Ярмошына: Больш сур’ёзна стаўцеся да чутак, спадары журналісты!
Так старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына пракаментавала затрыманне на адным з выбарчых участкаў карэспандэнта “Камсамолкі”.
Нагадаем, Дзмітрый Ласько знаходзіўся на ўчастку № 704 (Партызанская выбарчая акруга сталіцы). Міліцыянт патрабаваў ад яго выдаліць зробленыя на ўчастку здымкі. Пазней журналіста вызвалілі.
Па словах Лідзіі Ярмошынай, вінаваты быў сам журналіст, які "прыйшоў на ўчастак як шэраговы выбаршчык", прагаласаваў і пачаў рабіць здымкі, не маючы дазволу.
120923_iarmoszynakamsamolka.mp3
Ярмошына: “У сувязі з гэтым старшыня ўчастковай камісіі папрасіў міліцыянта, які там дзяжурыў, высветліць асобу таго, хто фатаграфаваў. Размова паміж імі цягнулася 5 хвілін. Але тут гэта ўжо было пададзена як затрыманне. На гэтым яны развіталіся: участковы пайшоў далей ахоўваць участак, а фотакарэспандэнт пакінуў памяшканне”.
Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў старшыні ЦВК, ці не ўзнікне ў журналістаў праблем са старшынямі ўчастковых камісій і мясцовымі міліцыянтамі, калі яны захочуць застацца на працэс падліку галасоў. І здымаць гэты працэс на фота і відэакамеры? Ярмошына запэўніла, што яны маюць такое законнае права.