Скандальны літоўскі палітык збіраецца прасіць прытулку ў Беларусі
Былы мэр Каўнаса Вітаўтас Шустаўскас 27 ліпеня быў затрыманы за хуліганскія паводзіны на шэсці прадстаўнікоў сэкс-меншасцяў.
Як інфармуе сайт delfi.lt, літоўскі палітык заявіў, што не хоча больш жыць у Літве. Ён думае над тым, каб з'ехаць у Беларусь. Цяпер Шустаўскас рыхтуецца да гэтага кроку і высвятляе працэдурныя пытанні.
"У мяне там [у Беларусі] ёсць знаёмыя, сваякі. Я больш не магу жыць у Літве — толькі штосьці закрану, адразу ж дасудовае расследаванне, баішся ваду піць, раптам атруцяць", — кажа палітык. Паводле яго слоў, за апошнія 20 гадоў у яго адносінах распачалі 56 спраў, 30 сутак ён правёў за кратамі, заплаціў вялізныя штрафы.
У выпадку атрымання палітычнага прытулку ў Беларусі, Вітаўтас Шустаўскас мае намер захаваць літоўскае грамадзянства.
Дарэчы, год таму ён заяўляў, што гатовы папрасіць прытулку ў ЗША.
Фота — delfi.lt