Скрыпка: Ва Ўкраіне адбываецца культурны генацыд, але ў нас лепш, чым у вас

110909 Inter .mp3

Адкуль з'явіўся ваш новы праект "Этна-дыска", і ўвогуле, што гэта?

Алег Скрыпка: Я ініцыяваў ужо некалькі гадоў таму такую рэч, якая называецца "Вечарніцы". "Вечарніцы" я пачынаў з вечарынак у традыцыйным стылі, аўтэнтычным. А потым адбывалася пэўная мадэрнізацыя, то бок змешванне старажытнай музыкі і сучаснай. У выніку я ўнёс у "Вечарніцы" такую дыскатэку, якую назваў "Этна-дыска". Я сам займаюся арганізацыяй фолк-фестываля "Краіна мрій", таму ў мяне вельмі шмат музыкі, якая на дыскатэках не круціцца, але на такіх сучасных этнічных вечарынках можа добра гучаць. Атрымалася, што з гэтай праграмай у выглядзе дыджэя я ўжо праехаўся па некалькіх рознафарматных фэстах, і яна вельмі добра працуе, яна ўжо правераная часам і людзьмі, бо людзі танчаць. Але думаю, што лепшае месца такой праграмы ўсё ж на этнічным фэсце.

Вы сябе адчуваеце камфортней, калі граеце жывым калектывам, ці калі граеце дыджэй-сэт?

Алег Скрыпка: Гэта розныя рэчы. Адзінае, калі публіка не дыскатэчная і чакае ад мяне жывога выступу, то можа быць нейкае непаразуменне. А калі гэта клубная вечарынка, то ніякіх праблем не бывае. Калі людзі чакаюць ад мяне нейкага перфомансу, нейкіх фірмовых жэстаў, то іх няма, бо рукі занятыя фэйдэрамі. Мне кайф ад дыджэінга ў тым, што на канцэрце з "Воплямі Відоплясова" я прадстаўляю сваю музыку і некалькі кавераў на іншых выканаўцаў ці народную музыку. - А тут я магу паказаць добрую палітру рознай музыкі, як бы маё ўяўленне таго, які музычны свет на сённяшні дзень. Тое, што я прадстаўляю на дыскатэцы, зразумела, гэта мой фантазм. Мне б хацелася, каб гэтая музыка гучала паўсюль, па радыё, па тэлебачанні, але яна мае ратацыю толькі ў мяне ў праграме. Асабліва я рад, што я ў вас у гасцях у Беларусі, бо недзе адна пятая праграмы – гэта добрыя беларускія трэкі, якія правераныя, якія качаюць. Там ёсць арыгінальныя тэркі гурта "Троіца", ёсць рэміксы на "Палац", ну і яшчэ некалькі добрых трэкаў.

Ваша праца, як дыджэя не перашкаджае вам, як лідару "ВВ"?

Алег Скрыпка: Перашкаджае. Адбываецца нечаканы для мяне момант: арганізатары не заўсёды анансуюць, што гэта не "ВВ", а што я, як дыджэй. У выніку ўзнікаюць прэтэнзіі кшталту "а што табе слабо з баянам праспяваць", ці "а чаму ты пад фанеру граеш", вось такія пытанні. Але, з іншага боку, мне падабаецца ўпляценне ды-джэйскай музыкі ў этнічны фестываль. Думаю, гэта правільна, гэта прыцягвае дадатковую публіку да той музыкі, што звяртаецца да этнічнай тэмы".

Улічваючы, што вы робіце шмат рэчаў для адраджэння украінскай этнікі, узяць той жа фестываль "Краіна мрій", то гэты дыджэйскі праект трэба лічыць працягам вашай дзейнасці, ці ўсё ж планавалася, што гэта будзе нешта зусім іншае?

Алег Скрыпка: Гэта яшчэ адзін крок у прасоўванне гэтай музыкі, і досыць эфектыўны крок, я вам скажу. Бо гэтыя міксаваныя трэкі выдатна праходзяць на радыё. Да таго ж праект вельмі мабільны. За мінулыя тры дні, я быў у Чыкага, дзе граў дыскатэку, два дні таму ў Чарнаўцах, а зараз я ў вас. З калектывам такога не атрымаецца. А так вельмі гэта проста, плюс, на сённяшні дзень дыджэйская музыка вельмі папулярная. Ну, а яшчэ ў мяне ж такая манера працаваць у розных ролях, рабіць адно і тое ж мне не падабаецца.

Вы выступалі за стварэнне ў Расіі тэлеканала ўкраінскай музыкі, што цяпер чуваць з гэтым праектам?

Алег Скрыпка: Увогуле, гэтая ініцыятыва пайшла з Расіі. У Расіі стварылася даволі вялікая украінская дыяспара, якая пажадала стварыць такі канал. І нібыта яны размаўлялі з крамлёўскай ўладай, і тыя далі згоду. Але пакуль нешта нічога не чуваць. Гэта ж усё залежыць ад сітуацыі паміж Крамлём і Кіевам. Там жа ў нас нібыта была такая любоў, што цалаваліся ў вусны, а зараз ужо няма таго кахання, мабыць таму гэта пытанне зараз застопарылася.

Але калі глядзець украінскія каналы, то там з украінскай музыкай усё не так ужо і дрэнна. Дык чаму ж вы б'еце трывогу, што ва Ўкраіне знішчаецца ўкраінская культура?

Алег Скрыпка: Зразумела, што ў параўнанні з беларускай сітуацыяй, наша сітуацыя значна лепшая. Але, ведаючы, колькі ўкраінскай музыкі ёсць, колькі сапраўды якаснай музыкі і колькі яе прадстаўлена, то, кажучы адкрыта, відавочна, што на тэлеканалах адбываецца культурны генацыд нацыі. Гэта калі казаць адкрыта. Сучаснымі метадамі, абсалютна спакойна, ніхто нікога не забівае, проста штосьці прыбіраецца з эфіру, штосьці ставіцца, і ў выніку знікаюць нацыі і знікаюць мовы. Прычым лічыцца нармальным, калі людзі хвалююцца, што знікаюць нейкія птушкі ці жывёлы, але тое, што знікае цэлая нацыя, вялікая ў сваёй гісторыі, сваёй мове, сваіх традыцыйных народных песнях, нікога не клапоціць. І гэта адбываецца абсалютна адкрыта, прылюдна і спакойна.

Ведаем, што на "Камяніцу" вы прыехалі не проста выступіць, нібыта ў планах ёсць прывесці сюды ваш фолк-фэст "Краіна мрій". Ці можна даведацца пра гэта больш падрабязна?

Алег Скрыпка: Увогуле ў нас беларускія артысты пастаянна хэдлайнеры на "Краіне мрій". І нават не таму, што я нядаўна даведаўся, што ў мяне 25% беларускай крыві. Проста насамрэч вельмі якасная музыка, шмат выдатнай музыкі, плюс з беларусамі вельмі заўсёды вельмі проста і прыемна працаваць, тым больш мы знаходзімся побач. Былі размовы зрабіць экспарт "Краіны мрій" у Беларусь, зрабіць фэст у Мінску ці пад Мінскам. Але я не ведаю ці маю я права распавядаць пра гэта, ці не, бо гэта проста размовы. Часам размовы заканчваюцца проста размовамі, але калі яны заканчваюцца, напрыклад, сённяшнім маім прыездам, гэта ўжо выдатна. А калі будзе магчымасць зрабіць сумесны беларуска-украінскі фестываль... Хоць па складзе выступоўцаў ён ва Ўкраіне практычна і ёсць беларуска-украінскі. Але, калі зрабіць яго ў Беларусі, я б вельмі ганарыўся. Я б прапанаваў сваю рэжысуру, сваю праграму, па магчымасці прывезці колькі будзе можна украінскіх артыстаў, скарыстацца тымі кантактамі, якія ў мяне ёсць, кантактамі артыстаў, якія ўжо прыязджалі ў Кіеў, і прывезці іх сюды. Раскошных артыстаў вельмі шмат, але канцэпцыя фестывалю "Краіна мрій", што праграма ніколі не паўтараецца, кожны раз прыязджаюць новыя артысты, ці старыя прывозяць новую праграму. І што важна - сумесныя праекты. Як раз тут было бы выдатнае поле, каб аб'яднаць беларускіх і ўкраінскіх артыстаў. Магчыма, адразу прапаноўваць праекты. Напрыклад, такі добры гурт, як "Тартак", яны ўжо зрабілі адну песню з "N.R.M.", а на "Краіну мрій" яны зрабілі з фальклорным калектывам праект. То бок, прапаноўваць вядомым украінскім калектывам, каб яны прыязджалі і рабілі сумесны праект з якім-небудзь беларускім фальклорным калектывам.

Але можна ці ўжо спадзявацца і чакаць, што ў наступным годзе "Краіна мрій" будзе ў Беларусі?

Алег Скрыпка: Вядома! Ужо і спадзяемся і чакаем, я гэтага вельмі жадаю. Але я скажу банальна - фінансы, усё заўсёды ўпіраецца ў фінансы. Напрыклад у мяне дома творчы складнік ёсць, творчы багаж ёсць і вельмі моцны. Калі ёсць фінансавыя магчымасці, то адразу пад іх і прапісваецца праграма. А будаваць паветраныя замкі не мае сэнсу.

Якіх рэлізаў можна чакаць у бліжэйшы час ад усіх вашых праектаў?

Алег Скрыпка: Я ж запеў на беларускай мове. Песня "Краіна мрій" перакладзеная на беларускую мову (размова пра праект "Тузін. Перазагрузка-2" - заўв.Еўрарадыё). Ад гэтага і паехала, зараз песню "Краіна мрій" пераклалі на японскую мову, буду спяваць па-японску. Ну, а агулам, на партале "Краіна мрій" - гэта партал і фестывалю і музычнага выдавецтва, усю музыку можна свабодна скачаць, не ведаю, так будзе заўсёды, ці гэта пілотны варыянт. Усё, што зараз выдавецтва выдае, усё зараз можна скачаць, можна скачаць нават вокладку і самому надрукаваць. І ўсё што выдаецца ад "ВВ", сінглы "Ладо", "Чіо Чіо Сан", "Відпустка" таксама можна ці набыць, ці проста скачаць. Плюс, я напэўна саспеў выдаць свой дыджэйскі дыск-складанку. Ён хутка выйдзе. Нядаўна выйшаў мой джазавы праект - сольны альбом, які называецца "Жоржина". А зараз, як прадзюсар, я рыхтую новы альбом, які, спадзяюся, паспеем выдаць ужо ў верасні. Калі ведаеце такую украінскую спявачку Ніна Матвіенка, дык гэта яе апошні праект, у якім яна зацікавілася украінскім барока. Гэта песні ад 15-га да 18-га стагоддзя.

Іншыя артысты наадварот змагаюцца з падпольнымі дыскамі, а вы прапануеце скачаць нават вокладку, ці не б'е гэта па кішэні?

Алег Скрыпка: У мяне такое ўражанне, што ўсё роўна нічога не прадаецца, а таму навошта... для мяне ж, як для артыста, усё роўна першая задача, каб мая песня максімальна хутка дасягала вуха слухача. Ну, а потым, зразумела, трэба зарабіць грошы, каб іх укласці ў студыю. Не ведаю, як іншыя артысты, але казаць, што я калісьці штосьці зарабляў на дысках, я не буду, такога не было. Так атрымалася. Выдавецтвы проста абіраюць артыстаў: яны не афішуюць рэальныя продажы. Магчыма, іх рэальна няма, а можа пірацкі бок такі ж афіцыйны. Вельмі часта бывала, што падпісваеш з кімсьці ўсё афіцыйна, а ён пачынае лупіць твае дыскі "па-чорнаму" і прадаваць. Гэта ў Маскве так было. А калі я стварыў сваё выдавецтва, гэты рынак проста абваліўся. Але, з іншага боку, я магу кантраляваць якасць, і гэта асноўная задача. То бок я магу кантраляваць і якасць дызайну, і калі яно выходзіць, і прэзентацыі рабіць якасныя, і, што цікава таксама, займацца прадзюсінгам. Не шмат, але я выдаю нейкую музыку, якую мне цікава. Зноў жа дыск "Украінскае барока" - вельмі важны для Украіны... такая спявачка, як Ніна Матвіенка, гэта ўжо здабытак не толькі Украіны, але і ўсёй планеты. Зразумела, дзяржаве да гэтага няма справы, але ў мяне ёсць магчымасць гэта зрабіць. Я нават скажу, што гэта не шмат каштуе, бо гэта акустычная музыка і яе вельмі проста запісаць.

Працягваючы тэму з рэлізамі, усё ж ці пішацца новы альбом "ВВ", калі яго чакаць?

Алег Скрыпка: Альбом пішацца, і ён ужо шмат год пішацца. Тыя трэкі, якія я ўжо называў "Ладо", "Чіо Чіо Сан", "Відпустка" і яшчэ некалькі - гэта песні з новага альбома. Мы проста не сталі цягнуць інтрыгу, і выдаем іх у якасці сінглаў. Нават кліпы ўжо круцяцца, а альбома яшчэ няма. Мне б вельмі хацелася гэты альбом зрабіць яшчэ ў гэтым годзе. Я вам шчыра прызнаюся, што нам трэба яшчэ песенькі чатыры закатаць у студыі. То бок больш за палову альбома ўжо, здаецца, нават майстарынг прайшла. Так, яшчэ песенькі чатыры трэба запісаць, але калі мы гэтым зоймемся!? Прычым зараз мы зноў паедзем у юбілейны тур, у нас такая вялікая частка канцэртаў будзе па азіяцкай частцы Расіі, бо Еўропу мы ўжо ад'ездзілі. У нас будуць выступы па Дальнім Ўсходзе і Сібіры, мы будзем вельмі занятыя, а гэта небяспечна для запісу. Да таго ж у мяне ёсць такая спецыфіка: я калі граю шмат канцэртаў, то не магу працаваць у студыі, бо ў мяне сядае голас. На сцэне, магчыма, з-за адрэналіну, не ведаю, у мяне ёсць голас. А вось калі я прыходжу ў студыю, то няма такой сітуацыі, я публікі не бачу і не магу спяваць так, як на сцэне. І каб запісацца ў студыі мне трэба як мінімум два тыдні адпачынку ад канцэртаў. Момант, з-за якога студыйная праца увесь час чакае. Мы запісваем інструментальныя трэкі, і тое, дзе мне трэба вакал прапісаць, ляжыць пластамі. Ну, калі не паспеем у гэтым годзе, то зробім у наступным.

Звычайна на альбомах у вас з'яўляліся каверы, не так даўно з'явіўся яшчэ адзін кавер на песню Гарыка Сукачова "Напои меня водой", ці не будзе ён таксама ўключаны ў новы альбом, і ці будуць там яшчэ якія каверы?

Алег Скрыпка: У нас назбіралася такая вялікая колькасць гэтых кавераў, да таго ж яны апошнім часам пасыпаліся як гарох. Мы тут Маршала зрабілі, і амаль не зрабілі Макарэвіча, але, дзякуй богу, яны самі адмовіліся... "Наутилус Помпилиус" зрабілі, карацей там ужо набралася на выданне цэлага альбома кавераў. Адбяром тое, што мы яшчэ раней рабілі, а гэта і AC/DC і Queen, і каб не мяшаць выдадзім асобны альбом нашых кавераў. А новы альбом будзе складацца з нашых аўтарскіх песень і народных украінскіх.

Фота: GlucTim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі