СМІ: Алег Сянцоў трапіў у рэанімацыю і выходзіць з галадоўкі
Украінскі рэжысёр і палітвязень Алег Сянцоў, які знаходзіцца ў расійскай турме, трапіў у рэанімацыю лякарні горада Лабытнангі і выходзіць з галадоўкі. Пра гэта паведамляе “24-ы канал” са спасылкай на Наталлю Каплан, стрыечную сястру Сянцова.
Паводле Каплан, галадоўка прывяла да незваротных наступстваў для яго здароўя, у тым ліку ішэміі і арытміі сэрца, праблемаў з печанню, страўнікам ды іншымі органамі.
Афіцыйныя крыніцы пакуль не пацвярджаюць інфармацыю, якую распаўсюдзілі СМІ.Раней Сянцоў катэгарычна адмаўляўся ад размяшчэння ў рэанімацыі.
У жніўні 2015 года Алег Сянцоў атрымаў 20 гадоў калоніі па абвінавачанні ў тэрарызме. Ён быў у Крыме і быў украінскім грамадзянінам, але расійскія ўлады судзілі яго і накіравалі ў калонію як грамадзяніна Расіі.
14 траўня гэтага года Сянцоў абвясціў галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх палітвязняў з расійскіх турмаў.
6 кастрычніка — пасля 145 дзён галадоўкі — у пісьмовай заяве, якую ён перадаў праз адваката, Сянцоў заявіў, што спыняе галадоўку ў сувязі з пагрозай прымусовага кармлення.