Радзіна: Літоўскія дэпутаты ў жаху ад сітуацыі з Бяляцкім

Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё распавяла рэдактарка сайту "Хартыя'97" Наталля Радзіна.

110809 Radzina_site.mp3

Яна распавяла літоўскім дэпутатам пра свой арышт пасля падзеяў 19 снежня 2010 году, знаходжанне ў турме, уцёкі. Радзіна адзначыла, што ёй самой і іншым палітвязням вялікую юрыдычную і фінансавую дапамогу аказаў незарэгістраваны праваабарончы цэнтр "Вясна". Па яе словах, цяперашні арышт кіраўніка праваабаронцаў Алеся Бяляцкага ставіць пад удар усіх палітвязняў. Прыкра, што менавіта сёння гэтыя людзі засталіся без падтрымкі, адзначыла Радзіна.


Па словах журналісткі, адкрытая частка паседжання складася з яе выступу і пытанняў да яе. Радзіна адзначыла, што ўсе прысутныя дэпутаты Сейма прыносілі свае прабачэнні за дзеянні Літвы. Іх цікавіла, як пасля пасля апошніх падзеяў беларусы будуць ставіцца да Літвы. Міністр юстыцыі Рэмігіюс Шымашус, які прысутнічаў на паседжанні, назіраў з выступамі моўчкі.

***

Еўрарадыё: Што сёння адбывалася ў літоўскім сейме?
110809 Radzina_site.mp3
Радзіна: “Сёння было склікана нечарговае паседжанне камітэта па замежных справах Сейма Літвы. На гэтым паседжанні планавалася абмяркоўваць сітуацыю, якая склалася з перадачай беларускім уладаў банкаўскіх рахункаў беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, што прывяло ў Беларусі да арышту кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.
Паседжанне адкрылася з майго выступу. Мяне прадставіў старшыня камітэта па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс. Уручыў мне кветкі, заявіў, што Літва радая вітаць рэдактара сайта “Хартыя” на сваёй зямлі. Я пачала свой выступ з асабістай гісторыі. Распавяла аб тым, як я была арыштаваная 19 снежня, правяла час у КДБ, затым два месяцы ў ссылцы і была вымушана бегчы з Беларусі.

Далей я распавяла, што ўвесь гэты час, калі я падвяргалася рэпрэсіям у Беларусі, мне аказваў вялікую дапамогу менавіта праваабарончы цэнтр “Вясна” пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага. Я адзначыла, што гэта ганебны факт, што сёння неабдуманыя паводзіны Літвы прывялі да арышту гэтага вядомага праваабаронцы. Такім чынам, былі пастаўлены пад удар сем’і ўсіх палітзняволеных і ўсе палітрэпрэсаваныя ў Беларусі, паколькі менавіта “Вясна” аказвала юрыдычную і фінансавую падтрымку гэтым людзям.


Калі я сядзела ў турме, менавіта “Вясна” дапамагла маім бацькам...  Такая ж дапамога аказваецца сем’ям усіх палітзняволеных. Акрамя таго, мы ведаем, што менавіта “Вясна” аплочвала штрафы, якія былі незаконна прысуджаны і працягваюць прысуджацца дэмакратычным актывістам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. І гэта сумна, што менавіта сёння Літва паспрыяла таму, што ўсе гэтыя людзі аказаліся фактычна без падтрымкі”.

Еўрарадыё: Што яшчэ абмяркоўвалася, ці нехта выступаў з літоўскіх прадстаўнікоў?

Радзіна: “Адкрытая частка паседжання Сейма якраз складалася з майго выступу і пытанняў да мяне дэпутатаў Сейма. На паседжанні таксама прысутнічаў міністр юстыцыі Рэмігіюс Шымашус. Члены камітэта па замежным справам усе выбачаліся за дзеянні Літвы. Міністр юстыцыі моўчкі назіраў за нашай размовай. Было вельмі шмат пытанняў, у прыватнасці, пра сітуацыю ў Беларусі і пра палітзняволенных, таксама пра тое, якое было ўтрыманне ў СІЗА КДБ, пад які ціск сёння патрапляюць беларускія журналісты, чым Літва сёння можа дапамагчы Беларусі.

Літоўскіх палітыкаў вельмі цікавіла сённяшняе меркаванне беларусаў пра Літву, бо яны самі ў жаху ад таго, што Літва — дэмакратычная краіна, аказалася ў сітуацыі, калі беларусы пачынаюць асцерагацца сюды прыязджаць. Я пабачыла сапраўды глыбокае зацікаўленне вырашэннем гэтай праблемы, каб паспрабаваць выправіць гэтую памылку ўсімі магчымымі шляхамі і надалей не дапускаць такіх промахаў”.

Еўрарадыё: Хто яшчэ з беларускіх прадстаўнікоў прысутнічаў на гэтым паседжанні?

Радзіна: “На паседжанні яшчэ прысутнічаў каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” Павел Марыніч”.

Фота — Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі