За незалежнасць Каталоніі агітуе Гвардыёла і прэзідэнт “Барселоны” Лапорта

З 2009 года каталонцы паслядоўна выказваюцца за выхад са складу краіны і ўтварэнне самастойнай дзяржавы. Тры гаду таму падчас кансультатыўнага рэферэндуму ў 167 муніцыпалітэтах вобласці за незалежнасць Каталоніі ад Іспаніі прагаласавала амаль 95% выбаршчыкаў. У агітацыю тады ўключыўся нават прэзідэнт футбольнага клуба “Барселона” Хуан Лапорта.

І вось 25 лістапада 2012 года, на пазачарговых парламенцкіх выбарах перамагаюць прыхільнікі аддзялення ад Іспаніі. Яўка на выбарах склала рэкордныя 70%. Але каталонцы крыху стаміліся ад гэтага, бадай што, самага мірнага сепаратызму ў гісторыі Еўропы. Пра гэта Еўрарадыё распавядае Яўген Герасіменка з моладзевага крыла Беларускай партыі "Зялёныя", які цяпер жыве ў Барселоне:

“Калі паглядзець проста на вуліцах, гэта як сапраўдны тэатр баявых дзеянняў. На кожным слупе вісіць палітычны слоган якой-небудзь партыі. На кожным балконе вісіць сцяг. Ці проста каталонскі, ці каталонскі разам з іспанскім (як сімвал еднасці краіны). Але цяпер людзі разумеюць, што гэта ўсё ― крыху падман. Бо ўсе палітыкі гуляюцца ў незалежнасць, і ніхто не прапануе рашэнні эканамічных пытанняў”.

 

Каталонія ― адзін з самых развітых рэгіёнаў Іспаніі. Тут ёсць свая мова і свая культура, вельмі адрозная ад іншых рэгіёнаў краіны. І незадаволенасць эканамічнымі рэформамі, якія праводзіць Мадрыд, тут гранічная. Скарачэнне выдаткаў з бюджэту на 13 мільярдаў еўра, рост падаткаў… Сепаратысты сцвярджаюць, што ў якасці самастойнай краіны ЕС Каталонія будзе багацейшай, чым у якасці вобласці Іспаніі.

“Хопіць карміць Мадрыд”

Партыя “Канвергенцыя і Саюз”, якая ішла на выбары з лозунгам “Хопіць карміць Мадрыд”, большасці ў парламенце не атрымала. Насуперак прагнозам, нацыяналісты нават страцілі 12 з 62 дэпутацкіх крэслаў, што мелі. Лідар партыі Артур Мас, які узначальвае каталонскі ўрад, вельмі расчараваны:

“Вынікі далёкія ад тых, на якія мы разлічвалі. Каб накіраваць Каталонію па тым шляху, якім яна мусіць ісці, нам патрэбная была абсалютная большасць у парламенце. Але ўжо цяпер зразумела: гэтай большасці ў нас няма”.

У каталонскім парламенце 135 дэпутатаў. Цяпер “Канвергенцыя і Саюз” яшчэ далейшая ад большасці і не зможа самастойна ініцыяваць рэферэндум. Каб зрабіць гэта, давядзецца аб’ядноўвацца ў альянсы з меншымі партыямі, таксама настроенымі на аддзяленне ад Іспаніі.

Але сама ідэя незалежнасці ад выбараў толькі выйграе: рэспубліканскія “левыя”, якія дамагаюцца самастойнасці рэгіёна яшчэ больш упарта, на выбарах здабылі сабе на 21 месца больш! Разам прыхільнікі незалежнасці маюць парламенцкую большасць.

Незалежнасць і… незалежнасць?

У адрозненне ад беларусаў, каталонцы не маюць тэрытарыяльнай і палітычнай незалежнасці. Але Яўген Герасіменка мяркуе, што нават у такім становішчы мясцовыя нацыяналісты маюць больш самастойнасці і свабоды выяўлення, чым могуць сабе дазволіць прыхільнікі герба “Пагоня” і бела-чырвона-белага сцяга:

Яўген Герасіменка: “Людзі тут маюць спартовыя клубы з сімволікай Каталоніі, людзі размаўляюць на каталанскай. Паўсюль у метро дублююцца надпісы. У Барселоне адбываюцца маніфестацыі, на якія выходзіць мільён чалавек. Я не ведаю, што яшчэ прывесці ў прыклад таго, што ў Каталоніі незалежнасці больш, чым у Беларусі”.

Пра тое, што аўтаноміі ў каталонцаў дастаткова, кажуць і ў Мадрыдзе. Маўляў, сепаратысты папросту карыстаюцца момантам і перабольшваюць уплыў эканамічнага крызісу на эканоміку Каталоніі. А таксама дарма спадзяюцца на тое, што незалежнасць сама па сабе вырашыць праблемы рэгіёна.

Сцягі Каталоніі тут паўсюль

“Мачыць” у сіесту

Тым не менш, абяцанне Маса: маўляў, не праз год, дык праз тры Каталонія атрымае незалежнасць абавязкова ― пакуль што выглядае, хутчэй, як гучная палітычная заява, чым як рэальны прагноз. Рэферэндум аб незалежнасці супярэчыць Канстытуцыі Іспаніі. А “Народная партыя”, якая кіруе ў краіне, з вялікай верагоднасцю заблакуе любую спробу канстытуцыйнай рэформы.

Да таго ж, далёка не ўсе палітычныя сілы ў Каталоніі падтрымліваюць ідэю самастойнасці ад Іспаніі. А нацыяналістаў, чыя папулярнасць узнялася на хвалі незадавальнення эканамічным крызісам, пачынаюць актыўна “мачыць” з “цэнтра”. Напярэдадні выбараў падтрымку партыі “Канвергенцыя і Саюз” неспадзявана выказалі… іспанскія порнаакцёры! У прэсу “зліваюцца” чамаданы з кампраматам на каталонскага прэм’ера Артура Маса. Доказаў карупцыйных сувязяў няма, але….

Цяпер, калі каталонцы выказаліся за незалежнасць, Мадрыд пачне суцішаць сепаратыстаў яшчэ больш актыўна. Тым часам у Барселоне прапануюць правесці рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі ў адзін дзень з шатландскім у Вялікабрытаніі і фламандскім у Бельгіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі