Рэанімацыя народных святаў Беларусі

На мінулым тыдні Мінск адсвяткаваў “Гуканне вясны”. Вялікае свята сабрала ў гарадскім парку імя Горкага шмат дарослых людзей і дзетак. Адна з арганізатарак рэгулярных аднаўленняў народных беларускіх свят – Таццяна Пладунова, выкладчык кафедры этналогіі і фальклору БДУ Культуры і Мастацтва– расказала Еўрарадыё з чаго ўсё пачыналася, і навошта Інстытут Культуры аднаўляе старыя традыцыі:

Наша спецыялізацыя- этнафаназнаўства – распачала сваю дзейнасць у 2004 годзе і яе мэтамі былі і ёсць аднаўленне і папулярызацыя такіх важных  праяў нашай музычнай культуры, як этнафонія рэгіёнаў Беларусі.

Нашы студэнты вывучаюць каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя, побытавыя традыцыі беларусаў і ўсё гэта робіцца дзеля таго, каб гэтыя традыцыі гучалі. Таму што асновай любога абраду, вядома, акрамя дзеянняў і персанажаў, ўсё ж такі з’яўляецца гук, акустычны код нашай культуры. І вось пакрысе, ўжо пяць гадоў, мы інтэнсіўна вывучаем рэгіянальныя этнафанічныя традыцыі. Навошта? Каб яны жылі і аднаўлялі падсвядомыя рытмы, якія пульсуюць у кожным беларусе адпаведна  рытмам прыроды”.

Таццяна расказала, што з кожным годам ўсё больш і  больш людзей далучаецца да  народных святаў і гэта дапамагае ёй адчуваць сябе больш натхнёнай, калі яна бярэцца за наступнае мерапрыемства:

Гуканне вясны”, якое нядаўна адбылося ў Парку Горкага, засведчыла той момант, што народнай культурай сёння цікавіцца шмат людзей, моладзь і дзеткі. Усе мы разам здольныя аднавіць, рэанімаваць свае культурныя коды, таму што яны ўсё адно жывуць у нас. Проста важна расказваць пра гэта з самага дзяцінства. Вы самі бачылі, што некаторыя ўдзельнікі “Гукання вясны” і не спявалі, альбо толькі слухалі ці падпявалі прыпеў, але я ўпэўненая што гэтыя эмоцыі і ўспаміны застануцца з імі на ўсё жыццё.

Важна, каб свята было зроблена прафесійна, якасна, а гэта рэальна тады, калі мы будзем ездзіць у этнаграфічныя экспедыцыі, вывучаць запісы, аднаўляць акустычныя коды ад нашых носьбітаў. І вельмі важна, каб на такіх святах было шмат людзей, якія паглыбленыя ў іх змест. Прафесіяналаў”.

Разумеючы вялікую важнасць аднаўлення народных святаў Беларусі, Таццяна і яе калегі адчуваюць, што хутка ня змогуць займацца арганізацыяй мерапрыемстваў самастойна, таму будуць удзячныя любой дапамозе. Ад напісання прэс-рэлізаў да стасункаў са СМІ:

Мая справа - аднавіць акустычны код, натхніць людзей вывучаць нашы традыцыі, даць людзям належны рэпертуар, сабраць гурты, каб яны былі здольныя увасобіць этнафонію. З-за гэтага ўсяго мне не хапае часу займацца арганізацыйнымі справамі”.

Нядаўна фальклорны Мінск пражыў  “Гуканне вясны”, “Масленіцу” і па крысе мы набліжаемся да наступнага свята:

Чакайце, калі ласка, Купалле. Мы робім абвесткі на www.ethno.by і раім глядзець навіны на сайце гурта “Ветах”, дзе я таксама спяваю -  www.vetah.narod.ru

Купалле пройдзе прыкладна з 23 на 24 чэрвеня. Мы вас усіх чакаем!

Дарэчы, 26 сакавіка адбудзецца чарговае  “Гуканне вясны”. Гэтым разам свята паедзе ў Вязынку.


фота: Алег Лук'янаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі