Новы клуб у Мінску адчыніцца пад лозунгамі “дэмакратыя” і “свяжак”
Запрашаем на экскурсію па напаўзбудаваным клубе разам з Еўрарадыё.
Праз месяц будзе ў Беларусі яшчэ адзін клуб – Re:Public. Пакуль там фарбуюць сцены, але ўладальнікі ўжо кажуць пра ўнікальную палітыку: жывыя канцэрты, анты-гоп-дыскатэкі , кінапаказы, “свяжак” і дэмакратычнасць.
Еўрарадыё вырашыла не чакаць да восені, а завітаць у госці ў напаўдабудаваны клуб. Па дарозе мы спынілі некалькіх маладых людзей, запыталі: “Што б вы хацелі ўбачыць у новым клубе?”
– Каб маладыя музыкі там гралі!
– Каб піва бясплатнае было.
– Каб рок-н-рол быў i патанцаваць можна было не толькі пад “туц-туц”.
– Каб разнастайнасць была. У нас вельмі мала тэматычных вечарын.
Цікава, ці будзе гэта рэалізавана ў новым клубе? Зараз праверым – выходзім на ст.м. Кунцаўшына і рушым вядомым шляхам да былога клуба “Стэп”. Менавіта ў былым “Стэпе” і яшчэ больш былым кінатэатры завода вылічальнай тэхнікі і размесціцца клуб Re:Public.
Нас сустракае арт-дырэктар будучага клуба Макс Старцаў і адразу праводзіць глядзець памяшканне – пакуль што ў працэсе поўнай перабудовы – навокал мяхі з цэментам, дошкі, фарба:
“Вось гэта хол, афармляць яго будзем неверагоднымі і прыўкраснымі малюнкамі Жэні Ковіка (ака Жэня Жэньшэнь) – выдатнага мастака і графітчыка”, – кажа Макс і вядзе нас далей, туды, дзе ў “Стэпе” быў гардэроб і куды нікога не пускалі.
Макс Старцаў: “Каму трэба – адразу ідуць у туалет уніз. Гэта туалет, які належыць усяму гэтаму заводу, на жаль, ён цяпер ніякі, таму мы яго крыху абдзелаем... ой, цьфу, абновім”.
Туалеты ў Re:Public прымусілі усміхнуцца яшчэ раз – весела было ўбачыць на месцы былога жаночага санвузла – кабінет з камп’ютарамі. Відавочна, што ў клубе адбылася поўная “перабудова”.
Цяпер наша увага – на галоўным памяшканні. Яно велічэзнае і першае, што кідаецца ў вочы, – гіганцкая сцяна з цэглы. З-за гэтай сцяны клуб ледзь не атрымаў пінк-флойдаўскую назву “The Wall”, але назва адпала пры першай спробе яе праскланяць:
“Ты дзе? – “Я ў Зэ Воле”, “Я ў сцяне”, “Я на сценку”... Яшчэ крыху, і людзі б сталі нас называць спортзалай са шведскай сценкай, не”, – дзеліцца Макс і разам са сваёй памочніцай Нінай Кірпічонак радуецца, як выпадкова прыдуманая назва RE:Public стыльна гучыць і абрастае новымі значэннямі:
Ніна Кірпічонак: “Re:Public можа азначаць не толькі “Рэспубліку”, але і як у мэйлах RE: – “Адказ, пасланне людзям”.
Галоўнае пасланне новай “Рэспублікі” – дэмакратычнасць:
“Як бы смешна не гучалі разам словы “рэспубліка” і “дэмакратыя”, але гэта задача: мы ў Re:Public хочам бачыць усіх!” – кажа Макс і паказвае на тое, што гэтых “усіх” мусіць прывабіць:
“Нашаму позірку адчыняецца велічэзная сцэна і два незразумелыя памяшканні побач. Справа – гэта грымёрка, там будзе вельмі прасторна і прыкольна. Злева – адміністратыўны кабінет”.
Вялікая сцэна, што чакае безліч жывых канцэртаў – фішка, якую, уладальнікі забралі з сабой з клуба “Рэактар”, дзе яны ўсе працавалі на працягу апошніх гадоў.
“Па стылях – гэта будзе сучаснае музло, пост-панк, гараж-панк, агалцелы чысты рок, фанкавыя жывыя каманды, хіп-хоп, сучаснае інды-дыска. – расказвае арт-дырэктар – Мы шукаем новыя каманды, хочацца свежака, каб людзі шлі на канцэрты і знаёміліся з нечым новым”.
Але наколькі дэмакратычныя будуць кошты? Увесь у тэлефонных перамовах праходзіць міма нашай каманды галоўны заснавальнік клуба Андрэй Старцаў, яго і пытаем:
“Кошт на канцэрты замежных выканаўцаў, якія працуюць за ганарар у валюце, будзе павялічаны прапарцыйна рэальнаму курсу валюты – адказвае Андрэй. – Напрыклад, Noize MC – кошт квіткоў 120-130 тысяч на танцпол, 200 за столік. Білліз Бэнд – 150 тысяч на танцпол”.
Такіх канцэртаў будзе няшмат, 1-2 у месяц, астатнія – больш “бюджэтныя”, бо будуць выступаць беларускія музыкі, ці прывазныя дыджэі, а ў іх ганарары меншыя, чым у гуртоў.
Танцполаў у клубе два: знізу – першы, зверху – другі. Пра дыскатэкі Макс запэўніў, што нічога агульнага з рэактараўскімі гоп-дыскатэкамі там не будзе, першая стаўка – на ўласныя Drink’n’Dance вечарыны і на дабстэп ад Mad Mouse Promo.
Яшчэ вырашана ладзіць кінаклуб:
“Ён будзе на другім ярусе клуба, дзе танцпол. Мы паставім экран, закідаем усё мяккімі сядушкамі, – Макс паказвае на цэментную падлогу. – Уявіце, халодная восень, табе плед даюць, гарбату і ставяць Кубрыка. Таксама мы можам рабіць і начныя кінасеансы, ліцэнзія ўсе дазваляе”.
Крыху не верыцца ва ўсе гэтыя суперзадумы, таму мы задаём прамое пытанне ўладальніку: калі крызіс возьме за горла, ці стане RE:Public праводзіць выгадныя гоп-дыскатэкі і іншыя “мерапыемствы” дзеля грошай?
“Гэта клуб для моладзі, прасунутай моладзі, той, якая чымсьці цікавіцца – мастацтвам, кіно, музыкай, новымі накірункамі, – тлумачыць Андрэй Старцаў і запэўнівае: У дыскатэку звычайную гэты клуб не ператворыцца. Я вам гэта гарантую”.
“Ну вось і ўсё”, – сказалі на выхадзе з клубу “рэпаблікаўцы” і запрасілі на вялікі канцэрт Noize МC 30 верасня. А афіцыйнага адкрыцця са стужкамі, сказалі, не будзе, бо ну яго, гэты пафас.