У бюлетэнях некаторыя партыі пазначаныя танкамі і ракетамі
Карэспандэнтка Еўрарадыё працягвае перадаваць рэпартажы з Егіпта, дзе праходзяць парламенцкія выбары.
Сёння вайскоўцы дзейнічаюць больш агрэсіўна, яны ледзьве не забралі ў яе фотакамеру, прымусілі выдаліць усе фотаздымкі.
111129 SikorskayaS.mp3
Еўрарадыё: Што адбываецца зараз у Егіпце?
Ціна Сікорская: Парламенцкія выбары працягваюцца і ўчора мы назіралі за працай на ўчастках. Нас трое: я, праваабаронца з Кубы і мясцовы хлопец, які працуе ў праваабарончай арганізацыі ў Каіры. Ён перакладае, бо тут мала хто разумее па-англійску. Мы паказваем свае пасведчанні, якія нам выдала праваабарончая арганізацыя з Каіра. Гэта нам спрашчае ўваход на ўчасткі. Учора ўсе было пазітыўна, задорна. Мы наведалі дванаццаць-трынаццаць школ. У кожнай школе каля трох выбарчых участкаў. То бок за два дні мы наведалі трыццаць выбарчых пунктаў.
Ваенныя ахоўваюць участак, а ўнутры за парадкам сочыць старшыня камісіі — суддзя. Менавіта ў суддзі мы павінны пытацца, ці можна здымаць ды глядзець. Учора мы вольна здымалі і хадзілі, глядзелі ўсе бюлетэні, глядзелі як людзі акунаюць свае пальцы ў чарніла — ім трэба адзначацца для кантролю галасавання (калі ты быў на выбарчым участку, у цябе на пальцах будзе чарніла).
Мы глядзелі за парушэннямі ды наколькі ўсе было арганізавана. Былі вялізныя чэргі па 150 чалавек, па 200 і больш на кожным участку. Ад раніцы стаялі ў асноўным мужчыны, пад вечар мы бачылі болей жанчын з дзецьмі.
Мы глядзелі, ці ўсе людзі акунаюць пальцы ў чарніла, ці ўсіх людзей правільна рэгіструюць, ці усім тлумачаць і дапамагаюць. Напрыклад, інвалідам. Не ўсе жанчыны ўмеюць чытаць, пісаць — ім прыходзіцца прасіць дапамогі ад спецыяльных людзей, што знаходзяцца на участку... Вельмі-вельмі шмат людзей. Каб паменшыць гэты тлум, вайскоўцы трымаюць людзей звонку. Гэта дзіўна для беларускага вока выглядае, як людзі ломяцца аддаць свой голас.
Еўрарадыё: Ці праўда гэта, што ў іх на бюлетэнях для тых, хто непісьменны, партыі і кандыдаты пазначаныя спецыяльнымі значкамі і малюначкамі?
Ціна Сікорская: Так. Гэтыя фотаздымкі неўзабаве з’явяцца на нашым сайце... Я рабіла інтэрв’ю з людзьмі, пыталася, ці падабаецца ім, ці адчуваюць яны розніцу з папярэднімі выбарамі, якіх яны чакаюць вынікаў — і ўсе адказалі: ”усе проста супер, мы вельмі задаволеныя і адчуваем, што сапраўды нешта робім для сваёй краіны”.
Eўрарадыё: А якія менавіта там малюнкі?
Ціна Сікорская: На некаторых малюнкі даволі нейтральныя — вагі, дрэўцы. Але ёсць партыя, якая пазначана танкам, есць перакрыжаваныя пісталеты ці аўтаматы. Егіпцяне гэта цалкам прымаюць...
Еўрарадыё: Што сёння адбываецца на вуліцах?
Ціна Сікорская: У параўнанні з учорашнім днём, вайскоўцаў на вуліцах было нашмат болей. Сталі з’яўляцца металічныя агароджы, як у нас на плошчах падчас мітынгаў. Стала з’яўляцца болей танкаў, бронемашыны стаяць побач амаль з кожным участкам. Вайскоўцы стаяць са шчытамі і дубінкамі. Гэта адразу прыцягнула ўвагу... Сёння чакаюцца сутычкі паміж выбарцамі розных партыяў.
Справа ў тым, што ў іх ёсць уплывовая партыя – “Мусульманскае брацтва” (кажуць, што яны маюць каля 40% падтрымкі ў насельніцтва), якая была ў апазіцыі да Мубарака. Цяпер жа часовы кантроль над сітуацыяй знаходзіцца ў вайскоўцаў, і яны разумеюць, што ў выпадку перамогі “Мусульманскага брацтва”, войска будзе адсунута ад улады...