З усходу Беларусі будаўнікі збягаюць у Расію
А з іншых беларускіх рэгіёнаў бягуць у Мінск.
Будаўнікі з правінцыі пакуль яшчэ выбіраюць паміж Мінскам і Масквой.
“Голад будаўнічы адчуваем. Усе, усе. Сёння лепшыя кадры ўсе збеглі ў Расію. Збеглі. Там працуюць. У нас працуе тое, што працуе. Вядома, нельга казаць, што ўсё дрэнна. Але не хапае кадраў, не хапае. Спецыялістаў, прафесіяналаў не хапае”, — расказвае дырэктар магілёўскай фірмы “Інвест Сістэм” Уладзімір Пупянок.
У Мінску праблем з кадрамі пакуль няма. На прадпрыемстве “Мінскпрамбуд” расказваюць, што недахопу рабочых рук не адчуваюць. Хутчэй наадварот. Колькасць супрацоўнікаў нават павялічылася за паўгода на 300 чалавек. За кошт прыезджых з правінцыі. Працы там усё менш, а Мінск у новабудоўлях можна знайсці.
“Пакуль цярпіма. Запатрабаванасць невялікая ў нашым будаўнічым упраўленні. Усяго па некалькі чалавек. 5-6 чалавек. Муляры, цясляры, тынкоўшчыкі. Вялікай запатрабаванасці няма. За апошнія гады, дакладней, за паўгода, колькасць супрацоўнікаў не толькі не паменшылася, але павялічылася на 300 чалавек. За кошт раёнаў Беларусі. Людзі ідуць. Калі там у іх паменшала працы, то куды ж… У першую чаргу, у Мінск. А потым ужо думаюць пра Расію”.
А вось замежныя гастарбайтары з Мінска ўцякаюць. В’етнамцы, што працавалі на "Чыжоўка-Арэне" працягваць трохгадовы кантракт не захацелі. На прадпрыемстве “Мінскпрамбуд” галоўнай прычынай адтоку замежных рабочых з Беларусі называюць эканамічныя складанасці. Плацяць в’етнамцам рублямі.
“Яны ў нас на розных аб’ектах працуюць. І на "Арэне-Чыжоўка", і на жылых дамах, на Сурганава. Гэта ўжо другі заезд. Першыя 90 чалавек ў нас тры гады адпрацавалі і пачалі са жніўня з’язджаць дадому. Засталося яшчэ 90 чалавек, тыя хлопцы, якія ў канцы мінулага году прыехалі. У іх складанасці з набыццём валюты, вядома. Ім хацелася, каб было прасцей”.
Еўрарадыё абтэлефанавала некалькі будаўнічых фірм з Масквы, Смаленска і Бранска, аднак там расказалі, што беларусы ў іх не працуюць. Верагодна, што расійскім кампаніям па нейкіх прычынах прасцей афармляць нашых суайчыннікаў як сваіх грамадзян.