На запіс выступу кандыдату ў дэпутаты даецца 15 хвілін

120904 Luka6uk Zapis.mp3

БТ: “Агульны час знаходжання кожнага кандыдата ў тэлевізійнай студыі складае 15 хвілін. За гэты час кандыдат можа 10 хвілін рэпетаваць і за 5 хвілін запісаць свой выступ, а можа адразу запісаць яго за 5 хвілін і пакінуць студыю. Калі выступ цягнецца дзве хвіліны, то можна запісаць 8 дубляў! Усё залежыць ад кандыдата”.

Часу не шмат. Ці рыхтуюцца кандыдаты загадзя да сваіх выступаў?

У самавылучэнца Ігара Случака на падрыхтоўку да першага выступу быў дзень, і ён вырашыў не марнаваць час на падрыхтоўку — як будзе, так будзе. Зараз прызнаецца — атрымалася дрэнна. Таму да наступнага запісу рыхтуецца: па дыкцыі ўрокі бярэ.


Не трэніраваўся перад люстэркам і экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка.

Віктар Цярэшчанка: “Буду глядзець у камеру, буду канкрэтна гаварыць. Спадзяюся, будзе добрае асвятленне і добры гук. І мяне не пакажуць 80-гадовым, як было раней”.

Дзеючы дэпутат Валянціна Леаненка таксама кажа, што думала, толькі каб укласціся ў час.

Валянціна Леаненка: “Такая камерная абстаноўка ў студыі — вы ўсё адно расхвалюецеся і ўсё адно ўсё зробіце не так. Гэта ж чалавечы фактар! Заўсёды будзеце хвалявацца. А перад люстэркам... Вы ж тады не будзеце бачыць таймер! Таму я вывярала тэкст, каб укласціся ў 5 хвілін. Усё!”

Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў у свой час працаваў на тэлебачанні. І сваіх кандыдатаў да выступу рыхтуе загадзя. Тым не менш прызнае: дзесьці ў чвэрці выступоўцаў іх прамовы былі “пракольнымі”. Вінаваціць сябе: зашмат даваў парадаў па тэкстах.

Уладзімір Някляеў: “І тут пачынаеш ім навязваць, можа быць залішне, сваю волю, і тады бываюць такія праколы. Бо калі праўлены тэкст прамаўляюць яны, становіцца відавочна, што тэкст не суадносны з тым чалавекам, які яго прамаўляе”.

Актывістка “Гавары праўду!” Таццяна Караткевіч да выступу па тэлебачанні рыхтавалася два дні. Магла і больш, а ці ёсць у гэтым сэнс, калі няма пастаяннай практыкі?

Таццяна Караткевіч: “Можна было б і тыдзень рыхтавацца, але не ведаю, наколькі тэрмін падрыхтоўкі — тыдзень ці два дні — будзе ўплываць на вынік”.



Напрыканцы восені шэраг трэнінгаў для сваіх будучых кандыдатаў правялі ў Партыі БНФ. І некалькі варыянтаў тэкста выступу падрыхтавалі, распавядае старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Яго намеснік Рыгор Кастусёў гэтыя трэнінгі прайшоў, але напярэдадні запісу выступу перад люстэркам не трэніраваўся — выключна вучыў тэкст.

Рыгор Кастусёў: “Перад камп'ютарам сядаў, засякаў час — каб укласціся ў 5 хвілін. І каб троху тэкст вывучыць на памяць, каб не зазіраць у паперкі”.

Падрыхтоўку да выступаў кандыдатаў ад ЛДПБ сарвала... акруговая камісія, калі спачатку не зарэгістравала Яўгена Крыжаноўскага.

Яўген Крыжаноўскі: “Такі шок быў, выключна збіраў дакументы, каб аднавіцца. Таму дапамагчы партыйцам не мог. Я бачыў выступы партыйцаў... Гэта, канешне, вынік таго, што яны не артысты”.

І дадае: галоўнае не падрыхтоўка да запісу, а вера ў тое, што гаворыш.

Еўрарадыё спытала ў мінакоў, пра што б яны казалі на тэлебачанні. Выступы ў апытанцы:

120904 STR Tele.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі