Што выгадней для Беларусі: Украіна з ЕС ці з Мытным саюзам?

Украіна рызыкуе не падпісаць з Еўрасаюзам доўгачаканую Дамову аб асацыяцыі, якая можа стаць важным крокам у бок уступлення ў ЕС. Калі гэта здарыцца, Масква з новай сілай пачне цягнуць Кіеў у Мытны саюз. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае палітычны эксперт украінскага Інстытута Еўраатлантычнага супрацоўніцтва Уладзімір Горбач.

Уладзімір Горбач: “Сёння падчас украінска-расійскіх перамоў не ставіцца пытанне аб уваходжанні Украіны ў Мытны саюз ― цяпер кажуць пра іншыя ўмовы “супрацоўніцтва”. Але пасля правалу віленскага саміту гэта пытанне можа ізноў стаць у парадку дня. І тады нашмат слабейшыя пазіцыі будуць ва ўкраінскага кіраўніцтва, чым цяпер, калі ў яго яшчэ ёсць выбар”.

Улады Украіны ўступаць у расійска-беларуска-казахстанскі хаўрус не вельмі хочуць, канстатуе суразмоўца Еўрарадыё. Але пайсці на гэта Кіеву, найхутчэй, давядзецца, каб хоць такім чынам паспрабаваць пазбегнуць эканамічнага крызісу. І гэта не можа падабацца найперш… Беларусі! Бо калі Украіна вырашае адмовіцца ад эканамічных прэферэнцый, якія ёй гарантуе падпісанне Дамовы аб асацыяцыі з ЕС ― зоне свабоднага гандлю, то кампенсаваць ёй страты мусіць Расія.

Уладзімір Горбач: “Беларусі не вельмі патрэбная і не вельмі выгадная Украіна ў Мытным саюзе як канкурэнт за расійскія субсідыі, субвенцыі і гэтак далей. Бо ў выпадку прыняцця Украіны на расійскі баланс Беларусь менш стане атрымліваць ад Расіі”.

Не патрэбны Беларусі і новы канкурэнт на расійскім рынку. Прычым, сцвярджае Уладзімір Горбач, не жадае гэтага і трэці сябра Мытнага саюзу ― Казахстан.

Уладзімір Горбач: “Небяспечны канкурэнт, большы канкурэнт, чым Беларусь, у разы. І Казахстан, дарэчы, таксама не ў захапленні ад з’яўлення Украіны ў Мытным саюзе”.

А вось калі Украіна ўвойдзе ў выніку падпісання адпаведнай дамовы ў зону свабоднага гандлю з ЕС, то Беларусь ад гэтага толькі выйграе. Калі здолее скарыстацца магчымасцю.

Уладзімір Горбач: “Беларусь магла б карыстацца асаблівымі адносінамі з Украінай і працаваць з Еўрапейскім саюзам праз Украіну ― выкарыстоўваючы нашу тэрыторыю, юрысдыкцыю і гэтак далей”.

Калі ўваходжанне Украіны ў Мытны саюз не выгадна ні Беларусі, ні Казахстану, а падпісанне Кіевам Дамовы аб асацыяцыі з ЕС яны могуць скарыстаць сабе на карысць, то, можа, Мінску і Алма-Аце падказаць украінскім уладам правільны накірунак развіцця? Які шлях абярэ Украіна, у Казахстане нікога асабліва не цікавіць, упэўнівае палітолаг казахстанскага Інстытута Азіяцкіх даследаванняў Султан Акімбекаў.

Султан Акімбекаў: “І той, і іншы варыянт нас у прынцыпе задавальняе (падпісанне Украінай Дамовы аб асацыяцыі з ЕС ці ўваходжанне яе ў Мытны саюз. ― заўв. Еўрарадыё) ― мы не глядзім на гэта так, як глядзяць у Расіі ці Беларусі. Мы мяркуем, што калі Украіна падпіша пагадненне ― гэта яе права, яе выбар. І калі Украіна захоча інтэгравацца з Мытным саюзам ― гэта таксама добра. Але апошняе прадугледжвае, што Украіна павінна адпавядаць пэўным параметрам. І гэта немагчыма зрабіць імгненна ― адносіны гэтай краіны з ЕС таксама будуюцца на паэтапным збліжэнні”.

Тым не менш, папярэджвае казахскі палітолаг, калі Мытны саюз вырашыць, што ўваходжанне Украіны ў зону свабоднага гандлю з ЕС нясе эканамічную пагрозу, то Казахстан будзе “дзейнічаць салідарна з рашэннем Еўразійскай эканамічнай камісіі па гэтым пытанні”.

Ці ёсць ва Украіны трэці шлях? Як высвятляецца, Кіеў хацеў бы пайсці не еўрапейскім і не “мытнасаюзаўскім”, а… беларускім шляхам!

Уладзімір Горбач: “Што ўкраінскія ўлады задаволіла б ― найхутчэй, беларускі варыянт. Такая палітычная і эканамічная самаізаляцыя. Пры той розніцы, што ў Беларусі захаваўся даволі аб’ёмны дзяржаўны сектар, якога ва Украіне ўжо няма. Таму прыватныя інтарэсы ўласнікаў будуць моцна супярэчыць такой стратэгіі эканамічнай і палітычнай самаізаляцыі”.

Нагадаем, саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Планавалася, што падчас яго Украіна падпіша Дамову аб асацыяцыі з ЕС пры ўмове, што ўкраінскія ўлады выканаюць шэраг абавязковых патрабаванняў, сярод якіх ― вызваленне былога прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі. Гэты пункт так і застаўся не выкананым. У чацвер, 14 лістапада, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў, што перад законам усе роўныя і ніякіх “эксклюзіўных падыходаў” у рашэнні яе пытання не будзе. На 24 лістапада украінская апазіцыя запланавала акцыю пратэсту з гэтай нагоды.

Фота: glagol.in.ua, www.capital.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі