Следчы камітэт: у Беларусі не было здарэнняў, звязаных з гульнёй "Мома"
Мома/instagram.com/j_s_rock/
Пасля трагедыі ў Мінску, калі з акна шматпавярховіка выпала пяцікласніца, у бацькоўскіх вайбер-чатах сталі з'яўляцца панічныя паведамленні. Практычна ідэнтычныя па змесце, яны расказвалі пра датычнасць да смерці дзяўчынкі нейкай гульні "Мома", якая вірусна распаўсюджваецца ў мэсэнджарах.
Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч расказаў Еўрарадыё, што не варта паддавацца на такога кшталту інфармацыйныя ўкіды:
"Усім, хто распаўсюджвае і чытае гэтыя чуткі ў розных чатах, я рэкамендую толькі адно: не верыць гэтым чуткам, якія там распаўсюджваюцца. Бо хто-небудзь з дзяцей чытае гэтыя бацькоўскія чаты, і зноў жа атрымлівае інфармацыю, што нейкая гульня ў нас нібыта прысутнічае. А з нагоды падобных гульняў я скажу так: дзеці даўным-даўно ўсё прачыталі, усё ведаюць, а бацькі "біць па хвастах" толькі пачынаюць".
Што тычыцца здарэння з пяцікласніцай, то пакуль следства не скончылася і казаць пра прычыны таго, што адбылося, рана. Прадстаўнік СК падкрэслівае: на сёння ніякіх трагічных выпадкаў, звязаных з гульнёй "Мома", у Беларусі не зарэгістравана.
"Следчыя дзеянні і працэсуальныя мерапрыемствы па той трагічнай нагодзе яшчэ працягваюцца. Следчыя разбіраюцца ва ўсіх акалічнасцях здарэння, — тлумачыць Сяргей Кабаковіч. — На тэрыторыі Беларусі, па меншай меры, на сённяшні час, якіх-небудзь выпадкаў, у тым ліку трагічных, звязаных з так званай гульнёй "Мома", не зарэгістравана".
"Бацькам трэба ўдумліва і з разуменнем ставіцца да таго, што дзіця робіць у сацсетках"
Людзям, якія распаўсюджваюць паведамленні пра датычнасці гульні "Мома" да гібелі школьніцы, афіцыйны прадстаўнік СК парэкамендаваў думаць, што яны робяць:
"Людзі якія распаўсюджваюць гэтыя чуткі, гэтую ахінею, павінны быць асцярожнымі з такімі рэчамі, таму што гэта выклікае чарговы вал. Як ужо было пра цукеркі з псіхатропамі, якія нібыта распаўсюджвалі. Або пра шчанюкоў, якіх выкідвалі з машыны, каб нібыта выкрадаць дзяцей на вуліцы.
Мы разумеем, што бацькі такім чынам хочуць прыцягнуць увагу грамадскасці, каб людзі больш сачылі за сваімі дзецьмі", — кажа ён, але рэкамендуе бацькам больш звяртаць увагі на тое, што робяць іх дзеці ў сацсетках, прысутнічаць там і выбудоўваць даверлівыя адносіны са сваім дзіцём.
"Рэкамендацыі простыя. Першае: не верце чуткам, якія распаўсюджваюцца. Другое: такіх трагічных выпадкаў, звязаных нібыта з распаўсюджваннем гульні, у нас не зарэгістравана. Трэцяе: ідзіце разам з дзецьмі ў сацыяльныя сеткі, ведайце, што робіць там дзіця. Бацькам трэба ўдумліва і з разуменнем ставіцца да таго, што дзіця робіць у сацсетках. Гэта павінна быць на падставе даверу да бацькоў, і тады ўсё будзе ў парадку. Чацвёртае: навучыцца самім бацькам паводзіць сябе правільна ў сацсетках. Бацькі часцяком самі ў сацсетках знаходзяцца дзеля забавы, і вельмі часта не ўмеюць сябе там паводзіць. А потым мы глядзім на нашых дзяцей. Яны ж бяруць прыклад з бацькоў.
Больш увагі трэба звяртаць не на нейкія нібыта гульні, а на тое, з кім дзіця кантактуе. Ёсць маса іншых выпадкаў. Той жа грумінг [Грумінг - гэта ўсталяванне сяброўскага і эмацыйнага кантакту з дзіцем у Інтэрнэце для яго далейшай сэксуальнай эксплуатацыі]. Абразы і цкаванне дзяцей у сацсетках, у пабліках і чатах, дзе яны кантактуюць".
У Momo гуляюць праз мэсэнджары, напрыклад Viber або WhatsApp. Страшная японская лялька дадаецца да дзіцяці ў кантакты і загадвае пісаць ёй, а інакш пагражае праклёнамі. Momo можа тэлефанаваць і перадаваць старшныя гукі, патрабаваць патэлефанаваць ёй і дасылаць малюнкі і відэа са сцэнамі гвалту.
Мексіканская паліцыя прыйшла да высновы, што гэта ўсё робіцца, каб скрасці персанальныя дадзеныя ўладальніка смартфона, у Расіі гульню звязалі з сумна вядомым "Сінім кітом". А ў Беларусі пра Momo да нядаўняга часу не чулі.