Следчы камітэт пацвердзіў затрыманне мінскага чыноўніка Андрэя Дамарацкага

Следчы камітэт пацвердзіў затрыманне мінскага чыноўніка Андрэя Дамарацкага

Следчы камітэт пацвердзіў затрыманне былога намесніка кіраўніка сталіцы, а цяпер начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага, піша tut.by. Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова ўдакладніла, што чыноўніка падазраюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Па звестках следства, яго дзеянні прычынілі істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам.

Справу на Дамарацкага пачало ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску на падставе матэрыялаў, якія паступілі з УБЭП ГУУС.

"Пракурорам санкцыянавана ўжыванне да затрыманага меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Праводзіцца расследаванне", — дадала Ганчарова.

Пра затрыманне Дамарацкага стала вядома 8 траўня з неафіцыйных крыніцаў. Яны паведамляі, што само затрыманне адбылося 7 траўня.

Андрэй Дамарацкі да верасня 2017 працаваў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама і курыраваў гандаль. Яго пасаду скарацілі падчас аптымізацыі дзяржапарату. Пасля гэтага Дамарацкі ўзначаліў галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. 

Дарэчы, папярэдняга начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Сяргея Барысевіча КДБ затрымаў у красавіку 2017 года па падазрэнні ў карупцыі. Суда над ім яшчэ не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі