Святаслаў Вакарчук: Песні пішуцца "на нерве"!
Еўрарадыё заспела лідара "Океан Ельзи" ў кіеўскім корку. Па дарозе на рэпетыцыю Вакарчук распавёў пра новы альбом, узрост, кампрамісы і сольныя праекты.
Еўрарадыё: Вам ужо даводзілася выступаць у
Мінск-Арэне на прыватных вечарынках, як Вам гук?
Святаслаў Вакарчук: Пляцоўка вялікая, але мы часта граем на вялікіх пляцоўках, гэта ніколькі не палохае і не бянтэжыць нас. Арэна — новая, якасная пляцоўка, там усё прадумана, з радасцю там выступім.
Еўрарадыё: Якую
праграму рыхтуеце для канцэрту ў Мінску? Ці сыграеце 27 песень, як у Маскве?
Святаслаў Вакарчук: Вы нават палічылі? Ну, сыграем, чаму б і не. Хоць, 27 песень — гэта, вядома, вельмі шмат. Паспрабуем!
Еўрарадыё: Распавядзіце які-небудзь сакрэт пра будучы альбом.
Святаслаў Вакарчук: У нас шмат прыемных, але ўсё ж клопатаў, звязаных з гэтым альбомам. Магу вам сказаць, што назву мы ўжо прыдумалі і наўрад ці яна зменіцца. Але пакуль я не гатовы яе вам назваць па розных прычынах. Напэўна, мы назавем яго, калі выйдзе першая песня.
Еўрарадыё: Калі гэта адбудзецца?
Святаслаў Вакарчук: На гэтую тэму зараз усе мае адказы будуць са словам "магчыма" (смяецца). Магчыма, у пачатку лютага. Мяркую, што адразу з'явіцца відэакліп. Скажу так: песня будзе дакладна, а вось як з відэа — паспеем мы ці не, яшчэ думаем. Што гэта будзе за песня — пакуль мы не выбралі. У нас ёсць тры ці чатыры варыянты. Нядобра, напэўна, выхваляцца, але ў гэтым альбоме шмат песень, якія маглі б быць радыйнымі сінгламі. І, напэўна, так яны і зробяць — па чарзе адзін за адным.
Цяпер мы толькі спрачаемся наконт канцэпцыі — што мы хочам
спачатку, і што потым. Таму першую песню яшчэ не выбралі.
Еўрарадыё: Ці ўвойдзе песня "Стіна", якую вы сыгралі з праектам "Брюссель" у Мінску, бонусам у будучую пласцінку?
Святаслаў Вакарчук: З 90%-ай верагоднасцю гэтая песня ўвойдзе ў новы альбом. Я не магу адназначна абяцаць, што мы яе выканаем на канцэрце, але, хутчэй за ўсё, так. Акурат думаем, якія новыя песні збіраемся граць. Я ў дадзеную хвіліну еду на рэпетыцыю і размаўляю з Вамі, знаходзячыся ў кіеўскім корку. Мы цяпер шчыльна займаемся новымі песнямі. Дык вось, "Стіна" па нашай папярэдняй дамоўленасці ўваходзіць у гэты альбом. Мабыць, гэта — адзіная песня з тых, што ўвойдуць у альбом, якую хоць хтосьці чуў. Яна таксама крыху зменіцца, будзе сыграная ў больш рокавым, уласцівым гурту "Океан Ельзи" стылі.
Еўрарадыё: Калі плануеце выхад альбома?
Святаслаў Вакарчук: Я б хацеў, каб мы паспелі гэта зрабіць у сярэдзіне красавіка. Дай Бог, каб так і здарылася. Таму што з сярэдзіны мая мы плануем тур: спачатку па Украіне, потым — фестывалі, а восенню абавязкова прыедзем у вялікі беларускі тур. Я не ведаю, як і калі мы будзем у наступны раз граць у Мінску, але вельмі хочам! Яшчэ не прыехаўшы вось у гэты раз, ужо чакаем наступнага (смяецца). Але ў наступны прыезд мы хочам выступіць у некалькіх гарадах Беларусі, як было з альбомам "Dolce Vita".
Еўрарадыё: У нас з'явіліся новыя Лядовыя палацы! Можа, захопіце больш гарадоў?
Святаслаў Вакарчук: У тых гарадах, дзе нас рады будуць бачыць, у тых мы і сыграем (смяецца). Па-першае, мы вельмі любім граць у Беларусі. Па-другое, блізка, і такія роднасныя душы! Для нас заўсёды ў радасць прыязджаць да вас.
Еўрарадыё: Ці будзе на новай пласцінцы нешта на англійскай?
Святаслаў Вакарчук: У мяне ёсць пару тэкстаў на англійскай мове. Але ва мне змагаюцца два пачуцці — з аднаго боку, хочацца праспяваць на англійскай, таму што мне блізкая гэтая мова і мне падабаюцца такія эксперыменты. З іншага боку, "Океан Ельзи" — гэта ўкраінскі гурт, які любяць за тыя песні, якія мы спяваем па-ўкраінску. Не хацелася б размываць фокус.
Еўрарадыё: Якім гэты альбом будзе музычна? Вось, "Dolce Vita" вы параўноўвалі з альбомам "Я на небі був" ...
Святаслаў Вакарчук: Ведаеце, на першых рэпетыцыях мы думалі, што новы альбом будзе вельмі рок-н-рольным і нават жорсткім. Цяпер жа ўсё складваецца так, што з'яўляецца шмат меладычных і далікатных песень. Не значыць, што іх будзе большасць. Але яны зноў з'яўляюцца! І нельга іх не ўключаць, таму што гурту яны падабаюцца. Я ўжо не хачу быць самакрытыкам. Як скажаце, — так і будзе. Будзе проста 11-12 або 13 новых і, спадзяюся, добрых песень.
Еўрарадыё: Як Вы адбіраеце песні для альбомаў і сольных праектаў?
Святаслаў Вакарчук: Я не тое, каб падбіраю песні. Я, хутчэй, падбіраю новы музычны погляд на песні. Палову песень з "Брюсселя" і палову з "Вночі" маглі б спакойна граць "Океан Ельзи". Вось "Стіну" мы і збіраемся граць, у прыватнасці. Разумееце, у чым штука? Сольны праект - гэта нейкі адпачынак ад таго, што ты робіш у гурце. Не таму, што табе там нешта надакучыла. А адпачынак, таму што заўсёды трэба... Да прыкладу, калі ў цябе ёсць любімая парфума, то лепшае, што ты можаш зрабіць, каб яе адчуць, гэта нейкі час ёй не карыстацца.
Так і з гуртом "Океан Ельзи" . А сольны праект — гэта, хутчэй,
адпачынак, ці проста творчая змена карцінкі.
Еўрарадыё: Як мяняюцца вашы музычныя густы — вы так шмат эксперыментуеце?
Святаслаў Вакарчук: Яны, вядома, змяняюцца, але не глабальна. Хутчэй, пашыраюцца, але нейкая канва застаецца. У мяне ў галаве склалася некалькі эмацыйнае ўспрыманне таго, што я лічу добрай музыкай. І ўсё, што трапляе пад гэтыя пачуцці, я лічу добрай музыкай і слухаю. А стыль, паверце, для мяне не мае вялікага значэння.
Я ўжо гады два не слухаў джаз, а цяпер зноў вярнуўся да
яго і пачаў шмат яго слухаць. Слухаю шмат сучаснай рок-музыкі, чаго са
мной таксама даўно не здаралася. І брытанскага інды-року, і гэтак далей. Разам
з тым, нядаўна пачуў новую песню Рыяны, і яна мне вельмі спадабалася.
Хоць усё гэта зусім розная музыка!
Еўрарадыё: Вось Вы цяпер едзеце ў аўтамабілі, якая музыка ў Вас грае?
Святаслаў Вакарчук: Цяпер у мяне ваш званок на хэндс-фры (смяецца). А наогул, я даўно не слухаў музыку ў аўтамабілі, таму што я шмат часу праводжу на рэпетыцыях. І хочацца ні да, ні пасля іх нічога не слухаць. У апошні раз я слухаў Coldplay.
Еўрарадыё: Ці з'явіцца “пашыраная” версія альбома “Брюссель” — з тымі песнямі, якія былі выкананыя на канцэртах, але не ўвайшлі ў кружэлку?
Святаслаў Вакарчук: На жаль, мы нават не пачалі над ім працаваць, не даходзяць да ўсяго рукі. Але як толькі мы зможам, мы абавязкова яе зробім. Такая ідэя ёсць — уключыць тыя песні, якія мы гралі на канцэртах, але якія першапачаткова не былі на пласцінцы.
Еўрарадыё: Канцэрты "Океана Ельзи" патрабуюць магутнага энергаабмену з публікай. Многія расказваюць, што ў такіх выпадках музыку дапамагаюць стымулятары. Што вы пра гэта скажаце?
Святаслаў Вакарчук: 10-12 тысяч чалавек — гэта само па сабе магутны стымулятар. І вось такім стымулятарам мы любім карыстацца! Калі раптам вы кажаце пра наркотыкі і алкаголь — асабіста мне гэта не цікава. Наркотыкі — дык у прынцыпе.
Еўрарадыё: Алкаголь?
Святаслаў Вакарчук: Алкаголь... Ну, я, натуральна, магу выпіць, але гэта не залежыць ад таго, канцэрт у мяне, ці не канцэрт. Магу перад ці пасля канцэрту крышачку выпіць, а магу і не піць. Усё залежыць ад зусім іншых рэчаў.
Еўрарадыё: Пра "зусім іншыя рэчы" і хацелася спытаць — распавядаюць, што каб канцэрт атрымліваўся больш рэалістычным, музыкі выбіраюць самую прыгожую дзяўчыну ў фанзоне і граць ёй.
Святаслаў Вакарчук: Ёсць такое, але ў Беларусі гэта будзе складана зрабіць. Трэба будзе глядзець на ўсю фанзону адначасова! (Смяецца)
Еўрарадыё: Ці сталее ваша аўдыторыя разам з вамі? І ці ходзяць на канцэрты тыя, хто хадзіў і 15 гадоў назад?
Святаслаў Вакарчук: Яна, хутчэй,
пашыраецца, я б так сказаў. Яна не сталее ў чыстым выглядзе, таму што на канцэртах
з'яўляюцца нават дзеці тых, хто пачынаў з намі.
Безумоўна, калі мы выпусцілі альбом "Модель" і
паехалі ў наш першы вялікі тур, то ў палацах спорту падлеткаў было значна
больш, чым цяпер. Але гэта ж не значыць, што тыя, каму за 20 ці тыя, каму за 30
не хочуць паскакаць і паадрывацца на канцэртах.
Еўрарадыё: Як мяняюцца вашы звычкі з узростам?
Святаслаў Вакарчук: Звычкі... Ну, я дастаткова стабільны па характары чалавек, таму мяне мала што мяняе з узростам. Нічога старэчага пакуль за сабой я не заўважаю (смяецца). Тыя ж рэчы, якія былі 15 гадоў таму.
Еўрарадыё: Наколькі Вы кампрамісны чалавек?
Святаслаў Вакарчук: У творчасці рэдка бываюць кампрамісы, а ў жыцці — досыць часта. Таму што творчасць, у якой ёсць кампрамісы — гэта ўжо не творчасць, а рамяство.
Еўрарадыё: Па-ранейшаму дзеліце песні на групы А, В, С для кожнай пляцоўкі? (А — выконваюцца заўсёды, В — часам, С — рэдка, — заўв.рэд.)
Святаслаў Вакарчук: Так і ёсць! Так і будзе ў Мінску! Я, вядома, не абяцаю, што нашых самых вядомых, хітовых песень не будзе. Яны будуць! Але трэк-ліст будзе, паверце, досыць нечаканым.
Еўрарадыё: Ці пішуцца песні ў дэпрэсіі?
Святаслаў Вакарчук: Толькі так і пішуцца!
Еўрарадыё: На Вас не падобна зусім...
Святаслаў Вакарчук: Я не пра дэпрэсію, такога стану ў мяне амаль не бывае. Я пра іншае. Але на самай справе, пішу большасць песень, калі мне сумна.
Еўрарадыё: Нават тыя, якія называюць "баевікамі" "Океана Ельзи"?
Святаслаў Вакарчук: Не, гэтыя песні я пішу не калі мне сумна (задумаўся). У любым выпадку, гэта адбываецца ў нейкім няроўным настроі, што называецца "на нерве". Калі ў мяне роўны настрой — мне не хочацца пісаць песні.
Еўрарадыё: Наколькі асабістыя для Вас героі Вашых песень?
Святаслаў Вакарчук: Большая частка песень — пра мяне самога. Тыя, якія не пра мяне — як правіла, альбо пра людзей, якіх я асабіста ведаю, альбо пра агульныя перажыванні ў жыцці.
Еўрарадыё: Ці ёсць песні, якія, як вы лічыце, недаацанілі?
Святаслаў Вакарчук: Калі песню недаацанілі, я лічу, што гэта не падстава хныкаць і ўпадаць у дэпрэсію. На кожную песню знойдзецца свой слухач. А калі не знайшлося — значыць, песня нявартая.
Еўрарадыё: Які Вы, калі злы?
Святаслаў Вакарчук: Я вельмі страшны
шэры воўк (смяецца).
Еўрарадыё: Вы выпусцілі шмат паспяховых альбомаў з гуртом. Потым з'явіліся паспяховыя сольнікі. Хацелася б выйсці за межы музыкі? Куды?
Святаслаў Вакарчук: Галоўнае, не выйсці
за межы свету. А свет — вельмі вялікі. Гэта адзіныя межы, якія мяне
абмяжоўваюць. Ва ўсім астатнім для мяне не існуе межаў.
Еўрарадыё: Як Вы паставіліся да сітуацыі з дзвюхмоўем ва Ўкраіне? Украінцы кажуць, што будзе так жа, як у Беларусі — руская пачне выцясняць родную.
Святаслаў Вакарчук: Думаю, што так не будзе. Ёсць шмат прычын. Не менш за палову тэрыторыі краіны ва ўжытку, пастаянна, кожны дзень выкарыстоўвае менавіта ўкраінскую мову і сваёй роднай мовай лічаць яе ж. Гэта доўгае і тонкае пытанне. Калі мова не з'яўляецца натуральнай, то ёсць прыклады, як гэта можна рабіць штучна. Як бы гэта ні гучала дзіўна, але гэта працуе. Напрыклад, іўрыт. Альбо кельцкая мова ў Ірландыі, якую адраджаюць: ад некалькіх адсоткаў ужо палова моладзі на ёй гаворыць.
Еўрарадыё: Палітычная сітуацыя ў краіне паўплывала на вашу творчасць?
Святаслаў Вакарчук: Я як магу стараюся не змешваць творчасць і палітыку. Хоць, у мяне ёсць выразная грамадзянская пазіцыя, заўсёды яе выказваю і ніколі не саромеўся. Але ўсё ж творчасць — гэта крыху іншае.
Мая грамадзянская пазіцыя ніколі нікуды не падзенецца. Але
я не лічу патрэбным яе ўплятаць у творчасць адмыслова. Калі напішацца песня ад
душы, што называецца "надзённая", — яна будзе. Але
пісаць іх адмыслова, як метад барацьбы за нешта або для выказвання сваёй
пазіцыі — я лічу, гэта злачынства ў дачыненні да творчасці.
Еўрарадыё: Што Вы чытаеце для ўласнага
задавальнення?
Святаслаў Вакарчук: Калі ў мяне ёсць вольны час — я самы шчаслівы чалавек на зямлі! Я ўжо ў познім узросце, літаральна пару месяцаў таму прачытаў "Невыносную лёгкасць быцця" Мілана Кундэры. Геніяльная рэч!
Фото: Яўген Ерчак, Ігар Крываконь, Яўген Рэўтаў, news.uklon.com.ua