Што вядома пра грамадзянку ЗША, якую вызвалілі ў Беларусі

Анастасія Нуфер / facebook.com
Грамадзянка ЗША, якую беларускія ўлады вызвалілі ў дзень выбараў, нарадзілася ў Беларусі, паведамілі Еўрарадыё "Кіберпартызаны". Дзяўчына адвучылася ў Беларусі на педагога, а ў ЗША з'ехала яшчэ ў сярэдзіне 1990-х.
"Рэгулярна прылятала ў Беларусь, па некалькі разоў на год. Трымае свой пансіянат для сабак у штаце Тэхас", — расказалі "Кіберпартызаны".
Там дадалі, што беларуска працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій.
Пра яе затрыманне не было ніякай публічнай інфармацыі. Прычыны затрымання таксама невядомыя: улады Беларусі пра іх не паведамлялі, а Вашынгтон не публікуе імёны затрыманых грамадзян ЗША без згоды іх сваякоў.
Напярэдадні аб вызваленні грамадзянкі ЗША ў сваім твітар-акаўнце напісаў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа.
"Дзякуючы лідарству прэзідэнта ЗША Беларусь толькі што ў аднабаковым парадку вызваліла нявінную амерыканку Анастасію Нуфер, захопленую ў часы Джо Байдэна", — напісаў Рубіа.
Верагодней за ўсё, грамадзянку ЗША затрымалі ў Беларусі гэтай зімой — у снежні мінулага або студзені 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.