Шум, сабакі і міліцыя. Што адбываецца ў ПК №22 "Воўчыя Норы"?
Імёны асуджаных, за якіх змагаюцца "Маці 328". Фота: Еўрарадыё.
Увечары 5 лістапада група "Беларуская турма" паведаміла пра бунт ў ПК-22, больш вядомай як "Воўчыя Норы". Паводле інфармацыі групы, гэта здарылася ў ноч з 3 на 4 лістапада. Бунт падняўся ва ўсіх атрадах, былі заблакаваныя дзверы, а некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі атрымалі траўмы.
У калонію № 22 адпраўляюць адбываць пакаранне тых, хто ў першы раз трапіўся на наркотыках. І менавіта там знаходзяцца дзеці многіх "Маці-328".
"Учора ўвечары мне патэлефанавала адна мама, другая мама, сястра аднаго асуджанага і сказалі: "У нас там робіцца нешта вельмі сур'ёзнае". Мамы, якія былі на доўгіх спатканнях са сваімі дзецьмі, яны ўсё гэта чулі, шум, раздаваліся нейкія гукі, ноччу прыязджалі машыны. Пакой для доўгіх спатканняў — гэта асобнае памяшканне, але там ёсць двор, увечары яны сядзелі на вуліцы і чулі", — распавядае актывістка руху "Маці-328" Ларыса Жыгар.
Жанчына ўпэўненая, што ў зняволеных былі прычыны пайсці супраць адміністрацыі калоніі. Паводле інфармацыі групы "Беларуская турма", адзіным іх патрабаванняў была змена кіраўніцтва калоніі.
"Я думаю, што МУС не патрэбныя ўсе гэтыя чуткі, таму што гэта нясе наступствы не толькі для супрацоўнікаў калоніі. Гэта ж надзвычайная сітуацыя рэспубліканскага маштабу, — кажа Ларыса Жыгар. — Бо калі падняліся асуджаныя людзі, якія ў калоніі не першы год сядзяць, там жа ёсць такія, якія і па 6, і па 8 гадоў ужо адсядзелі, а ім яшчэ трэба будзе сядзець".
"У ПК-22 парушаюцца правы чалавека. За апошнія месяцы [супрацоўнікі ПК] сталі пісаць вельмі шмат парушэнняў, рапартаў практычна ні за што, за нязначныя парушэнні. Напрыклад, недзе не так зашпілены гузік, неахайны выгляд. Гэта ўсё ідзе як парушэнне правілаў унутранага распарадку. Яны імгненна пішуць. Разумееце, за два апошнія месяцы 200 парушэнняў! Раней гэтага не было, можа, 20-30 парушэнняў за месяц", — паведаміла яна.
Таксама, па словах Ларысы, менавіта ў гэтай калоніі асуджаныя рэдка атрымліваюць змякчэнне рэжыму (напрыклад, з узмоцненага на агульны) і практычна не атрымліваюць умоўна-датэрміновае вызваленне. Гэта таксама магло стаць прычынай для бунту асуджаных, лічыць яна:
"8 снежня мой сын Максім, які знаходзіцца ў гэтай калоніі, павінен ісці на камісію па ўмоўна-датэрміновым вызваленні. У красавіку ў яго павінна была быць замена неадбытай часткi пакарання [больш мяккай. — Еўрарадыё], але яе адклалі. Сказалі, што ў яго вялікі астатак тэрміну, што ён не стаў на шлях выпраўлення. Праўда, цяпер ужо і не ведаю пасля гэтай сітуацыі, ці стане ён на шлях выпраўлення. Таму што, калі паднялася ўся калонія, то не думаю, што мой сын быў у баку".
Калі яна ў апошні раз размаўляла з сынам, ён сказаў ёй: "Мама, у мяне ўсё выдатна". Гутарка была нядоўгай, таму што ў чарзе на званок чакалі іншыя асуджаныя хлопцы.
"Беларуская турма": ДВП паабяцаў прыбраць кіраўніцтва калоніі
Еўрарадыё звязалася з адміністратарам групы "Беларуская турма". Ён распавёў, што інфармацыя аб сітуацыі ў калоніі паступіла адразу ад некалькіх сваякоў вязняў:
"Інфармацыя нас прыйшла з калоніі. Жанчына знаходзілася на доўгім спатканні ў калоніі ў той час, калі пачаўся бунт, і сама чула як усё адбывалася, бо самі разумееце, які быў шум і колькі было міліцыі, сабак і гэтак далей. Асуджаныя патрабавалі прыбраць кіраўніцтва, таму што там з боку адміністрацыі занадта шмат неправамерных дзеянняў".
Па словах Дзмітрыя, начальніка калоніі яшчэ не адхілілі ад працы, але яго "намесніка па рэжымна-аператыўнай працы і галоўнага аператыўніка ў калоніі пакуль замяняюць з упраўлення ДВП".
"ДВП паабяцаў прыбраць кіраўніцтва калоніі. Вось такія навіны. Маці пачалі з самай раніцы пасля публікацыі атакаваць і ДВП, і калонію. Там, натуральна, распавядаюць, што ўсё нібыта добра", — падсумоўвае Дзмітрый.
Але ўсё ж у адміністрацыі павінен быць варыянт на выпадак незадаволенасці вязняў? Дзмітрый прыводзіць прыклад з уласнага жыцця:
"Калі я знаходзіўся ў жодзінскай турме, мы месяц галадалі, а ДВП ўсё аспрэчваў. Гэта ўсё ж такі закрытая ўстанова. Вось, да прыкладу, глядзіце. У калоніі 800 чалавек. Супрацоўнікаў адміністрацыі ў жылой зоне ну максімум 10. Уявіце, калі падобную масу пастаянна ўшчамляць і даводзіць да адчаю. Падобная ўспышка можа ўзнікнуць стыхійна, без нейкага лідара ці арганізацыі".
Праваабаронца Бандарэнка: Ва ўсеагульны бунт у "Ваўчыных норах" верыцца слаба
Іншага меркавання прытрымліваецца праваабаронца, кіраўнік "Платформы" Андрэй Бандарэнка. Ён адбываў пакаранне ў ПК-2 ў Бабруйску. 12 жніўня 2014 года суд прызнаў Бандарэнку вінаватым у хуліганстве і асудзіў яго на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
“Папраўчы працэс арганізаваны такім чынам, што кантроль за асуджанымі ускладаецца на тых асуджаных, якія займаюць такія пасады як загадчык гаспадаркі — гэта, груба кажучы, памочнік начальніка атрадаў у калоніі, — тлумачыць праваабаронца. — Тэорыя бунтаў у сучаснай Беларусі вельмі малаверагодная. Тое, што ў ПК-22 ўжо былі праблемы, мы пісалі. Мы адсочвалі тое, што сітуацыя ў калоніі са зняволенымі напальвалася. Але каб гэта ўсё дайшло да бунту, прычым адразу адначасова ва ўсіх атрадах, з усімі асуджанымі... Верыцца ў гэта слаба”.
Сувязь са зняволенымі ў "Ваўчыных норах" у кастрычніку рэзка пагоршылася
Яшчэ адна з "Маці-328" Ліяна Шуба распавядае, што за апошні месяц сувязь з сынам Аляксеем, які таксама адбывае пакаранне ў "Ваўчыных норах", пагоршылася.
"Званкоў і лістоў ад яго не было, таму не магу сказаць, што там адбываецца. У нас званкі па раскладзе, раз у 8-9 дзён. Ён павінен патэлефанаваць 9 лістапада, спадзяюся, ён выйдзе на сувязь і што-небудзь скажа. А ўся перапіска праходзіць праз цэнзара, і лісты з лішняй з пункту гледжання цэнзуры інфармацыяй проста не выходзяць з калоніі. У нас месяц не было цэнзара, таму ліст ад сына я атрымала толькі праз месяц. Таму я цяпер у нейкім інфармацыйным вакууме, мяне гэта напружвае. 1 лістапада ў сына па раскладзе быў званок, але ён не патэлефанаваў, і я не ведаю, у чым прычына. Таму такая трывога".
МУС: Не інфармацыйная "бомба", а звыклы фэйк
Ні Дэпартамент выканання пакаранняў, ні яго ўпраўленне па Брэсцкай вобласці не пацвярджаюць інфармацыю. А МУС на старонцы ў Facebook апублікавала паведамленне "Не інфармацыйная "бомба", а звыклы фэйк".
"2018/11/03 ў 22 гадзіны група асуджаных не выканала каманду "адбой" і знаходзілася ў лакальным участку. Пра дадзенае парушэнне рэжыму ўтрымання было паведамлена кіраўніцтву ўстановы. Пасля гутаркі асуджаныя выканалі законныя патрабаванні адміністрацыі. Па гэтым факце праводзіцца праверка. Установа функцыянуе ў штатным рэжыме", — паведаміла ведамства.