Што стала вядома пра "справу Коржыча" за тыдзень
Злева направа: обвінавачаныя сяржанты Вяжэвіч, Бараноўскі і Скуратовіч
15 жніўня Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні шосты дзень запар разглядае справу аб гібелі 21-гадовага Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах. Следства доўжылася паўгода, у справе больш за 50 тамоў. Але толькі з пачаткам суда мы нарэшце пачалі даведвацца, што ж адбывалася ў Печах на самой справе.
На першым пасяджэнні пракурор Юрый Шарснёў агучыў абвінавачванне тром сяржантам — Яўгену Бараноўскаму, Ягору Скуратовічу і Антону Вяжэвічу. Іх абвінавачваюць у атрыманні хабару (ч. 1,2 арт. 430 КК РБ) і перавышэнні службовых паўнамоцтваў, якое прывяло да цяжкіх наступстваў (ч. 3 арт. 455 КК РБ). А Бараноўскага абвінавачваюць яшчэ і ў крадзяжы (ч. 1 арт. 205). Афіцэрскага складу на лаве падсудных няма, а ў абвінавачванні фігуруюць, як выказалася маці загінулага радавога Святлана Коржыч, "адны" Ролтаны", кава і цыгарэты".
"За "Ролтан" не забіваюць", — сказала жанчына журналістам у перапынку першага дня судовага пасяджэння.
Справа ў тым, што для паходу ў краму шарагоўцам трэба было паставіць у вядомасць сяржантаў і атрымаць дазвол. За гэты дазвол абвінавачаныя патрабавалі ў пацярпелых купляць ім прадукты і цыгарэты. Гэта адзін з фактаў дзедаўшчыны, які фігуруе ў "справе Коржыча". І, напэўна, самы мяккі. Але "заробак" радавых у той час складаў ад 8,90 да 11 рублёў у месяц. Два пачкі цыгарэт, пару пакуначкаў кавы — вось і ўсё.
На чацвёрты дзень суда быў дапытаны пацярпелы Фёдар Лагвінкоў. На пытанне адваката Скуратовіча: "Вы маглі не наведваць краму, вам хапала прадуктаў харчавання?", Фёдар распавядае, што не. Але для яго было праблематычна купляць Бараноўскаму і Скуратовічу прадукты, таму што заробак радавога вельмі маленькі, а бацькі не маглі пастаянна дапамагаць яму грашыма.
Гэтыя факты гучалі ў абвінавачванні.
"У адзін дзень у жніўні 2017 года Бараноўскі пасля сігналу "адбой", выказваючы незадаволенасць паводзінамі падначаленых, загадаў Коржычу і іншым шарагоўцам падняцца з ложкаў, пастроіцца, надзець процівагазы і выконваць адцісканні на руках ад падлогі, а таксама замерці на напаўсагнутых руках на пяць хвілін", — зачытваў абвінавачанне пракурор.
У адзін з такіх пад’ёмаў радавому Лузько стала кепска. Ён зняў процівагаз і пайшоў умыцца. Бараноўскі, праўда, не прымушаў ўзвод адціскацца далей. Загадаў зняць процівагазы і легчы спаць.
Разам са Скуратовічам Бараноўскі наладзіў у часці "выкуп" тэлефонаў. Гэта значыць, што за пэўную суму шарагоўцы маглі выкупіць у сяржантаў свае ж тэлефоны. 40 рублёў каштаваў сэнсарны і 30 — кнопачны. Практычна ўсе шарагоўцы такой паслугай карысталіся, таму што афіцыйна тэлефон выдавалі толькі па нядзелях.
Акрамя адцісканняў у процівагазах, пацярпелыя часта згадваюць словазлучэнне "прапісаць сабаку". Гэта значыць, ударыць наском берцы па галёнцы. Кажуць, балюча. "Сабакаў" сяржанты прабівалі за розныя правіннасці (шум у страі, няправільная акантоўка прычоскі) і нават без прычыны. Напрыклад, аднойчы Бараноўскі "прапісаў сабаку" Коржычу за няўдалы жарт. А Скуратовіч такім чынам збіваў Асіпука, часам і проста так. За няправільную стрыжку шарагоўцы атрымлівалі ад сяржантаў рукой па патыліцы.
Распавядалі пацярпелыя аб "пракачцы" — адцісканнях ад падлогі і заміранні на напаўсагнутых руках, а таксама пра тое, што часам сяржанты пераварочвалі ложкі салдат, калі тыя ляжалі на іх. Напрыклад, у жніўні 2017 Вяжэіч перакуліў ложак з пацярпелым Асіпуком і яшчэ адным радавым.
Што тычыцца загінулага радавога Коржыча, то ў судзе часта гучалі расказы пацярпелых пра тое, што Аляксандр "адкупляўся" ад гаспадарчых работ і фізічных практыкаванняў. Ён купляў Бараноўскаму прадукты і цыгарэты, заўсёды знаходзіўся побач з ім. Адны радавыя кажуць, што паміж абвінавачаным і загінулым склаліся сяброўскія адносіны:
"Я б нават сказаў, што паміж імі складваліся сяброўскія адносіны. Напрыклад, мы ішлі на нейкія працы, а яны ўдваіх стаялі асобна", — распавядаў суду пацярпелы Яўген Краскоўскі.
На пасяджэнні 14 жніўня паказанні даў пацярпелы Іван Квірынг. Прыкладна з 15-18 верасня ён ляжаў на адным паверсе медроты разам з Коржычам. Іван — у агульнай палаце, у Коржыч — у аднамеснай.
"Я хадзіў да яго ў госці. Ён казаў, што ў яго болі ў сэрцы, слабасць. Ну, чалавек у дэпрэсіі як быццам быў.
Там [у медротце] ёсць агульны пакой, дзе стаіць лаўка і тэлевізар. Ён мог сядзець са мной побач, быццам глядзець са мной тэлевізар, але на самой справе ён проста глядзеў у сцяну".
Квірынг таксама распавёў, што Коржыч ляжаў у палаце №15, якая называецца ізалятарам. Паводле яго слоў, туды звычайна кладуць людзей з псіхічнымі адхіленнямі, а не з болямі ў сэрцы. Акрамя гэтага, да Аляксандра прыставілі ахову. У адзін з дзён яго ахоўвалі радавы Руткоўскі і сяржант Бараноўскі.
"Неяк мы сядзелі ўчатырох, размаўлялі. Коржыч распавядаў пра “гражданку”... і тут ён на сярэдзіне апавядання спыняецца і пачынае плакаць. Праз некалькі секунд ён сказаў, што забыўся, пра што распавядаў", — успамінаў пацярпелы Квірынг
.
Чаму да Коржыча прыставілі ахову? Па версіі Квірынга, для таго, каб своечасова выклікаць лекара, калі Аляксандру раптам будзе кепска. Аднак на пасяджэнні 15 жніўня пацярпелы Алег Вяко гэтую версію адмаўляе. Ён кажа, што знаходзіўся ў нарадзе па ахове радавога Алімхаджаева, і яму паведамілі, што ахова ставіцца толькі для тых людзей, якія могуць нешта з сабой зрабіць. Паводле яго слоў, ахову Коржычу паставілі менавіта па гэтай прычыне.
Дарэчы, радавы Алімхаджаеў, які, па словах пацярпелых, сябраваў з Коржычам, трапіў у медроту ў перыяд паміж выпіскай адтуль Аляксандра і днём, калі яго цела знайшлі ў падвале павешаным.
Раней журналістам было вядома, што Алімхаджаеў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, за што ён быў адпраўлены ў медроту, адтуль — у Навінкі, а пасля камісаваны. Цяпер ён нібыта знаходзіцца за межамі Беларусі.
У пацярпелага Квірынга пракурор Юрый Шарснёў цікавіўся аб падвале медроты, дзе знайшлі цела Коржыча. Ён сказаў, што перад лесвіцай, якая вядзе туды, захоўваўся інвентар для прыборкі тэрыторыі. Ім карысталіся вайскоўцы, якія ішлі на папраўку. Падвал закрываўся на ключ, але калі да абеду ўборка не была скончаная, то на гэты час ён заставаўся адкрытым. Зачынялася памяшканне пасля завяршэння работ.
Цела Сашы Коржыча знайшлі ў пятлі ў падвале медыцынскай роты вайсковай часці 3 кастрычніка 2017 года. Радавы правісеў ў пятлі сем дзён. Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў пра тое, што гэты факт для яго самы непрыемны:
"Для мяне як для міністра абароны самае непрыемнае было, што гэтага салдата згубілі на сем дзён. Сем дзён ён правісеў ў пятлі. Я разумею, што салдат можа згубіцца на ноч, на некалькі гадзін, але не на сем дзён".
15 жніўня пацярпелы Алег Вяко распавёў, што пра смерць Коржыча даведаўся ад радавога, які і знайшоў цела павешаным у падвале. Атрымліваецца, на тэрыторыі медыцынскай роты не прыбіраліся сем дзён?