Сацыёлаг Коршунаў: “Шчырай падтрымкі ўлады я не бачу”
Аналітыкі і навукоўцы працягваюць высвятляць, што стала чыннікам масавых пратэстаў у Беларусі і чым усё скончыцца — асабліва з улікам таго, што рэжым ні на хвіліну не змяншае ціск на грамадства.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў кажа, што падзеі ў Беларусі — рэвалюцыйныя, пры гэтым не толькі ў палітычным сэнсе.
— У тым сэнсе, што гэтага не было пакуль нідзе ні ў якай краіне. Таму што наша рэвалюцыя беларуская — яна амаль выключна гарызантальная, яна адбываецца фактычна без лідараў, таму што іх альбо саджаюць, альбо выціскаюць з краіны, альбо ўсялякім чынам замінаюць кантактаваць, арганізоўваць грамадства.
Таму наша субʼектнасць пакуль размеркаваная, яна гарызантальная, — лічыць навуковец. — Звычайна ўсё робіцца ў іерархіі: ёсць лідар, у яго ёсць каманда, нейкія арганізацыі — усё гэта ідзе да грамадства, людзі слухаюць, што ім кажуць, і выконваюць.
У нас гэтага не здарылася, хоць ёсць шэраг арганізацый і мы бачым, што для таго стану, у якім яны знаходзяцца, з тым абмежаваным рэсурсам яны робяць надзвычай шмат. Рэспект ім і, як кажуць, “уважуха”.
Па словах Коршунава, цяпер у Беларусі вынішчаюцца не толькі спробы самаарганізацыі:
— Вынішчаецца любая кропка, патэнцыйная нават, любой супольнай дзейнасці, якая хоць крыху адрозніваецца ад афіцыйнай. Але гэтую размеркаваную субʼектнасць знішчыць нельга. Адзінае, што можа рабіць улада і што яна робіць, — яна вынішчае любыя магчымасці гэтай гарызантальнай субʼектнасці сканцэнтравацца на нечым, зрабіць нейкую агульную дзею. У чым моц гэтай гарызанталі? Яе знішчыць нельга.
Шмат размоў сёння і пра тое, што грамадства падзеленае. Але тут шмат нюансаў, асабліва калі гаварыць пра тых, хто “ні за тых, ні за тых”.
— Калі казаць пра лічбы, тут вельмі цікавая рэч. Грамадства падзеленае: дзесьці 35-40 адсоткаў тых, хто падтрымлівае пратэст, каля 25-30 адсоткаў тых, хто падтрымлівае ўладу, але “жорсткіх” прыхільнікаў улады 15-20 адсоткаў, астатнія падтрымліваюць уладу таму, што не бачаць альтэрнатывы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.