Noize MC: Ідэалогія 18- (фота, аўдыё, відэа)

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а канцэрт Noize MC ― з чаргі. Такога натоўпу перад уваходам у Re:Public не было ніколі. І гэта толькі палова ахвочых трапіць на Нойза, другая палова ўжо ў клубе!

Noize MC лёгка робіць тое, чаго не могуць беларускія музыкі. Квіткі на яго заканчваюцца за два тыдні да канцэрта. Прыхільнікі нясмела выходзяць на сцэну і дараць музыкам майкі хакеістаў мінскага “Дынама”.

У "Дынама" папаўненне!

 Іван Аляксееў (яго псеўданімам Noize MC зараз называецца ўвесь гурт) адразу ж пераапранаецца, а дынамаўскі вымпел прапісваецца на адным з мікрафонаў. Гэта непадробная любоў, сапраўдная ўзаемная павага.

sam.mp3

"Сам"

Людзей столькі, што ў Re:Public спатнелі нават прыступкі, якія вядуць на верхнія ярусы. На танцполе пануе незвычайнае братэрства. Фанаты дапамагаюць адно аднаму вылезці на сцэну, а тых, хто скокае ў натоўп няўдала, імнгенна падымаюць з падолгі. Адзін з такіх небаракаў ледзь не зварочвае шыю карэспандэнту Еўрарадыё, які сам праз некалькі хвілін апынаецца на сцэне, каб легчы на рукі людзей. Адчуванні неверагодныя!

 

Рэперы PoTuStoronu разагравалі гурт Noize MC проста з натоўпу

Слэм не такі бязлітасны, як на рок-канцэртах: у рэп-тусоўцы берагуць адно аднаго. Што праўда, сумесь жанраў, у якой працуе Noize MC, сягае далёка за межы рэпа. “Некаторыя дагэтуль думаюць, што прыйшлі на рэп-канцэрт?” ― здзекліва пытаецца Аляксееў, і працягвае фразу рыфам з “Master of Puppets” гурта Metallica.

 

 

 

У адной з песень “Новага альбома” (менавіта так называецца трэці студыйны рэліз Noize MC, які выйшаў сёлета ў апошні дзень сакавіка. Дарэчы, папярэдняя пласцінка мае назву “Апошні альбом”) вядзецца пра лёс рок-музыкаў, якіх шоў-біз падштурхоўвае да самагубстваў. Узаемаадносіны чалавека і сістэмы ― галоўнае, што займае Нойза. У яго вершах сістэма знішчае слабых, карыстаецца моцнымі, пакідае злачынцаў непакаранымі, а сумленных людзей жабракамі.

bassejn_0.mp3

"Басейн"

Вершы Івана Аляксеева ― гэта падручнік па стаўленні да сістэмы. Noize MC прапануе сваё бачанне жыцця, заснаванае на іранічным тролінгу іншых пратэстных ідэалогій, асуджэнні несправядлівасці, адмаўленні нацызма, расізма і ксенафобіі. Як не марыць пра такі справядлівы свет, калі табе 16 гадоў?

 

 

Творчы чалавек у Нойза мае права на свой шлях, няхай сабе ён часам і пралягае па дне басейна з бітым шклом. А на спробы сістэмы падпарадкаваць ён разам з гуртом “Ляпис Трубецкой” кладзе жалезабетонны болт (не, Сяргей Міхалок на сцэну Re:Public не выйшаў. Але яго голас можна пачуць на “Новым альбоме”). Галоўная запаведзь новай ідэалогіі: “Мы зробім тое, чаго яшчэ не рабіў ніхто”. Як у такое не паверыць?

bolt_0.mp3

"Болт"

Падлеткам хочацца зразумець усё і адразу. Падручнік у Мінску зачыталі да дзірак: зала спявае абсалютна ўсё: і новае, і старое. Noize MC ніяк не хочуць сыходзіць, не сыграўшы ўсяго "Новага альбома": канцэрт, які ў 20:15 распачалі хлопцы з сургуцкага рэп-гурта PoTuStoronu, сягае за 23:30. Ля ўвахода ў клуб матулі на ўсялякі выпадак чакаюць сваіх непаўналетніх дзяцей.

Музыкі тым часам паводзяць сябе вельмі прыязна. Яны для фанатаў сапраўды свае.

zhadina.mp3

"Скнара"

Іван Аляксееў шмат размаўляе з публікай, але часам перадае мікрафон (і нават гітару) бубначу Паўлу Цяцерыну ― агромнаму хлопцу ў хакейнай майцы з прозвішчам “Мядзведзеў” на спіне. І ён, і клавішнік Максім Крамар, і гітарыст Аляксандр Кіслінскі, і ды-джэй Стас Амосаў ― сапраўдныя прафесіяналы. Але Noize MC бяруць не музыкай. Музыка… звычайная.

 

tok.mp3

"Ток"

Іх сакрэт у тым, каб даць падлеткам "мяса" на танцполе, і таленавіта прыправіць яго спакушальнымі ідэямі. З беларусаў такое сёння можа, бадай што, толькі брэсцкі панк-гурт “Дай дарогу!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі