Міністр фінансаў: Крызіс? Я б стаў пра яго забываць…
Міністр фінансаў Андрэй Харкавец лічыць сярэдні заробак 500 долараў рэальным, пры гэтым прычынай крызісу называе жыццё не па сродках.
Еўрарадыё задало свае пытанні міністру фінансаў Андрэю Харкаўцу на прамой тэлефоннай лініі.
Еўрарадыё: Абяцаны сярэдні заробак у 500 долараў… Ці адпавядае гэтая лічба рэальна заробленаму ў эканоміцы?
Андрэй Харкавец: Заробленасць ці незаробленасць гэтых грошай будзе вызначацца тым, як спрацуе ў цэлым эканоміка. Калі прадукцыйнасць працы ў рэальным сектары эканомікі дазваляе давесці ўзровень заробку да эквівалентнага 500 доларам, то гэта заробленыя, а калі прадпрыемствы павышаюць заробкі, але не нарошчваюць пры гэтым эфектыўнасць сваёй працы, безумоўна, гэта грошы не заробленыя!
Еўрарадыё: Але для беларускай эканомікі ў цэлым такая лічба па сілах?
Андрэй Харкавец: У гэтай лічбе няма абсалютна нічога страшнага. Не ставіцца ж мэтай 500 долараў перш за ўсё. Ставіцца мэта — эфектыўная эканоміка, эфектыўная вытворчасць, якая б дазваляла плаціць больш высокі заробак. 500 долараў — гэта не тая велічыня, якая з’яўляецца загранічнай для эканомікі нашай краіны. Патэнцыял тут агромністы.
Нечакана на наступнае пытанне пра эканамічныя праблемы міністр фінансаў просіць… пачаць забываць пра крызіс! А яго асноўнай прычынай называе жыццё не па сродках. У яго словах гэта ніяк не супярэчыць планам давесці сярэдні заробак да 500 долараў.
Еўрарадыё: У чым міністэрства фінансаў бачыць асноўную прычыну мінулагодняга крызісу?
Андрэй Харкавец: Я б увогуле ўжо забываў пра тое, пра што вы пытаецеся. Сёння трэба акцэнтаваць увагу на тым, як не дапусціць той сітуацыі, якая прывяла да эканамічнага, фінансавага, банкаўскага крызісу.
Еўрарадыё: І што да яго прывяло?
Андрэй Харкавец: На мой погляд, тут некалькі прычын. Першая — мы дастаткова неапраўдана захапіліся стымуляваннем унутранага попыту ў краіне. Мы шмат будавалі, шмат укладвалі ў інфраструктурныя праекты ў краіне, давалі дастаткова танныя рэсурсы нашым прадпрыемствам, але эфектыўнасць іх выкарыстання не адказвала тым задачам, пад якія яны выдаваліся.
Напэўна, тое, што мы шмат выдаткоўвалі ўнутры краіны, прывяло да таго, што краіна не магла зарабляць на знешніх рынках дастаткова валютных сродкаў, каб пакрыць гэтыя выдаткі. Агульнымі словамі можна сказаць, што гэта і ёсць жыццё не па сродках. Таму мы павінны быць больш стрыманымі. Напэўна, гэта самая галоўная прычына.
Сёння мы сталі больш стрыманымі: і ў крэдытаванні — грошы сталі даражэйшымі, стрыманыя і ў бюджэтных выдатках — фармуем бюджэт без дэфіцыту. І калі гэтая палітыка будзе захаваная ў гэтым і наступным годзе, то, я думаю, мы хутка забудзем пра тыя няўдачы, якія напаткалі эканоміку нашай краіны. І не вернемся больш да мінулай сітуацыі.
Фота: photo.bymedia.net