мікіты?
Мілінкевіч: “Галоўны доктар калоніі і начальнік сцвярджалі, што старанна сочаць за ягоным здароўям, бо такіх прыкладаў у іх практыцы няшмат. Сцвярджаюць, што абсалютна здароўе нармальнае. Хоць я разумею, што пры скудным харчаванні (у карцары горшае харчаванне), пры адсутнасці магчымасці выходзіць на свежае паветра, гэта надзвычай цяжка нават для сталага чалавека, а тым больш для такога маладога. Разумеем, без сумневу, што здароўе пагаршаецца”.
Еўрарадыё: Даходзіла інфармацыя, што ён у карцары сядзіць адзін, ці так гэта?
Мілінкевіч: “Ён пачынаў у карцары адзін. А зараз дабавілася, як я зазумеў, яшчэ пяцёра. Значыцца, яшчэ некалькі штрафнікоў”.
Еўрарадыё: Як кіраўніцтва калоніі глядзела на тое, што вы да іх прыехалі, ці вы іх папярэджвалі пра свой візіт?
Мілінкевіч: “Мы не папярэджвалі. Але па ўсім адчувалася, што нас чакалі. Чакалі без сумневу, так разумеем. Адкуль была інфармацыя, мне цяжка сказаць. Акрамя таго, я папрасіў асабістай сустрэчы з Ліхавідам. Па правілах, як мне патлумачылі, пакуль ён у карцары — гэта немагчыма. А потым, паколькі я ягоны не блізкі сваяк, то ён сам мусіць звярнуцца да начальніка калоніі, каб такая сустрэча адбылася. Я прасіў у маці Мікіты, каб яна на чарговай сустрэчы папрасіла, каб ён такі ліст напісаў начальніку калоніі, бо я хачу з ім сустрэцца”.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, як кіраўнік “Руху за Свабоду” і проста як чалавек, ці варта Мікіце Ліхавіду далей захоўваць абраную пазіцыю. Ці яму варта падпарадкавацца парадкам, існуючым у калоніі?
Мілінкевіч: “Мікіта зрабіў вельмі шмат для таго, каб звярнуць увагу на стан з правамі чалавека і парушэнні ў Беларусі. І гэта справа сапраўды набыла міжнародны рэзананс і ўнутры краіны яна вельмі вядомая. Ён зрабіў больш, чым мог зрабіць такі малады і недасведчаны малавек. Таму я думаю, ён павінны, безумоўна, планаваць сваё жыццё. Думаць пра будучыню. Мы змагаемся за свабоду і дэмакратыю, але будзе пабудова новай Беларусі. Ён мусіць быць здаровым, моцным. Ён важны для нашай краіны як і многія-многія іншыя. Я лічу, ён павінны, зразумеўшчы, што зрабіў, перапыніць гэтую форму пратэста дзеля будучыні сваёй і Беларусі”.
Фота — udf.by