Таболіч: Каранацыя – гэта як "Славянскі базар", дзе невядома што адбываецца

120316 Svjardlou Karona_0.mp3

Фармат сёлетняй “Рок-Каранацыі” выклікаў неадназначную рэакцыю ў аматараў беларускай музыкі, музыкаў і журналістаў. Сярод яе ўдзельнікаў – толькі 5 гуртоў і Аляксандр Кулінковіч. Ды і другая частка канцэрта мусіць быць аддадзеная камандзе J: Морс, маўляў, за якія такія заслугі? Да таго ж , некалі самая чаканая беларуская рок-узнагарода зноў едзе ў Маладзечна! Такія рэформы Рок-Каранацыі-2011 музычны крытык і сябра журы Зміцер Падбярэзкі тлумачыць банальным недахопам сродкаў і дадае, што ў Маладзечне – таксама людзі жывуць!

“Я быў на той першай "Рок-каранацыі", якая праводзілася ў Маладзечна, і мушу сказаць, што настрой там быў проста выдатны, – успамінае Зміцер Падбярэзкі. - Поўная зала публікі, вялікая зацікаўленасць з боку мясцовых аматараў музыкі. Шмат людзей прыехала з Мінску і іншых гарадоў. Я думаю, што для Маладзечна гэтая цырымонія будзе падзеяй. І я не прадбачу, што будзе неяк горш, чым было ў пазамінулым годзе”.

Алесь Таболіч - лідэр гурта Znich, які мусіць атрымаць карону ў намінацыі "Традыцыі і сучаснасць", параўноўвае "Рок-Каранацыю" са "Славянскім базарам", “дзе невядома што адбываецца”, але паралельна адзначае, што атрымаць карону – значная для музыкі падзея.

“На мой погляд, няма развіцця,  – філасофствуе Алесь Таболіч.  – Можа, таму да імпрэзы і знікла цікаўнасць, бо сёння адзін атрымлівае ўзнагароду, заўтра іншы… "Рок-каранацыя" – гэта, усё ж такі, брэнд. Гэта вялікая, значная для мяне падзея, што я туды трапіў. А ўсялякія меншыя фестывалі ніколі не будуць "Рок-каранацыяй".


Радасна ўспрыняла навіну пра сваё будучае званне "Рок-князёўны" спявачка Зоя Сахончык – лідарка гурта ZM99 і адзначыла, што здарылася б падобнае гадоў 6 таму, шчасцю б не было канца.

Зоя Сахончык: "Наш гурт вельмі доўга чакаў такога кшталту ўзнагароды. Але з часам яна набыла сімвалічнае адценне. Калісьці даўно я вырашыла, што нешта не так з нашым гуртом ці са мной, калі нам не даюць Рок-карону. І як толькі прыйшла пакорлівасць, гэтая навіна звалілася мне як снег на галаву. Таму маё стаўленне да гэтага вельмі неадназначнае. Уяўляю, які б у мяне быў эмацыйны ўсплёск, калі б гэта было гадоў 6 таму. Я ўяўляю, як бы я задрала свой нос".

Лідар гурта Drum Ecstasy Філіп Чмыр называе "Рок-Каранацыю", як, дарэчы, і іншыя беларускія конкурсы, міжсабойчыкам, і прыгадвае на гэты конт цытату з байкі Крылова пра "зязюлю, якая хваліць пеўня за тое, што той хваліць зязюлю". Тым не менш, Drum Ecstasy уздымуцца на сцэну Палаца культуры Маладзечна.

Філіп Чмыр: "У мяне ўвогуле кепскае стаўленне да ўсіх гэтых "каранацый", конкурсаў. Я іх цалкам не прызнаю. Але гэта маё меркаванне, у гурта яно іншае. Справа ў тым, што мы выкарыстоўваем любую магчымасць кантактаваць з публікай. Нас паклікалі – мы сыгралі. Ёсць людзі, для каторых рок-карона – гэта значная падзея. Таму, чаму мы павінны ігнараваць іх?"

Еўрарадыё мяркуе, што Drum Ecstasy атрымаюць узнагароду ад арганізатараў “Каранацыі” “За вернасць жанру”. Akute стануць “Прарывам году”, а Аляксандр Кулінковіч, магчыма, напісаў “Песню года”. Частку ўзнагарод атрымае гурт J: Морс, які "дагэтуль яшчэ не выступаў у межах "Рок-Каранацыі", і які, па задуме арганізатараў імпрэзы, мусіць прыцягнуць гледачоў.

Тут варта прыгадаць той самы "маладзечанскі" 2009 год, калі хэдлайнерам “Каранацыі” быў гурт “Ляпіс Трубецкой”, якому і было прысвечана ўсё другое аддзяленне канцэрту. Тады “Ляпісы” атрымалі адразу 3 узнагароды – галоўную рок-карону ў намінацыі “Гурт года”, лепшая песня (“Зорачкі”) і альбом года (“Манифест”). Ці будзе гурт узнагароджаны і падчас сёлетняй імпрэзы – пакуль невядома.

Фота: naka.by

Філіп Чмыр

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі