Трыб'ют The Beatles аб'яднаў пад сцэнай школьнікаў і пенсіянераў

111108 Malina Beatles.mp3

На мінулых выходных у клубе Re:Public прайшоў вялікі трыб'ют фестываль The Beatles. Стаўленне да такіх мерапрыемстваў не заўсёды адназначнае, бо самі аўтары музыкі, якую выконваюць беларускія гурты на нашых трыб'ютах, звычайна нічога пра гэтыя канцэрты не ведаюць. А калі размова вядзецца пра замежных зорак, то дакладна не ведаюць. Але аўтарскія ганарары паводле ўсіх правілаў мусяць выплачвацца, бо, як бы тое ні было, а наведвальнікі плацяць грошы, каб пачуць менавіта іх песні.

З іншага боку, зразумела, што зладзіць канцэрт саміх "Бітлоў" немагчыма, а іх творчасць застаецца запатрабаванай і цяпер. Тым больш, што нават у Лондане ёсць шмат Beatles-Cafe, дзе розныя гурты выконваюць хіты "ліверпульскай чацвёркі", і ўсё гэта без якіх-небудзь аўтарскіх. DJ Ezhaka, больш вядомая ўсім, як Каця Пытлева, якая круціла класічныя рок-н-ролы 60-х гадоў цягам канцэрта, лічыць, што такія трыб'юты павінны існаваць, і іх мусіць быць шмат.

"Я лічу, што гэта нармальна, бо гэта папулярызацыя дадзенай музыкі, папулярызацыя іх песень. Гэты канцэрт - гэта даніна павагі: тут ніхто не піярыцца, і гэта самае галоўнае. Тут Beatles усё роўна на першым месцы. Калі б яны пра гэта даведаліся, то, мне падаецца, яны б не пакрыўдзіліся. Так што круты атрымаўся фестываль! - падводзіць вынікі Каця Пытлева. - Дзякуй усім музыкам і, у першую чаргу, дзякуй арганізатарам за тое, што ў нашай краіне яшчэ жыве любоў да Beatles".

Аматараў "ліверпульскай чацвёркі" і сапраўды хапала. На канцэрт-трыб'ют прыйшло не менш за 500 чалавек , што здзівіла, абсалютна рознага ўзросту.

"Сярэдні ўзрост сённяшняга мерапрыемства дзесьці 30 гадоў. Тут ёсць пэўная частка студэнтаў "ІнЯза", ну і тых, каго можна падвесці пад гэтую сацыяльную групу. То бок свабодная музыка, peace, love і добры rock-n-roll, - распавядае пра наведвальнікаў адзін з арганізатараў Зміцер Шаўчук. - І ёсць людзі, якія на гэтай музыцы сталі самімі сабой. Да мяне падышла бабуля і кажа: "Чаму вы мяне не папярэдзілі, што тут можна паліць. Я ўжо 30 гадоў, як не палю". Бабуля, сівыя валасы, таксама прыйшла па квітку, то бок не мама чыясьці".

Сапраўды, публіка была абсалютна рознай, але яшчэ больш здзіўляла тое, што ўсе і маладыя і сталыя бесперапынна танцавалі ў адным натоўпе, смяяліся і спявалі ўсім вядомыя хіты. Сярод гэтага натоўпу мы сустрэлі прадстаўнікоў розных беларускіх гуртоў ды тэатралаў, а таксама вядомага беларускай інтэрнэт прасторы прадпрымальніка Андрэя Кабанава:

"Жывем адзін раз, большага не дадзена. Усміхаемся, цалуемся, размножваемся, любім адзін аднаго і слухаем добрую музыку!"

Менавіта такі настрой і панаваў сярод людзей. А падтрымлівалі яго прадстаўнікі тэатра Eye, якія ў гэты дзень святкавалі сваё дзесяцігоддзе. Вось толькі музыкі гурта Love is... крыху знервавалі. Такое адчуванне, што хлопцы мала рэпетуюць, неяк у іх даволі рвана атрымлівалася граць з дзяцінства вядомую музыку. Затое The Apples ды Artefact заходзілі на "ура". Апошнія нават не жадалі сыходзіць са сцэны, ды і публіка іх не вельмі адпускала.

"Вельмі парадаваў Artefact і вельмі спадабалася арганізацыя. Бо ўжо не першы "Бітлз-фестываль" але вельмі мала паўтораў, гэта вельмі добра. - дзеліцца ўражанням ад фэсту Антон, меламан і ўладальнік больш чым пяці тысяч альбомаў класікаў року, вялікі працэнт з якіх – арыгінальныя выданні. - Насамрэч, любы малады чалавек, які бярэ ў рукі гітару і праз год не ідзе піць алкаголь па пад'ездах, а збірае свой гурт, ён з чагосьці пачынае. У любога дрэва мусяць быць карані, яны адлюстроўваюцца ў трыб'ютах на яго ўлюбёную музыку. Пасля гэта распаўсюджваецца і на слухачоў і на выканаўцаў. The Beatles - гэта вельмі добра, але яшчэ ёсць шмат чаго, і, напэўна, варта было б працягнуць".

Ці з'явяцца ў Беларусі канцэрты-трыб'юты іншых класікаў сусветнага року, ведаюць хіба толькі арганізатары гэтых трыб'ютаў. А вось Бітлз-фэсты відавочна павялічваюць папулярнасць. У гэтым жа месяцы адбудзецца яшчэ адзін трыб'ют "Мы любім The Beatles", але гэта яшчэ толькі 20-га лістапада. А фестываль у Re:Public скончыўся бліжэй да 24-й гадзіны, і, мяркуючы па ўсмешках наведвальнікаў, зрабіў амаль немагчымае - перанёс аматараў Beatles у далёкія 60-я гады на канцэрт маладога але ўжо вельмі папулярнага гурта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі