У Вене Ярмошына паскардзілася АБСЕ на... АБСЕ

120716 Luka6uk_ABSE.mp3

Упершыню за апошнія 8 гадоў у Еўропу здолела патрапіць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Напярэдадні парламенцкіх выбараў у Беларусі ў Вене прайшла канферэнцыя АБСЕ на тэму арганізацыі дэмакратычных выбараў і назіранні. Старшыня Цэнтравыбаркама прапанавала абараняць права краін... ад назіральнікаў.


Падчас выступу Ярмошынай з залы пасяджэння выйшлі амбасадары краін ЕС і ЗША пры АБСЕ. Зрабілі яны гэта ў знак пратэсту супраць таго, што беларускія ўлады не выпусцілі на канферэнцыю спадара Карняенку.


Лідзія Ярмошына: “Я ўнесла прапанову, каб кіраўніцтвам назірання за выбарамі быў прыняты парадак аспрэчвання высноваў. Каб краіна магла абараняцца такім жа чынам, як і грамадзянін, калі яго правы парушаныя”.


Кіраўніца Інфармацыйнага офіса салідарнасці з Беларуссю Юлія Слуцкая прыехала ў Вену на запрашэнне амерыканскай дэлегацыі пры АБСЕ. І падчас выступу не мінулае ўзгадвала, а казала пра дзень сённяшні.


Юлія Слуцкая: “Пра бягучую сітуацыю, што зараз адбываецца: якое прадстаўніцтва ў апазіцыі ў акруговых выбарчых камісіях — каля 24%, што не быў выпушчаны з краіны той, хто павінен быў рабіць тут даклад — Віктар Карняенка, пра ператрус. А таксама я данесла галоўны мэсэдж ад ініцыятывы “За свабодныя выбары” — за празрысты падлік галасоў. Вельмі просты выхад — кожны бюлетэнь павінен паказвацца назіральнікам”.


Ярмошына сцвярджае, што ў словах Юліі Слуцкай для яе асабіста не было нічога новага, а еўрапейцы нічога не зразумелі. Маўляў, у іх падлік галасоў вядзецца такім жа чынам, як і ў нас. Ніхто назіральнікам кожны аркуш не паказвае.


Але гэта далёка не так, абвяргае старшыню ЦВК кіраўніца Інфармацыйнага офіса салідарнасці з Беларуссю. Яе не толькі добра зразумелі, але і ўнеслі гэтую прапанову ў выніковую рэзалюцыю венскай канферэнцыі.


Юлія Слуцкая: “Пасля кожнай сесіі робяцца такія рэзюмэ-высновы, і гэтая прапанова аб празрыстым падліку галасоў трапіла ў гэтае рэзюмэ”.


Тое, што па выніках гэтай канферэнцыі АБСЕ складалася нейкая рэзалюцыя, Ярмошына адмаўляе. Але старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак пацвярджае: пэўныя падсумаванні сапраўды па выніках сустрэчы робяцца. Праўда, назваць гэта рэзалюцыяй, абавязковай для выканання краінамі-сябрамі АБСЕ, нельга. Але тое, што словы пра неабходнасць празрыстага галасавання на беларускіх выбарах туды трапілі, вельмі значна.


Алег Гулак: “Можна сказаць, што гэта проста канстатацыя факта, а можна сказаць, што гэта вельмі моцны міжнародны голас. І гэты міжнародны голас не можа не быць пачуты ні ў Расіі, ні ў іншых краінах. Канешне, адказнасць за рэалізацыю падыходаў нясе беларуская ўлада і тэарэтычна яна можа да гэтага не прыслухоўвацца. Але з-за гэтага негатыўныя сітуацыі ў міжнародных адносінах будуць развівацца. А як доўга можа сабе краіна дазваляць не рэагаваць на крытычныя заўвагі з боку іншых дзяржаў — гэта вялікае пытанне”.


У кіраўніцы Інфармацыйнага офіса салідарнасці з Беларуссю былі два выступы. Падчас другога яна казала пра гарантаванае ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі, пра абмежаванне на датэрміновае галасаванне і пра правы назіральнікаў, якія ёсць у рэкамендацыях ЦВК, але не выконваюцца старшынямі выбарчых камісій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі