ДФР пакінуў Алеся Бяляцкага пад вартай

20:45. ЕС патрабуе ад Беларусі патлумачыць затрыманне Бяляцкага

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Кэтрын Эштан выказвае занепакоенасць арыштам выбітнага беларускага праваабаронцы.

Спадарыня Эштан заклікала беларускія ўлады неадкладна растлумачыць прычыны затрымання Алеся Бяляцкага.

“Вярхоўны прадстаўнік зноў заяўляе пра сваё глыбокае шкадаванне з нагоды неаднаразовых актаў запалохвання і прыцяснення мірных праваабаронцаў у Беларусі, а таксама з нагоды працягу адмоваў у наданні юрыдычнага статуса незалежным праваабарончым арганізацыям у краіне”, — цытуе заяву Кэтрын Эштан БелаПАН.

19.20 Таццяна Равяка ў жывым эфіры Еўрарадыё патлумачыла, чаму праваабаронцы пачалі біць трывогу з-за сітуацыі вакол "Вясны" толькі цяпер. Вядома, што інфармацыю пра рахункі 400 беларусаў Літва перадала беларускім уладам яшчэ ўвесну. Са словаў Таццяны Равякі, тады праблему спрабавалі вырашыць у межах заканадаўства. Былі пярэчанні ў звестках, якія падавалі беларускія падаткавыя службы, таму праваабаронцы спадзяваліся, што здолеюць давесці сваю невінаватасць.

18.40 Допыт Бяляцкага ў ДФР доўжыўся болей за чатыры гадзіны, паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка. Алесю Бяляцкаму інкрымінуюць ухіленне ад уплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры. Іншыя абставіны пакуль невядомыя.

16:15 Допыт Алеся Бяляцкага завершаны. Праваабаронцу ізноў прывезлі ў будынак ДФР па вуліцы Броўкі. Праз журналістаў, з якімі яму ўдалося перакінуцца некалькімі словамі, Алесь перадаў усім прывітанне і сказаў, што зараз будуць прымаць рашэнне наконт яго, перадае праваабарончы цэнтр “Вясна”.

15.32. Мінюст Літвы: Пра палітычныя наступствы не ведалі

З такой заявай выступіў намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткевічус.


Па яго словах, калі Мінюст Літвы атрымаў запыт аб прававой дапамозе, які змяшчаў і прозвішча Алеся Бяляцкага, то не думаў, што гэтая інфармацыя можа быць выкарыстаная з палітычнымі мэтамі.

"Калі б нешта ўказвала, што прававую дапамогу могуць выкарыстаць з палітычнымі мэтамі, то мы б яе не аказалі. Мы сапраўды маем права не прадстаўляць яе. Мы на яго (прозвішча Бяляцкага. — Еўрарадыё) не звярнулі ўвагі. Гэтае прозвішча мы не ідэнтыфікавалі як асобу, якая кіруе апазіцыйным рухам", — перадае DELFI апраўданні літоўскага чыноўніка.

Па словах Вайткевічуса, у цэнтры Еўропы не мусіць быць палітычных вязняў, а выпадак з Бяляцкім — першы такога кшталту. Рашэнне беларускага боку Вайткевічус назваў нікчэмным. Ён таксама выказаў спадзяванне, што легальную дзірку хутка "зацыруюць" і падобныя выпадкі не паўторацца.

15.11. Літоўскі палітолаг: Учынак Літвы як старшыні АБСЕ — ганьба

З такой заявай выступіў палітолаг Раймундас Лапата.


Lrytas.lt перадае словы палітолага, што падобная перадача інфармацыі — і палітычнае, і крымінальнае злачынства.
Па яго словах, якія перадае літоўскі партал lrytas.lt, "старшыні тых літоўскіх інстытуцый, якія прынялі рашэнне перадаць гэтую інфармацыю, мусяць неадкладна сысці з пасады". "Толькі ў такім выпадку мы пакажам Аўстрыі, што палітычна і маральна прызнаем свой сорам", — дадаў Раймундас Лапата.


Нагадаем, што шмат хто з літоўскіх палітыкаў абурыліся нядаўнім рашэннем аўстрыйскіх органаў нечакана хутка адпусціць расійскага грамадзяніна Галаватава, якога Літва вінаваціць у злачынствах супраць чалавецтва. Цяпер жа сама Літва трапіла ў непрыемную гісторыю праз перадачу фінансавай інфармацыі беларускім калегам.

14.40. Стэфановіч: Банкаўскую інфармацыю памылкова перадаў літоўскі Мінюст

Агулам літоўскі Мінюст перадаў інфармацыю пра 400 грамадзян Беларусі.

Андрэй Елісееў

Мінюст Літвы перадаў беларускім калегам фінансавую інфармацыю "Вясны" праз непаразуменне і адсутнасць супрацоўніцтва з іншымі інстытуцыямі. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Вільні прадстаўнік арганізацыі Валянцін Стэфановіч.

"Мы ведаем, як многа Літва робіць для беларускай дэмакратыі, і я ацэньваю гэта як непаразуменне. На жаль, яно вельмі дорага нам каштуе", — перадае словы Стэфановіча літоўскі партал ltytas.lt.

Грошы "Вясна" ды іншыя беларускія няўрадавыя арганізацыі захоўвалі ў літоўскіх банках "DnB Nord" і SEB, кажа Стэфановіч.

14:13. Громава: Арышт Бяляцкага — поўнае парушэнне міжнародных нормаў і стандартаў
Намесніца кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі каментуе сітуацыю з арыштам беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры з намесніцай кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантроля за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Вікторыяй Громавай. Цалкам гутарку можна паслухаць тут:

110805 Gromova_site_0.mp3
Еўрарадыё: Ці ёсць ужо рэакцыя Міжнароднай назіральнай місіі на арышт кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага?
Громава: “На дадзены момант, публічнай заявы мы яшчэ не рабілі. Але пазіцыя Міжнароднай назіральнай місіі ёсць, найперш мы мяркуем, што ўсе, што зараз адбываецца з Алесям Бяляцкім — гэта прамы вынік праваабарончай дзейнасці праваабарончага цэнтра “Вясна” і самога Алеся. Мы разумеем, што ўсе, што адбываецца — гэта поўнае парушэнне міжнародных нормаў і стандартаў”.

13:39. Пасля допыту ў ДФР Бяляцкага могуць адпусціць?

Зараз праваабаронца з адвакатам знаходзіцца на допыце ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў.

Як паведаміла ў жывым эфіры Еўрарадыё праваабаронца Таццяна Равяка, перадачу Бяляцкаму перадаць не ўдалося. Ноч ён правёў у Савецкім РАУСе сталіцы. Затое жонка змагла пабачыць яго зранку і нават пакарміць. Затрыманы праваабаронца выглядае бадзёрым, ён з аптымізмам глядзіць на развіццё падзеяў.

Следчы паведаміў жонцы і паплечнікам Бяляцкага, што пасля допыту падзеі могуць развівацца па трох варыянтах. Першы — следства здыме абвінавачанне і праваабаронцу адпусцяць дадому. Другі — яго затрымаюць на 10 сутак да выстаўлення абвінавачання. Трэці — адразу выставяць абвінавачанне.

110805 Raviaka_2.mp3

12:29. Літоўскі палітолаг: Банкі маглі перадаць звесткі, не думаючы пра палітыку

Атрымаць каментар у Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы пакуль не ўдалося.

Пакуль цяжка ацаніць сітуацыю вакол перадачы інфармацыі пра банкаўскія рахункі беларускіх няўрадавых арганізацый, бо няма дэталяў, хто дакладна прыняў адпаведнае рашэнне. Пра гэта літоўскаму парталу lrytas.lt паведаміў палітолаг Томас Янелюнас.

"Пакуль няма патрэбных дэталяў — ці інфармацыю перадалі літоўскія банкі, ці гэта нейкае аўтаматычнае рашэнне паводле міжнародных дамоўленасцяў, у адпаведнасці з банкаўскімі правіламі, ці гэта неяк звязана з палітыкай", — кажа Янелюнас.

На думку палітолага, рашэнне мог прыняць асобны банк, і інфармацыю маглі перадаць, зусім не ўсведамляючы палітычныя наступствы. А можа, на банк зладзілі палітычны ціск, калі ён мае аддзяленні ці іншыя інтарэсы ў Беларусі, мяркуе Янелюнас.

Тым часам ад літоўскага Міністэрства ўнутраных спраў каментар наконт перадачы банкаўскай інфармацыі беларускім партнёрам пакуль атрымаць не ўдалося.

11:46. Бяляцкага завезлі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў

Пра гэта Радыё "Свабода" паведаміла праваабаронца Тацяна Равяка.

Нагадаем, што ноч Алесь Бяляцкі правёў у турме на Акрэсціна.

11:04. МЗС Літвы пратэстуе супраць затрымання Бяляцкага

МЗС Літвы выказвае рэзкі пратэст у сувязі затрыманнем кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага.

Таксама літоўскія дыпламаты пратэстуюць супраць пераследу праваабарончай арганізацыі, інфармуе партал DELFI. У паведамленні МЗС гаворыцца, што Літва разам са сваімі партнёрамі ў ЕС і надалей будзе прымаць меры для вызвалення палітвязняў у Беларусі.

10.54. Праваабаронца: Вялікая доля праўды ў словах Халезіна ёсць

Невядома, дзе зараз знаходзіцца Алесь Бяляцкі.

Прынамсі, у турме на Акрэсціна яго няма. Таму паплечнікі не змаглі перадаць яму прадукты і прадметы гігіены. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка.
110805 Raviaka_site_0.mp3
Каментуючы ўчорашнюю заяву кіраўніка Свабоднага тэатру Мікалая Халезіна наконт арышту Бяляцкага, праваабаронца адзначыла, што ў гэтай заяве ёсць вялікая доля праўды. Нагадаем, што Халезін абвінаваціў Літву ў спрыянні арышту беларускага праваабаронцы. Па яго словах, літоўскі бок выдаў беларускім уладам звесткі аб рахунках беларускіх грамадскіх арганізацыяў. Гэта, нібыта, і стала падставай для затрымання Бяляцкага.

10:37. МЗС Літвы не раскрывала банкаўскіх рахункаў Бяляцкага

Зараз кіраўніцтва літоўскіх дыпламатаў рыхтуе афіцыйную заяву.

Пра гэта Радыё Рацыя заявіў прэс-сакратар літоўскага МЗС Мідаўгас Лашас.

Нагадаем, Мікалай Халезін выказаў меркаванне, што Літва раскрыла беларускім органам банкаўскія рахункі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячоў, размешчаныя ў Літве. Гэта, на думку Халезіна, і стала падставай для ўчорашняга арышту праваабаронцы.

Ноч Алесь Бяляцкі правёў у ізалятары часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна ў Мінску. Там прайшоў і допыт у прысутнасці адваката. Праваабаронцы кажуць, што ён прабудзе там трое сутак. Потым будзе вырашана, ці выставяць яму абвінавачанне.

09:12. Старшыня Еўрапарламента заклікаў беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага

Зварот Ежы Бузэка быў апублікаваны ў лічаныя гадзіны пасля затрымання беларускага праваабаронцы.

У ім кіраўнік еўрапескага парламента выказвае здзіўленне з прычыны новага вітка ціску на праваабарончы цэнтр “Вясна” і асабіста на кіраўніка цэнтра Алеся Бяляцкага. Ежы Бузэк заклікаў беларускія ўлады вызваліць праваабаронцу, а разам з ім і іншых палітычных вязняў, паведамляе Польскае прэсавае агенцтва.

Нагадаем, што Алеся Бяляцкага затрымалі ўчора вечарам. Правёўшы ператрусы ў офісе “Вясны”, у кватэры Бяляцкага і ў яго на дачы, міліцыянты забралі праваабаронцу ў пастарунак. Мяркуецца, што яго абвінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. За гэта Бяляцкаму можа пагражаць да сямі гадоў турмы.

***

Лабковіч: Пераслед звязаны з тым, што "Вясна" збірала грошы рэпрэсаваным

***

22.55 Пасля допыту ў ДФР Алесь Бяляцкі арыштаваны.

21.50 На частку маёмасці ў офісе "Вясны" наклалі арышт, паведаміла БелаПАН Таццяна Равяка. З кватэры Алеся Бяляцкага ў выніку ператрусу забралі кампутар. Цяпер праваабаронцу дапытваюць у ДФР.

21.30 Бяляцкага павезлі на допыт у ДФР Камітэта дзяржкантролю, перадае Радыё Свабода.

21.20 Ператрус у офісе “Вясны” працягваецца. Туды запрасілі панятых, паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка. Яна не выключае, што пасля заканчэння вобшуку Алеся Бяляцкага могуць узяць пад варту. Яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад уплаты сум падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула — 7 год турмы і канфіскацыя маёмасці.


У дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ўжо знаходзіцца адвакат Бяляцкага Дзмітрый Лаеўскі.

20.20 На офісе “Вясны” ідзе ператрус. Ля пад’езду дома, дзе размяшчаецца незарэгістраваная арганізацыя, стаяць людзі. Іх здымае на відэа праз акенца нехта лысы ў чорным. Паралельна ён паказвае людзям “факі”, паведамляе ў сваім Фэйсбуку юрыст Дар’я Каткоўская.

20.00 Алеся Бяляцкага абвінавачваюць у эканамічным злачынстве. Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” паспеў паведаміць, што яму інкрымінуюць “утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”.

Ператрус у кватэры Бяляцкага завершаны, інфармуе БелаПАН. Яго вынікі пакуль невядомыя. Цяпер праваабаронцу даставілі ў офіс “Вясны”, дзе таксама ідзе ператрус. Яго жонку Наталлю Бяляцкую павезлі на лецішча ў Ракаў — там будзе яшчэ адзін вобшук.

19.35 Уладзімір Лабковіч, праваабаронца, прадстаўнік “Вясны” у жывым эфіры Еўрарадыё заявіў, што разглядае гэты ператрус як спробу знішчэння праваабарончай арганізацыі. Гэта сапраўды звязана з тым, што арганізацыя аказвала дапамогу ўсім рэпрэсаваным. Таму гэтыя ператрусы “робяцца рукамі” дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК.


“Мы збіралі грошы, каб дапамагаць людзяць для выплаты штрафаў. Мы расцэньваем, што гэта можа выліцца ў крымінальную адказнасць. Але я не ведаю іх планы і не гатовы тлумачыць іх матывы. Магчымая канфіскацыя тэхнікі, якую яны знойдуць на офісе”, — сказаў Уладзімір Лабковіч.

19.20 У кватэры Алеся Бяляцкага шукаюць грошы і каштоўнасці. Пра гэта паведаміла жонка праваабаронцы Наталля Бяляцкая. Яна кажа, што пасля вобшуку ў кватэры, Алеся Бяляцкага павязуць у офіс “Вясны”, а яе — на іх лецішча ў Ракаў. Там таксама запланаваныя ператрусы.

Па звестках праваабаронцы Таццяны Равякі, памяшканне, дзе месціцца цэнтр “Вясна”, блакаванае. Там адчыненыя дзверы, ля якіх стаяць чацвёра мужчын і нікога не пускаюць унутр. Праваабаронца мяркуе, што ператрусы могуць быць звязаныя з аказаннем фінансавай дапамогі людзям, пацярпелым ад крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу пасля падзеяў 19 снежня 2010 года. Таксама па інфармацыі Таццяны Равякі, у вобшуку бяруць удзел прадстаўнікі дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК і КДБ.

18.00 БелаПАН удалося датэлефанавацца да кватэры Бяляцкіх. Жонка праваабаронцы Наталля Бяляцкая паведаміла, што яе муж зараз знаходзіцца дома, ідзе ператрус, які пачаўся каля 17.30. Пастанову аб вобшуку падалі, аднак хто яе падпісаў і якая канкрэтна структура праводзіць ператрус, жанчына сказаць не змагла. Тэлефонная размова доўжылася прыкладна хвіліну, пасля чаго ў яе адабралі слухаўку.

Нагадаем, што сёння каля офісу, дзе размяшчаюцца праваабаронцы, з'явіліся людзі ў цывільным.  У дварах стаялі дзве машыны з людзьмі ў цывільным, а на лаўцы перад пад’ездам сядзеў участковы.

 
З якой прычыны затрымалі Бяляцкага, пакуль не вядома. Тэлефон праваабаронцы недаступны.

У каментары Еўрарадыё юрыст Уладзімір Лабковіч распавёў, што каля офіса было каля 15 чалавек у цывільным. Яны далі спакойна сысці ўсім праваабаронцам. Як мяркуе Лабковіч, яны чакалі менавіта Бяляцкага. Калі кіраўніка праваабаронцаў папярэдзілі, каб ён не ехаў на офіс, людзі ў цывільным з'ехалі, пакінуўшы варту з двух чалавек. Затрымалі Бяляцкага каля яго дома на плошчы Перамогі каля 17-й гадзіны.

Фота — Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі