Што ў футбольных клубаў Вышэйшай лігі — на беларускай мове?

Што ў футбольных клубаў Вышэйшай лігі — на беларускай мове?

У футбольным клубе “Віцебск” адміністрацыя правяла сход, дзе было вырашана, што і персанал, і футбалісты будуць размаўляць выключна на рускай мове. Для Беларусі гэта, хутчэй, выключэнне: юрыст Ігар Случак распавёў, што з 16 каманд Вышэйшай лігі 14 “у той ці іншай ступені выкарыстоўваюць беларускую мову”.

Гэтае “ў той ці іншай ступені” гучыць вельмі няпэўна. Дык што ў беларускім футболе — па-беларуску? Еўрарадыё вырашыла задаць гэтае пытанне прадстаўнікам клубаў Вышэйшай лігі.

“Не з футбольных клубаў трэба пачынаць беларусізацыю”

У салігорскім “Шахцёры” роднай мовай амаль не карыстаюцца. Перайсці з рускай на беларускую могуць, калі трэба адказаць на афіцыйны запыт, напісаны па-беларуску.

“Па-беларуску ў нас амаль нічога няма, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар ФК “Шахцёр” Віктар Валадзько. — У штодзённым жыцці мы карыстаемся рускай мовай, якая таксама з’яўляецца дзяржаўнай. Прозвішчы гульцоў на футболках мы пішам па-руску. Наш лагатып напісаны па-руску, гэта таварны знак, таму не вельмі добра, калі розныя мовы на футболках. А беларускую мову мы выкарыстоўваем у дзелавой перапісцы, калі да нас прыходзяць звароты па-беларуску”.

У той жа час, па словах Валадзько, у камандзе ёсць гульцы, якія валодаюць беларускай мовай.

“Мікалай Януш у нас размаўляе па-беларуску, дае інтэрв’ю па-беларуску, — дадаюць у “Шахцёры”. — Але ўсе адносіны з заўзятарамі амаль заўсёды вядуцца па-расійску. Не з футбольных клубаў трэба пачынаць беларусізацыю, а з адукацыі”.

Займацца пашырэннем ужывання беларускай мовы ў клубе ў бліжэйшы час не плануюць.

“Гэта справа не толькі спорту, але і ўсёй краіны”

Не размаўляюць паміж сабой па-беларуску і гульцы ФК “Гомель”. У камандзе шмат легіянераў, у асноўным яны выкарыстоўваюць рускую мову. Але прыкметы беларускасці ў “Гомелі” знайсці можна:

“У нас дыктар на стадыёне размаўляе па-беларуску, — кажа Еўрарадыё прадстаўнік ФК “Гомель” Дзмітрый Радзівон. — Прозвішчы гульцоў пішам па-беларуску. Мову ў краіне трэба развіваць: назвы крамаў, рэклама...Тады і людзі пачнуць размаўляць. Пачынаць трэба з маленькіх рэчаў. У першым класе нам матэматыку выкладалі па-беларуску, дык тады і мова ўспрымалася інакш. Гэта справа не толькі спорту, але і ўсёй краіны”.

“Раней беларускай мовы было больш”

Гродзенскі “Нёман” выкарыстоўвае беларускую мову ў сацсетках і ў абвестках на стадыёне. Прозвішчы гульцоў у Гродне таксама пішуць на роднай мове.

“Перакладаем матэрыялы сайта на беларускую, — кажа Еўрарадыё прэс-сакратар Пётр Карнаўх. — Раней на сайце беларускай мовы было больш, але звольніўся адзін супрацоўнік. Цяпер іншы працуе. Пасля таго, як мы больш сталі ўжываць беларускую мову, гульцы таксама сталі часцей ёй карыстацца. Дзесьці жартуюць, дзесьці прозвішчы іх смешна гучаць, таксама жартуюць”.

У гродзенскім клубе лічаць, што не трэба саромецца памылак падчас размоў. Крок за крокам, нават калі гэта будзе “трасянка”, можна пачаць гаварыць на роднай мове.

“Спрабаваў перайсці на беларускую мову — дык мяне ў райцэнтры не разумелі”

З усіх футбольных клубаў, куды звярнулася Еўрарадыё, найбольш сумная сітуацыя з беларускай мовай — у “Віцебску”. Там адказалі коратка: “Нічога ў нас няма па-беларуску”.

“Ніхто ў нас не размаўляе па-беларуску, — паведаміў спецыяліст па працы з заўзятарамі Юрый Буракін. — У нас самы паўночны рэгіён, магчыма, з-за гэтага. Калі ў Мінску, Гродне беларускай карыстаюцца кожны дзень, дык у Віцебску я некалькі чалавек ведаю такіх.

Ведаеце, быў такі момант, калі гадоў пяць таму я сам паспрабаваў перайсці на беларускую мову. Я тады ў музеі ў Бешанковічах працаваў па размеркаванні. Дык мяне ў райцэнтры не разумелі. Калі б я гаварыў “трасянкай” — добра, па-руску — добра. Беларускую проста не разумелі!”

Апроч таго, на думку прадстаўніка футбольнага клуба, беларускай мове трэба пазбавіцца радыкальнага іміджу, які яна мае ў грамадстве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі