Першая фаза выбараў у Егіпце завершаная... нечакана!
Да самага апошняга моманту не было зразумела, якім чынам будзе адбывацца падлік галасоў: раней гэтым займаўся МУС Егіпта. А зараз...
Нечакана для ўсіх: і для выбарчых камісій, і для выбарцаў, і для назіральнікаў, і для журналістаў ваенныя ў апошні момант прынялі многа пазітыўных і канструктыўных рашэнняў. Напрыклад, яны прадоўжылі час галасавання да 21 гадзіны ў кожны з дзён. У другі дзень некаторыя школы зачыніліся ў 19 і людзі грукалі ў браму і крычалі, каб іх пусцілі прагаласаваць. А другое важнае рашэнне было... адкрыць для публічнага назірання пункт падліку галасоў! Уваход быў свабодны для ўсіх прадстаўнікоў СМІ і назіральнікаў, а таксама для часткі насельніцтва.
Іранічна названы спартовы комплекс - "Мубарак-хол" - з усіх бакоў атачылі танкі і БТРы (20 адзінак), людзі, машыны, а ўнутры залі кіпела праца. Праз гукаўзмацняльнік пастаянна нагадвалі: "Прабачце, мы ведаем, што ўсе вельмі стаміліся, але гэта - кошт дэмакратыі! Патрывайце ячшэ крыху!", і сотні людзей перабіралі бюлетэні, лічылі, ставілі палачкі ў спецыяльных бланках, выносілі пустыя скрыні і заносілі поўныя непадлічаныя.
Людзі запісваюць гістарычны момант сабе на мабільныя тэлефоны.
Працэс адсочваюць дзесяткі журналістаў з розных выданняў.
Участкаў з усяго гораду было так шмат, што лічылі нават на першых ярусах сядзенняў, і нават у двары! Вакол хадзілі людзі з гарбатай, нават ваенныя нешта перажоўвалі гадзіны ў 3 ночы, але ўсе трымаліся да апошняга. Падлік быў скончаны пад раніцу, але, нягледзячы на вынікі, якія фінальна абвесцяць толькі праз 6 тыдняў, можна смела сказаць, што Егіпет рашуча стаў на шлях дэмакратыі і тая ўлада, якая прыйдзе цяпер, будзе шукаць свой асабісты рэцэпт найлепшага кіравання краінай.
Аўтазакі і "касманаўты".
Кандыдаты ад розных партый таксама прыйшлі паназіраць за працэсам падліку галасоў.
Мясцовыя "касманаўты".
Буфет. Прадаецца гарбата, вада і прысмакі.
Сакрэтна зроблены здымак танка, іншай ваеннай тэхнікі і натоўпу пад залай Мубарака ў Порт Саідзе.
Цікава: сімвалы для непісьменных, якія стаялі насупраць кандыдатаў і партыяў.
Індывідуальныя кандыдаты: пальма, ключ, піраміда, вока, лямпачка, рэвальвер, вагі, птушка, факел, сякера, танк, ракета, Нефірціці.
Партыі: стул, трактар, караблік, ліст, матылёк, домра, пяро, гальштук, арол, маяк, вянок, цёмныя акуляры, пярсцёнак, кубак з кавай, партфель, скрыпка, яблык, дзяцел, футбольная брама, імбрык, ліхтарык, паравоз, куханная пліта, відэлец, нажніцы, матацыкл, парасон, шматпавярховы дом, лесвіца, кандэлябр, стары тэлефон, люстра, вінаград, тэнісная ракетка, штурвал карабля, люлька для тытуню, званочак, ровар, глобус, футбольны мяч, фотакамера, кляновы ліст.
Наступная фаза выбараў першасна прызначаная на 5 снежня 2011.