Палажанка: Змітра Дашкевіча знайшлі ў калоніі ў Мазыры
20 верасня стала вядома, куды этапавалі з Віцебска палітвязня.
Вось што распавяла Еўрарадыё нявеста Змітра Наста Палажанка:
120920_palazanka.mp3
"Сёння, калі мы абтэлефаноўвалі ўсе калоніі, самая агрэсіўна настроеная калонія была ў Мазыры. Калі ўсе давалі хоць нейкую інфармацыю, альбо прасілі ператэлефанаваць, альбо шукалі ў базе дадзеных прозвішча, Мазыр адзін адмаўляўся гаварыць, каментаваць. Казалі: "Такую інфармацыю мы па тэлефоне не даем". Хаця яшчэ ўчора, калі мы ім званілі, нам спакойна гаварылі, што Дашкевіча да іх не прывозілі.
А сёння я атрымала ліст з Дэпартамента выканання пакаранняў, які быў адрасаваны бацьку Дашкевіча пра тое, што Зміцер будзе накіраваны ў папраўчую калонію № 20, што знаходзіцца ў горадзе Мазыры і змяніць дадзенае рашэнне немагчыма".
Некалькі тыдняў таму блізкія палітвязня ў хадатайстве прасілі, каб Зміцер Дашкевіч адбываў пакаранне ў горадзе Барысаве. Гэта самая блізкая калонія да Старых Дарог, дзе жыве яго бацька Вячаслаў, у якога рак у другой стадыі. Аднак сына адправілі ў далёкі Мазыр.
Нагадаем, што ў жніўні сёлета лідара "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на 1 год турмы. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні адміністрацыі выпраўленчай установы. Дашкевіч знаходзіцца ў турме ад снежня 2010 года. У сакавіку 2011-га года яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі калоніі агульнага рэжыму нібыта за збіццё дваіх чалавек.