Руся: "Drum Ecstasy на сцэне як гладыятары на арэне!"

120329 Malina Drum.mp3

Дзвюхгадзінным канцэртам у Мінску Drum Ecstasy распачалі свой клубны канцэртны сезон. Падчас сэта бубначы прэзентавалі новы альбом “Play Loud” і паказалі свежае відэа, змантаванае за 15 хвілін да пачатку імпрэзы. Да таго ж кавярню Loft музыкі арэндавалі за свае грошы і зрабілі вольны ўваход для ўсіх жадаючых.

 “Мы зарабляем не на клубных канцэртах, а на івентах.Таму можам сабе дазволіць зняць клуб, паклікаць знаёмых, што ў Маскве, што тут. Вось і ўсё. Гэта не значыць, што мы багатыя. У нас ёсць, як у любой фірмы, прадстаўніцкія расходы, нам шмат хто дапамагае, - тлумачыць пазіцыю гурта яго лідар Філіп Чмыр. - Напрыклад, гэты кліп нам дапамог зрабіць Дзяніс з Куба-студыі. Прычым, яго змантавалі непасрэдна тут, за 15 хвілін да пачатку выступу, таму мы яго круцім па коле – гэта да нашага валу. А гэтыя знакі і лічбы знятыя на мабільны тэлефон ”.

Філіп Чмыр

Феномен самага запатрабаванага барабаннага гурта на постсавецкай прасторы, кажа Чмыр, зразумелы: каманда такая – адна, і на яе фоне ўсе астатнія выглядаюць блякла. Аднак, справа тут не толькі ў моцы і энергетыцы гучання.

“Мне падаецца, у першую чаргу, гэта аранжыроўка, - раскрывае схаваныя ад звычайнага вуха музычныя тонкасці бубначоў лідар Port Mone Аляксей Варсоба. - Так, гук магутны, практычна заўсёды магутны, але ўсё вырашае аранжыроўка, канкрэтныя партыі: як памысліць тую ці іншую частку, як памысліць напружанне? Тут былі такія моманты, калі яны гучалі на апладысментах, то бок, гледачам было гэта зразумела. Настолькі правільна выбудавана эмоцыя такімі сродкамі, што відавочна, яны вельмі добра з гэтым спраўляюцца”.

Ірэна Катвіцкая і Аляксей Варсоба

Павел Галенкоў

 

Апроч высокай культуры, добрай адукацыі, густу, асэнсаванасці таго, што робяць Drum Ecstasy, спявачка Руся бачыць у музыцы гурта і схаваныя мэты.

Руся: “Яны падобныя да гладыятараў на арэне! З такой жарсцю, з такімі эмоцыямі граюць. Яны ўздзейнічаюць непасрэдна на інстынкты цела - калі цела адчувае такі рытм і пульсацыю, яно хоча таньчыць. І мне падаецца, іх музыка падымае лібіда. Увогуле, музыка Drum Ecstasy і самі постаці музыкаў на сцэне выглядаюць як музычная армія – калі ў арміі жаўнераў трэніруюць штодня, каб развіваць мускулы, то тут яны трэніруюцца жыць рытмічна, заўсёды існаваць у рытме. Шкада, што ў нас няма рыа-дэ-жанейрскіх карнавалаў. Яны б там былі зоркай нумар адзін!”

Аляксандр Краўцоў

Гучны, мегаэнергічны, дзвюхгадзінны сэт, падчас якога Drum Ecstasy гралі свае рытмічныя “песні”, трымаў да канца практычна ўсіх наведвальнікаў прэзентацыі. Не пашкадаваў пра добра праведзены вечар і прадзюсар Уладзімір Кубышкін – сябра дзяцінства Філіпа Чмыра.

“Мне, магчыма, не хапае недзе музыкі. Маю на ўвазе моманты, калі Філ на бас-гітары ўстаўляе нейкія ноткі, мне больш падабаецца. Але гэта нічога не значыць, бо Філ сам лепш ведае, што трэба. І, магчыма таму тыя, хто ёсць, яны такія як усе, - дзеліцца сваімі думкамі наконт правільнасці шляху Філіпа Чмыра і кампаніі Ўладзімір. - Тое, што ў іх ёсць праца, што іх любяць і ведаюць, тое, што Філ не працуе на чатырох працах, як іншыя музыкі, каб пракарміць сям’ю, сведчыць пра тое, што ён усё робіць слушна. А ўвогуле, энергетыка вельмі станоўчая, столькі сёння людзей прыйшло. Карацей, я задаволены, я не “забіў” вечар перад тэлевізарам, а схадзіў, убачыў сяброў і паслухаў добрую музыку”.

Уладзімір Кубышкін

 

Бліжэйшы выступ Drum Ecstasy чакаецца 31 сакавіка ў межах “Рок-каранацыі”. Паводле чутак, галоўныя бубначы Беларусі мусяць атрымаць рок-карону за свой ўнёсак ў развіццё беларускай культуры.

Зміцер Харытановіч

Глеб Галушка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі