Стралок: За паляванне ў дзень прыезду Лукашэнкі мяне не пакаралі
Працаўнік брэсцкага камунгаса адстрэльваў сабак у той час, калі кіраўнік дзяржавы гуляў па брэсцкіх вуліцах. Ён прызнае, што давялося мець справу з аховай прэзі
Працаўніка камунгаса, які ў дзень нядаўняга прыезду ў Брэст Аляксандра
Лукашэнкі страляў па сабаках, не пакаралі. Пра гэта Еўрарадыё стала
вядома ад самога стралка.
Супрацоўнік аддзела адлову бадзяжных жывёл: "Я страляў. На бульвары Гогаля. Вось дзве гільзы. Ахова прэзідэнта там была".
Па
словах ветэрана аддзела, ніякіх санкцый супраць яго не было ні ў дзень
здарэння, ні пазней. Толькі непрыемныя размовы. А вось пра тое здарэнне
"пішуць розную лухту", сказаў стралок. Прыкладам, нібыта стральба была
такая інтэнсіўная, што "гільза нагу журналістцы апякла". Хіба можа
пластмасавая гільза апекчы нагу? — пытаецца мужчына.
Нагадаем, сайт "Виртуальный Брест" пісаў:
"Падчас сустрэчы Прэзідэнта ў горадзе была адкрытая страляніна. Прычым
стрэл быў гучны, чулі яго многія, і рэакцыя службы бяспекі была
неадкладная — знайсці і абязшкодзіць. Але трывога аказалася дарэмнай —
вёўся планавы адстрэл бадзяжных жывёлаў. Хто і чаму не скарэктаваў план —
пакуль загадка... Служба бяспекі спрацавала аператыўна, стралка
знайшлі, яго начальства таксама...".
Малодшы калега працаўніка камунгаса А. пацвердзіў:
"У
той дзень мы працавалі з гонарам. Выпусцілі столькі сабак у горад!
Працую тры гады тут, ніколі такога не было, каб акурат на дзень прыезда
прэзідэнта выпусцілі столькі сабак".
А, як высветлілася,
стралялі ў сабаку байцовай пароды, у піт-буля, сказаў малады чалавек.
Нібыта, забіць сабаку не ўдалося, яго забралі два бамжы, начапіўшы
наморднік.
Мабыць, сапраўды 29 кастрычніка ў Брэсце быў дзень дзіўных супадзенняў, бо ўвечары народны артыст Расіі Валерый Залатухін паказаў у драматычным тэатры імя Ленінскага Камсамола спектакль “Сабачае сэрца”...