Наступны "Барабанны біт" будзе жаночым?
На майстар-класе па ігры на барабанах адзначыліся дзяўчыны. Кажуць, дзяўчыны-барабаншчыцы - цяпер тэндэнцыя.
“Сёння мы пашырым свае магчымасці па каардынацыі”, — абяцае Аляксандр Сапега — рулявы барабаннага руху ў Беларусі. Гэтым самым знакаміты беларускі бубнач адкрывае майстар-класы “Барабаннага біту”. Прычым, наведаць іх можа кожны ахвочы, прыхапіўшы з сабой пару палак.
Ад Сапегі і гасцей майстар-класаў, якія ўжо дасягнулі вядомасці, пачынаючыя бубначы чакаюць заўваг і парад па тэхніцы ігры. Аляксандр прапаноўвае слухачам тры варыянты заданняў: звычайны біт, вальс і самбу. Жадаючых удасканаліць сваё майстэрства выбудоўваецца цэлая чарга. Што больш дзіўна, добрая трэць аўдыторыі — актыўныя дзяўчаты.
“Асабіста для мяне новае — вось я самбу даўно хацела вывучыць — нешта такое паспрабаваць, — распавядае Лена, якая займаецца ігрой на барабанах некалькі гадоў. — Вальс-трыолі — ужо спрабавала да гэтага зрабіць. Па руках паглядзела тое, што мяне хвалявала”.
Майстар-клас “Барабаннага біту” цягнецца 2 гадзіны. Пасля практычных заняткаў з Аляксандрам Сапегам, пачынаецца больш тэатрэтычная частка лекцыі. Яе вядуць госці. Гэтым разам сваімі ўлюбёнымі прыёмамі ігры на барабанах дзеліцца Аляксандр Мінец — некалі пераможца “Барабаннага Біту”. Да таго ж Саша знаёміць публіку з кахонам — так званай у народзе “тумбачкай”. Перуанскім інструментам, які актыўна выкарыстоўваецца ў музыцы фламенка.
“Тут вельмі мала людзей грае на кахоне — чалавекі 2 ці 3, — абумоўлівае Аляксандр свой выбар. — Ён толькі-толькі набірае ў нас папулярнасць, таму я вырашыў яго паказаць. Гэта такі дадатак да барабанаў. Іншыя прыёмы, іншае гучанне. Гэта ўсё развівае музыканта”.
Ці зацікавіць кахон аўдыторыю настолькі, каб яго набыць і граць, — не вядома. А вось барабанная ўстаноўка па-ранейшаму з’яўляецца адным з найбольш папулярных музычных інструментаў сярод моладзі. І што здзівіла Еўрарадыё, сярод дзяўчат.
“Я не лічу, што гэта не жаночая справа, — настойвае Каця, якая грае на бубнах усяго 2 месяцы. — Я лічу, што чалавек мусіць займацца тым, што яму падабаецца. Незалежна ад пола, асабістых перакананняў ці статусу — не важна. Калі табе гэта даспадобы, то ты гэтым будзеш займацца. Вось мой выкладчык часам пытае: “Каця! Дзе твае яйцы?” Я мушу мацней граць”.
У Лены, якая прыйшла ў барабанны свет насуперак аднаму знаёмаму бубначу, планы ўвогуле сур’ёзныя:
“Я граю ў гурце. Хочацца, каб той самы гурт вылез некуды за межы нашых маленькіх беларускіх барчыкаў. Я проста так не бачу сэнсу займацца. Гэта павінна быць для нечага. Для мяне гэта момант самавыражэння. Ёсць такая бубначка Кора Калман — цемнаскурая амерыканка. Вось калі яна грае, яна і вытанчаная, і любога мужчыну можа за пояс заткнуць. Для мяне пакуль што гэта тое, чаго я хачу дасягнуць”.
Аляксандра Сапегу дзявочая настойлівасць здзіўляе, але не палохае. Больш за тое, кажа музыка, дзяўчына за бубнамі ані разу не губляе сваёй жаноцкасці. Наадварот, упрыгожвае сцэну.
Аляксандр Сапега: “Я не лічу, што дзяўчаты за ўстаноўкай неяк адрозніваюцца ад хлопцаў. Было б глупствам і смехам разважаць пра тое, каму больш пасуе скрыпка — хлопцам ці дзяўчатам. Гэта — як любы іншы інструмент. Гэта проста інструмент-самавыражэнне. Лічу, што дзяўчатам пасуюць барабаны. Дзяўчыны ўпрыгожваюць сцэну, калі добра граюць”.
Аляксандр Мінец увогуле адкрывае вочы Еўрарадыё на сучасных дзяўчат:
“Гэта тэндэнцыя, сур’ёзна. Мы адкрылі школу навучання на барабанах “МузШок”. Там у нас навучаюцца 20 чалавек, з іх 16 — дзяўчаты. Я не ведаю, чаму — але так атрымоўваецца. Ранеткі руляць, па ходу”, — І дадае. — А наконт дзяўчыны за барабанамі… Гэта індывідуальна. Мне, напрыклад, не вельмі падабаецца. Скажам так: гэта нармальна, але я б не хацеў, каб мая жонка была барабаншчыца”.
Майстар-класы “Барабаннага Біту” адбываюцца штоаўторак у шоў-рум кампаніі "Navara Trade" па адрасе Аэрадромная, 125. На наступных занятках Аляксандр Сапега звернецца да стыляў рэгі і фанк. А гасцямі стануць Святаслаў Чарнуха, Ілья Сцяпанаў і Аляксандр Старажук. Пачатак заняткаў у 17.00.Дарэчы, гала-канцэрт фестывалю "Барабанны Біт" пройдзе 13 лістапада ў ДК МАЗ.