Шольц будзе новым канцлерам Германіі — што гэта значыць для Беларусі?
Олаф Шольц будзе наступным пасля Ангелы Меркель канцлерам Германіі. Што гэтая змена азначае для палітыкі ў дачыненні да Беларусі?
“Олаф Шольц у час выбараў ў Беларусі, у жніўні 2020-га, быў віцэ-канцлерам у Меркель, міністрам фінансаў. Ён выказваўся досыць жорстка, крытыкаваў Лукашэнку, падтрымліваў санкцыі. Сваю пазіцыю ён не змяняе: сустракаўся з Ціханоўскай і летась, і ў гэтым годзе. Паказвае сабе як прыхільнік дэмакратычнай Беларусі і жорсткага курса ў адносінах да Лукашэнкі”, — нагадвае гісторык Аляксандр Фрыдман.
Аднак ва ўрадзе сацыял-дэмакратаў, “Зялёных” і “Свабодных дэмакратаў”, якія стварылі кааліцыю, кампетэнцыі будуць падзеленыя. Сацыял-дэмакраты на чале з Олафам Шольцам засяродзяцца на ўнутранай палітыцы, мяркуе эксперт.
“Калі паглядзець з беларускага пункту гледжання на знешнюю палітыку Германіі, то тут галоўную ролю будуць адыгрываць “Зялёныя”. І профіль гэтай знешняй палітыкі будзе “зялёны”. Шольц не выглядае канцлерам, які будзе шмат увагі надаваць знешняй палітыцы. Гэта кірунак працы “зялёных”. І тут пакуль няма афіцыйнага пацвярджэння, але, здаецца, МЗС Германіі будзе кіраваць лідар партыі “зялёных” Аналена Бербак, якая з’яўляецца вельмі рашучым крытыкам Лукашэнкі і прыхільнікам жорсткіх мераў у дачыненні да беларускага рэжыму”.
Фрыдман дадае, што ў будучым нямецкім урадзе будзе “суперміністэрства” клімату і эканомікі:
“Пакуль не вядома, як яно будзе выглядаць. “Зялёныя” спадзяюцца, што ўсе эканамічныя пытанні будуць узгадняцца з гэтым міністэрствам. І гэтае міністэрства ўзначаліць другі кіраўнік партыі “Зялёныя” Роберт Хабек. Гэта чалавек, які падчас міграцыйнага крызісу вельмі жорстка выказваўся наконт Лукашэнкі, ён прыхільнік санкцыйнай палітыкі. Асаблівую ўвагу, на яго думку, у санкцыйным кірунку трэба надаць беларускай калійнай галіне”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.