Шэйман расказаў Лукашэнку пра Зімбабвэ, куды ён вазіў меч для прэзідэнта
Кіраўнік справамі прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку пра вынікі сваёй паездкі ў Зімбабвэ. Паводле яго слоў, падпісаныя кантракты на пастаўкі дарожна-будаўнічай, грузавой і лесанарыхтоўчай тэхнікі на амаль 60 мільёнаў долараў.
Шэйман сустракаўся з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвай, падараваў яму меч. Таксама адбыліся перамовы з міністрамі, кіраўніком Рэзервовага банка. Галоўнай тэмай былі пастаўкі беларускай тэхнікі ў гэтую краіну. Як інфармуе прэс-служба беларускага кіраўніка, з Зімбабвэ дасягнутыя пагадненні аб стварэнні прадпрыемстваў, абмяркоўваліся праекты будаўніцтва чыгункі і аўтадарог, стварэнне лагістычных цэнтраў. У далейшым займацца гэтым пытаннем будзе працоўная група.