Наведвальнікі “GreenShip”: Шкада, што ў нас няма сваіх “Вавамафінаў”!

120326 Ma6a VaVa Mafin.mp3

Польскія гурты працягваюць атакаваць Мінск. Пасля атак “Мыслоўца”, “Папрыкі Корпс” і “Закапаўэра” у Мінску выбухнуў рагамафін у выкананні варшавякаў Vavamuffin. Гурт выступіў хэдлайнерам фэсту “GreenShip” у сталічным “Рэпабліку”. Перад пачаткам сэту мы вылавілі вакаліста каманды Грога і задалі банальнае пытанне пра ўражанні ад Мінска і фестывалю.

“Цяжка сказаць, як нам падабаецца ў Мінску, бо пакуль мы не сыгралі канцэрта, - кажа Грог. -  Калі я гляджу на публіку, якая сёння прыйшла на канцэрт, то пераконваюся, што ёй карціць нас паслухаць, і што будзе вельмі файны канцэрт. Я вельмі пазітыўна настроены на гэты выступ, бо, думаю, што ваша публіка такая ж цудоўная, як і польская, калі яшчэ не цудоўнейшая. І бачу, што людзі гатовыя да таго, што мы ім сыграем, і будуць сапраўды шчаслівыя, што могуць тут быць і гэта чуць”.


Гледачы насамрэч былі гатовыя пачуць не надта папулярную ў нашых краях “рагу” ад яе знакамітых еўрапейскіх выканаўцаў. 

 “Калі я пачаў слухаць рэгі, то я шукаў вядомыя гурты, і Vavamuffin быў сярод іх, - распавядае гісторыю знаёмства з польскім гуртом наведвальнік канцэрта. - А калі ўлічваць прастору нашага блізкага замежжа, дык гэта быў адзін з лепшых гуртоў. У Расіі тады яшчэ нічога падобнага не было. І ў Беларусі таксама”.


У Беларусі дагэтуль рага-рок незапатрабаваны, і не толькі “рага”, - канстатуе не надта прыемны факт глядач Зміцер, які добра знаёмы з творчасцю Vavamuffin.

Зміцер: “”Рага” ў нас ніхто не спявае, альбо тое, што спяваюць – непрыкметнае. Шкада, што няма “Вавамафінаў” сваіх. Не толькі “Вавамафінаў” няма, вунь Васі Абломава няма свайго – будзе выступаць хутка – квіток узяў. Няхай бы з’явіўся беларускі Вася Абломаў. Дзе? Няма! Праблема!”


Польскі гурт паказаў беларускай публіцы шыкоўны прафесійны сэт, напоўнены сонечнай энергетыкай і шчырасцю ў стасунках. Відавочна, што палякі з цікавасцю і радасцю выкладаліся на ўсе сто перад беларусамі. Магчыма, той гукавы кантраст, які адрозніваў выступы Vavamuffin, мінскіх “Гаротніцы” і магілёўскіх “Bez.Not” прывёў некаторых наведвальнікаў не да лепшых высноваў.

Vavamuffin – выдатны гурт і ніякіх пытанняў у мяне да іх не ўзнікае. У мяне ёсць пытанні да беларускіх гуртоў, хаця ўсе беларускія гурты я вельмі люблю. Але ніхто з беларускіх гуртоў не ўмее граць. Ні адзін музыка не лічыць патрэбным умець граць. Я, вядома, магу нешта гаварыць. Але, паколькі я не ўмею граць – я і не граю”, - катэгарычны ў сваіх меркаваннях глядач Ігар.

Гаротніца

Bez.Not


Тым не менш, прывоз высокапрафесійных і вядомых каманд з-за заходняй мяжы мусіць аказаць станоўчы ўплыў і на беларускія гурты – яны проста ўбачаць, як трэба працаваць, каб нечага дасягнуць.

 “На самой справе, класна, што сюды прывозяць польскія калектывы. Таму што беларускія гурты заўсёды чаканыя госці ў Польшчы, і, напэўна, амаль усе беларускія гурты перабывалі і перавыступалі ў Польшчы. І было б добра, каб была зваротная нейкая сувязь. Таму цудоўна, што і польскія калектывы прыязджаюць у наш нязведаны край”, - кажа ідэйны кіраўнік гурта “Гаротніца” Андрусь Такінданг.

Vavamuffin зрабіў сваю справу – беларускія аматары рэгі пранікліся "рагай", натанцаваліся і натхнёныя вярнуліся да свайго звычайнага жыцця.

 Еўрарадыё: На што вас натхніў канцэрт Vavamuffin?

Наведвальніца: Ну як на што – на шчасце, на радасць і весялосць, на пазітыўны настрой – вібрацыі вельмі  адчуваліся – праходзілі па ўсёй зале.

DJ Papa Bo Selektah


Bez.Not


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі