У Брэсце прайшла забароненая прэзентацыя інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”
Пра бібліятэку прысутным распавялі кіраўнік праекта Яраслаў Іванюк і бібліятэкарка Наталля Герасімюк.
Яраслаў Іванюк: "За амаль ужо 11 гадоў мы назбіралі каля 7 тысяч беларускіх тэкстаў: кніг, газет, тоўстых часопісаў, mp3-файлаў. У дзень нас адчыняюць ад паўтары да дзвюх тысячаў чалавек са ста краінаў свету. Збольшага, канешне, з Беларусі. Гэта даказвае: літаратура на беларускай мове не для жменькі людзей. Натуральна, перад намі стаяць новыя задачы. Да нас звярнуліся нашы чытачы, маўляў, файна, што вы змяшчаеце пераклады на беларускую мову. Нам хацелася б пачытаць пераклады расійскай класікі. І такія пераклады ёсць".
Найперш у “Камунікаце” з’явяцца Дастаеўскі і Бунін. Паралельна развіваецца аблічбоўванне перыёдыкаў і неперыядычных газет з 1990-х гадоў, ідзе праца з выдавецтвамі і аўтарамі, кажа Іванюк.
З брэсцкіх аўтараў у “Камунікаце” ёсць поўны збор твораў Уладзіміра Калесніка. Але ў Цэнтры імя Калесніка ў Брэсцкім універсітэце прэзентацыю 29 красавіка забаранілі. Давялося знайсці іншае месца.