Света Круглова: “Час выходзіць з ценю”
Для тых, хто не ведае: у беларускай этна-дзівы Веранікі Кругловай ёсць сястра – Света. Таксама спявачка. Учора мы наведалі яе канцэрт.
“Усе ведаюць мяне як сястру Веранікі. А тут – бах! Я, аказваецца, спяваю!” – смяецца Света – старэйшая сястра Веранікі Кругловай, мама Валерыі Валадзько і джазавая спявачка. Прычым, джазам Света Круглова займаецца даўно: на пачатку 90-х яна саліравала ў джаз-аркестрах і спявала ў дыксілэндзе “Рэнесанс”. Прыхільніца і сяброўка Светы Інга Дземідовіч сцвярджае: Света з тае пары не змянілася!
Інга Дземідовіч: “Я так прывыкла да яе, да яе гэтых пачуццяў. Мне падаецца, што яна заўсёды такой была – я яе памятаю напэўна з году 1994-га, калі яна выступала з Дыксілэндам. І я яе з тых часоў памятаю – такую Свету, і на сённяшні дзень, мне падаецца, яна нават маладзейшай стала”.
Света Круглова і Віктар Пынцікаў
Улад Мазуркевіч
Андрэй Мельнікаў
Зараз Свету Круглову можна сустрэць у мінскіх клубах. Па запрашэнні спявачкі Еўрарадыё завітала ў “Графіці” і застала яе ў кампаніі выбітных музыкаў - Карэна Карапецяна, Аляксея Золатава, Андрэя Мельнікава, Віктара Пынцікава, Улада Мазуркевіча. Гучалі хіты кшталту “Fly Me to the Moon”, “Água de Beber”, “Summertime”…
“Боса-нова – музыка кахання – вельмі люблю. Джазавыя стандарты, блюзы, н’ю-джаз – люблю слухаць – нічога не выконвала. Але прыязджаў гурт з Піцера “Non Cadenza” – мне вельмі спадабалася. ”, - распавядае спявачка пра свае музычныя прыхільнасці. Спрабавала яна сябе і ў этна-кірунку: на пачатку 2000-х спявала ў этна-рок-гурце Юр’я, але вырашыла – гэта плынь Веранікі.
Света і Вераніка ў дзяцінстве
Света Круглова: “Мы такія розныя, у розных жанрах працуем. Хоць Веранічка заўсёды любіла джаз, і калі трэба – яна заспявае, вельмі добра! Мы падобныя і непадобныя таму што яна ўсё-такі фолк-спявачка, хаця, джаз мае на ўвазе імправізацыю, зрэшты, як і фолк… Вядома, у цені не хочацца знаходзіцца. Хочацца спяваць, хочацца ўдзельнічаць. Але ў сувязі з тым, што я вельмі часта з’язджала з краіны, я губляла кантакты і пра мяне забывалі. Спадзяюся, я пачну сама сябе прадзюсаваць, шукаць добрых музыкаў, будзем граць. “Графіці” даў нам добры штуршок”.
Света і Вераніка падчас прэзентацыі выставы Жанны Капустнікавай
Слухаючы Свету, міжволі пачынаеш параўноўваць сясцёр. Нечым падобная манера выканання, знешняе падабенства… Тут нам дапамог Карэн Карапецян – сталы ўдзельнік Kriwi і джазавы музыка, які неаднойчы граў разам з Кругловай-старэйшай.
Карэн Карапецян: “У абедзьвюх сясцёр ёсць дар і жаданне. А жаданне – гэта таксама дар, таму што вельмі часта з-за адсутнасці жадання, нават маючы дар, ты нічога не робіш. Абедзьве таленавітыя. Вераніка – яна больш нават актрыса на сцэне. Света – яна спявачка. Света – яна малайчына. Яна стараецца, у яе атрымліваецца. Галоўнае, ты заўсёды бачыш яе іскру ў вачах – нават ад гэтага можна зараджацца. Можна нават не пачуць, як яна спявае, аднак, убачыўшы яе на сцэне, адчуваеш, што чалавек лётае”.
У марах Светы Кругловай – запісаць альбом, прычым, усё для гэтага ёсць – хатняя музычная студыя, муж-музыка, матэрыял. А наша ўвага да спявачкі натхніла яе на актыўныя крокі.
Света Круглова: “Трэба актыўна, актыўна сябе праяўляць. У дадзеным выпадку лянота не праходзіць, ніякі дзядзька не возьмецца. Ці ты сам бярэш сябе ў рукі і нясеш, аддаеш, мітусішся, ці ты складзеш у тумбачку ўвесь свой багаж і сядзіш. Я думаю, што надышоў той час, калі трэба мне стаць дырэктарам, прадзюсарам усіх сваіх праектаў, якія ляжаць у нашай тумбачцы”.
Вось. А яшчэ хочацца пачуць этна-джазавы дуэт – дзвюх сясцёр – Веранікі і Светы Кругловых. Павінна атрымацца цікава!
Аляксей Золатаў
Фота з Фэйсбук спявачкі