Сілавікі правялі затрыманні ў мінскай прыватнай кінастудыі
Акцёры на здымачнай пляцоўцы "Russian Gate"
Сілавікі прыходзілі ў мінскую прыватную кінастудыю "Белроскино", якая займаецца вытворчасцю расійскага прапагандысцкага праекта "Russian Gate". Адбылося гэта яшчэ ў сярэдзіне студзеня. Пра гэта паведамляе @holybelawood са спасылкай на ўласныя крыніцы. Па яго звестках, затрыманы Павел Грыцэнка, адказны за фінансы кампаніі. Таксама сілавікі забралі некалькіх супрацоўнікаў (на аднаго з іх распачалі крымінальную справу) і акцёраў масавых сцэн.
Па некаторых звестках, сілавікі атрымалі данос і адрэагавалі на яго. Затрыманыя атрымалі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "хуліганства", адбывалі тэрмін на Акрэсціна і ў Жодзіне, і многія ўжо выйшлі на волю.
Пра тое, што ў Беларусі здымаюць прапагандысцкі серыял "Russian Gate", стала вядома летам мінулага года. У гэтым расійскім праекце "адлюстраванае крамлёўскае бачанне актуальных геапалітычных працэсаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.