Андрэй Жукавец: Мая судовая справа — гэта маё жыццё!
Суд адхіляе хадайніцтвы ўцекача з Беларусі адно за адным і не зважае на паказанні эксперта з паліцыі. У гэтай сітуацыі Жукавец ужо не ведае, на што спадзявацца.
Еўрарадыё: Сёння было чарговае судовае паседжанне, наступнае перанеслі на два месяцы. Гэта так?
Жукавец: “Так, гэта будзе такі летні перапынак. І 23 верасня будзе чарговае паседжанне суда, дзе будзе разглядацца мая справа”.
Еўрарадыё: Вы сёння падалі ў суд некалькі хадайніцтваў. Патлумачце, калі ласка, што гэта за хадайніцтвы?
Жукавец: “Першае хадайніцтва было звязанае з тым, каб раённы суд у Беластоку звярнуўся да найвышэйшага суда Польшчы, каб маю справу перанеслі ў іншы суд, за тэрыторыю Падляшшя. Але суд адхіліў маё хадайніцтва. Таксама я прасіў суд выключыць перакладчыкаў, якія фальшавалі гэтую справу, але суд гэтага таксама не зрабіў. І яшчэ я прасіў суд, каб мне змянілі суддзю, каб суддзя, што вядзе маю справу, быў аб’ектыўны. А таксама хачу, каб мне змянілі пракурора, які замяшаны ў фальсыфікацыі перакладу. І гэтыя хадайніцтвы таксама былі адхіленыя”.
Еўрарадыё: Эксперт з паліцыі, што прысутнічаў на сённяшнім паседжанні, пацвердзіў, што пячаткі на дакументах сапраўды падробленыя. І суд на гэта не адрэагаваў?
Жукавец: “Так, суд ніяк на гэта не адрэагаваў. Таксама гэты спецыяліст з паліцыі адказаў на маё пытанне і сказаў, што нідзе, ні на якіх дакументах не пацвердзіў майго подпісу. Там нідзе няма ні майго подпісу, ні ўвогуле нейкіх надпісаў,выкананых маёй рукой”.
Еўрарадыё: Такім чынам, паліцыя – дзяржаўны орган – кажа ў судзе, што ёсць фальсыфікацыя. Чаму суд на гэта ніяк не рэагуе?
Жукавец: “Для мяне гэта таксама дзіўна. Але я ўжо нічому не здзіўляюся. Бо гэта справа цягнецца ўжо 10 гадоў. Для мяне гэта маё жыццё”.
Еўрарадыё: У 2009 годзе пракурор ужо ездзіў у Беларусь знаёміцца з вашай справай. Пасля гэтага праваабарончы цэнтр "Вясна" накіроўваў афіцыйныя паперы з тлумачэннем, што ў Беларусі няма справядлівай судовай сістэмы. Цяпер суддзя вырашае ехаць у Беларусь. З чым ён будзе знаёміцца?
Жукавец: “Я таксама прасіў суд, каб ён прыняў усе гэтыя дакументы і рапарты "Вясны" як доказы ў справе. Але суд адхіліў маё хадайніцтва. І таксама я прасіў суд, каб суддзя ня ехаў у Беларусь, казаў, што ў Беларусі няма справядлівых судоў і ўвогуле няма судовай сістэмы ў разуменні міжнароднага права, міжнародных законаў. Але ў суддзі Чэслава Шыманьскага – суддзі раённага суда Беластока - сваё меркаванне на гэты конт.
Еўрарадыё: Такім чынам вы дзесяць год ходзіце па замкнёным коле. Што вы будзеце рабіць?
Жукавец: “Не ведаю. Сапраўды ня ведаю, бо ў мяне ўжо няма веры, што ў Польшчы судовая сістэма вартая дэмакратычнае дзяржавы”.
Еўрарадыё: Ці можаце вы ў гэтай сітуацыі звярнуцца да прэзідэнта Польшчы, каб ён звярнуў увагу на гэтую справу і ўсё ж даў вам палітычны прытулак?
Жукавец: “Калі будзе падтрымка людзей, падтрымка з боку незалежныз медыяў, можа тады справа пачне рухацца. Але зараз я не ведаю, што рабіць. Я напісаў шмат лістоў да прэзідэнта, да міністра юстыцыі, да генеральнага пракурора – прасіў, каб памянялі суддзю, каб забралі маю справу з Беластока. Але нічога не робіцца ў гэтай справе. Я атрымліваю толькі адпіскі, што беластоцкі суд справядлівы і незалежны”.
Фота — Еўрарадыё